Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 мая 2019, 15:23

Беларусь назаве суму ўрону ад паступлення забруджанай нафты пасля рэвізіі НПЗ - Лукашэнка

11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь назаве суму ўрону ад паступлення забруджанай нафты ў нафтаправод "Дружба" пасля рэвізіі нафтаперапрацоўчых заводаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вельмі негатыўна ацэньвае гэта здарэнне. "Расхлябанасць і бязладнасць на тэрыторыі Расіі (а гэта тысячы кіламетраў) - і велізарная труба была забруджана ядавітай нафтай, - сказаў Прэзідэнт. - За тыдзень нават трубу, па якой прапампоўваецца нафта, на 4-5 мм, як кажуць спецыялісты, з'ядае".

Што датычыцца канкрэтнай сумы ўрону, яна пакуль невядомая, але відавочна, што будзе вельмі вялікая. "Сказаць гэту суму я цяпер не магу. Яна канчаткова будзе вядома пасля таго, як мы прарэвізуем тое, што здарылася на НПЗ, а цяпер мы лічым страты", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Для падліку страт неабходна ацаніць ступень пашкоджання абсталявання. "Цяпер мы ацэньваем урон. Звычайна на месяц-паўтара мы заводы спыняем папераменна і пачынаем іх кожны год чысціць. Рэвізію правядзём, і ўжо канчатковая будзе ацэнка", - адзначыў Прэзідэнт.

Пры падліку ўрону будуць улічвацца некалькі складнікаў. "Гэта велізарны ўрон, нанесены нафтаправоду, самому абсталяванню на нафтаправодах (гэта ж помпы на саміх станцыях і ўсё іншае) і на НПЗ, - пракаменціраваў кіраўнік дзяржавы. - І гэта велізарны ўрон, які быў нанесены краіне. Мы недаатрымалі пэўны прыбытак, валютную выручку, транзіт - мы велізарныя грошы страцілі. Гэта сотні мільёнаў долараў. Журналісты часта гэту суму называюць, яны недалёкія ад ісціны".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па яго распараджэнні Беларусь планавала пачаць рамонт некалькіх участкаў нафтаправода "Дружба" (на ім налічваецца каля 10-12 аварыйных участкаў). Аднак пачатак рамонтных работ адкладваўся, каб не спыняць расійскі транзіт. "І дапрацаваліся да таго, што далей цягнуць няма куды. Але я чарговы раз, калі гразь гэта пайшла, пайшла ядавітая нафта, забараніў спыняць участкі нафтаправода, каб яшчэ большага ўрону Расіі не нанесці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мы прыпынілі ўсякія рамонты, каб не ўскладніць сітуацыю з пастаўкамі і транзітам нафты цераз Беларусь у Заходнюю Еўропу. Расія не можа поўнасцю замяніць гэту артэрыю. Некаторыя гавораць: ды мы цераз Ленінград будзем пастаўляць... Ніхто нікому не забараняе. Але такія аб'ёмы немагчыма паставіць. І ў што гэта абыдзецца? Ніхто не кажа, што мы закрыем транзіт. Нам таксама гэта выгадна", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пытанне канкрэтнай сумы і механізма кампенсацыі страт беларускаму боку ад пастаўкі няякаснай расійскай нафты з Прэзідэнтам Расіі не абмяркоўвалася. Тым не менш Уладзімір Пуцін у публічных выступленнях прызнаваў наяўнасць урону. "Ён разумее, што трэба ўрон кампенсаваць. Ён сам сказаў, што гэта велізарныя страты для Расіі, іміджавыя страты. А ў цэнтры гэтага ўрону ляжыць Беларусь. Мы больш за ўсё страцілі ад гэтага. Ён публічна прызнаў, што гэта велізарны ўрон. Які? Спецыялісты палічаць. Думаю, расіяне не павінны гэта аспрэчваць. Што, мы з расіянамі пойдзем судзіцца па гэтым пытанні? Думаю, мы разбяромся, хто каму што вінен", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Тэма паступлення ў нафтаправод забруджанай нафты закраналася ў час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Пекіне. "Мы размаўлялі ў Пекіне з Пуціным аб тым, што вінаватыя павінны адказаць. І ён малайчына, ён вельмі жорстка на гэта адрэагаваў, як ніколі жорстка, - сказаў беларускі лідар. - Ён запатрабаваў з урада, з міністраў і даручыў праваахоўным органам і нават ФСБ падключыў (што рэдка бывае) для разборак. І трэба сказаць, што Бортнікаў (дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў. - Заўвага БЕЛТА) са сваімі калегамі вельмі хутка знайшоў вінаватых, і яны за гэта павінны адказаць".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не мае намеру спекуляваць на гэтым здарэнні і ўвязваць пытанне кампенсацыі з урэгуляваннем сітуацыі вакол падатковага манеўру Расіі і яго наступстваў для рэспублікі. "Гэта не мае ніякіх адносін да падатковага манеўру. Адбылася бяда. Спецыяльна гэта зроблена, наўмысна? Няхай яны (у Расіі. - Заўвага БЕЛТА) разбіраюцца ў сябе самі. На нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, як мне дакладваюць, паступае ўжо чыстая нафта. Частку ядавітай нафты мы адпампавалі ў свае сховішчы, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Яе трэба адсюль расіянам вывозіць, або мы знойдзем які-небудзь іншы варыянт выкарыстання гэтай нафты. Эпапея для Беларусі, я так разумею, падыходзіць да завяршэння, але для Еўропы яна яшчэ прадаўжаецца".

Як паведамлялася, "Белнафтахім" 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба". Колькасць хлорарганічных злучэнняў у нафце перасягала ў дзясяткі разоў гранічныя значэнні па стандарце. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты. Нафта, якая адпавядае стандарту, паступіла на граніцу Беларусі па нафтаправодзе "Дружба" 2 мая, 4 мая - на лінейную вытворча-дыспетчарскую станцыю "Мазыр".

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Расіі Святлана Пятрэнка паведаміла, што, паводле версіі следства, са жніўня 2018-га па красавік 2019 года шасцёра падазроных, сярод якіх генеральны дырэктар ТАА "Нафтаперавалка" Святлана Балабай, намеснік генеральнага дырэктара ТАА "Нафтаперавалка" Рустам Хуснутдзінаў, генеральны дырэктар ТАА "Петранафта Актыў" Уладзімір Жогалеў, намеснік дырэктара ТАА "Магістраль" Сяргей Баландзін, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі злачыннай суполкі, учынілі шматразовыя крадзяжы нафты на суму не менш як 1 млн расійскіх рублёў. Акрамя таго, у сакавіку-красавіку 2019 года, каб утаіць крадзяжы, некалькімі падазронымі ў вузел зліву нафты, размешчаны ля сяла Нікалаеўка Волжскага раёна, была пастаўлена нафта, якая не адпавядае патрабаванням ДАСТа, з дабаўленнем у яе састаў хлорзмяшчальных злучэнняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі