Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 чэрвеня 2019, 12:29

Беларусь настроена на сістэмную і доўгачасовую работу з Таджыкістанам - Лукашэнка

28 чэрвеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь настроена на сістэмную і доўгачасовую работу з Таджыкістанам у эканамічнай сферы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нашым партнёрстве ўжо ёсць магістральныя напрамкі, якія вызначаюць характар і надаюць ім трываласць. Беларусь настроена на сістэмную і доўгачасовую работу ў эканамічнай сферы. Тавараабарот пад $40 млн, які дасягнуты па выніках 2018 года, абсалютна не адпавядае нашаму ўзаемнаму патэнцыялу. Пра гэта мы толькі што гаварылі. Спадзяёмся, што тэндэнцыя падзення аб'ёмаў гандлю мае часовы характар. Прысутныя тут члены дэлегацыі абавязаны яе выправіць. Нядобра пры нашых такіх адносінах мець яшчэ і падзенне ў тавараабароце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў некалькі напрамкаў, дзе, як ён лічыць, Беларусь і Таджыкістан павінны паглыбіць супрацоўніцтва.

Развіццё прамысловай кааперацыі

Паводле яго слоў, падабенства поглядаў на развіццё рэальнага сектара заклала аснову для супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі. Ужо другі год у Гісары працуе сумесная зборачная вытворчасць трактароў МТЗ, пры гэтым беларускі бок гатовы да яшчэ больш актыўнага партнёрства, напрыклад, пашырэння наменклатуры выпускаемай тэхнікі, адаптаванай пад патрэбы аграрнай галіны Таджыкістана. "Гэтаму будзе садзейнічаць прыняцце рашэння аб вызваленні сумесна выпускаемай прадукцыі ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць", - заўважыў Прэзідэнт.

Далейшыя перспектывы ён таксама бачыць у пастаўках беларускіх грузавых аўтамабіляў, дарожна-будаўнічай і пасажырскай тэхнікі, абнаўленні парку чыгуначных вагонаў, якія адпавядаюць таджыкскім кліматычным і эксплуатацыйным умовам. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што жыхары Душанбэ змаглі па заслугах ацаніць беларускія тралейбусы. Аднак тут бакі маюць невялікія рознагалоссі: Таджыкістан прапануе знізіць кошт тэхнікі, што для беларускага прадпрыемства не вельмі выгадна. Прэзідэнт лічыць, што гэта пытанне можна ўрэгуляваць. "Гэта вельмі важна, гэта першыя крокі. Няхай паўтары сотні (тралейбусаў. - Заўвага БЕЛТА), але гэта добры аб'ём. Трэба дамаўляцца і пастаўляць, калі ёсць попыт на нашу прадукцыю, асабліва тралейбусы ў Душанбэ", - сказаў ён.

"Цяпер крызісныя з'явы ў свеце ўносяць карэктывы ў развіццё эканамічных адносін. Таму важна шукаць новыя формы і метады работы, таксама з улікам існуючых у Беларусі інструментаў падтрымкі экспарту", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы

Паралельна з праектамі ў машынабудаванні неабходна пашыраць дыялог у сельскай гаспадарцы, уключаючы аграрную адукацыю, лічыць кіраўнік дзяржавы. На яго думку, Беларусі і Таджыкістану трэба працаваць над павелічэннем узаемных закупак прадуктаў харчавання і прадукцыі лёгкай прамысловасці, развіваць супрацоўніцтва ў галіне племянной жывёлагадоўлі.

"Вітаем пачатак работы ў Душанбэ сумеснай кампаніі па вытворчасці малочных прадуктаў. Беларускі вопыт у гэтай галіне, а таксама тэхналогіі і сыравіна даюць магчымасць стварыць унікальныя для Таджыкістана прадпрыемствы. Яны будуць выпускаць экалагічную якасную прадукцыю, адкрыюць магчымасці для нарошчвання экспарту ў Кітай, Афганістан, іншыя краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Узаемадзеянне ў навуцы, адукацыі і культуры

Прэзідэнт звярнуў увагу, што за кароткі перыяд Беларусь і Таджыкістан дасягнулі пэўных поспехаў у навукова-тэхнічнай сферы, дадатковы імпульс гэтаму надае дзейнасць сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. Дынамічна развіваюцца і адносіны ў гуманітарнай сферы. Цяпер у беларускіх ВНУ навучаюцца больш за 500 таджыкскіх грамадзян, а дзякуючы стварэнню пяці сумесных факультэтаў сёння можна атрымліваць беларускую адукацыю і ў Таджыкістане.

У той жа час таджыкскае кіраўніцтва хоча пашырыць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы адукацыі. Перспектыўным для яго бачыцца стварэнне ў Таджыкістане філіялаў беларускіх ВНУ, адкрыццё новых сумесных факультэтаў і нават устаноў вышэйшай адукацыі. "Трэба дапамагчы закласці аснову. Як сказаў Эмамалі Шарыпавіч, няхай адразу тысяча, паўтары тысячы будзе студэнтаў, з малога трэба пачынаць. Думаю, трэба вывучыць гэту тэму і падтрымаць нашых таджыкскіх сяброў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок таксама гатовы абменьвацца вопытам прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі кадраў, стварэння сеткі неабходных цэнтраў, аказваць кансультацыйныя паслугі ў сферы развіцця адукацыйных праграм.

Асаблівае значэнне Беларусь надае развіццю адносін з Таджыкістанам у сферы культуры. "Мы чакаем таджыкскіх майстроў культуры і мастацтва ў сябе ў гэтым годзе ў рамках дзён культуры. Гэта ўжо існуючая традыцыя з'яўляецца важным фактарам умацавання дружалюбных адносін паміж народамі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі