Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 верасня 2022, 14:43

Беларусь на шляху ў ШАС. Аб чым гаварыў Лукашэнка на гістарычным для краіны саміце

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС у Самаркандзе

Паважаныя калегі! Сябры!

Перш за ўсё дзякую ўзбекскаму старшынству за той прыём у багатым сваёй гісторыяй і культурай Самаркандзе, а таксама за высокі ўзровень арганізацыі сёлетняга саміту.

Прытрымліваючыся базавых мэт і прынцыпаў, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва прадастаўляе рэальную пляцоўку для раўнапраўнага, паважлівага дыялогу. Ва ўмовах кардынальных змяненняў у глабальным светаўладкаванні і санкцыйных войнаў, развязаных Захадам, тут выпрацоўваюцца цывілізаваныя падыходы да вырашэння актуальных міжнародных і рэгіянальных пытанняў.

Перакананы, "шанхайскі дух" і ўсебаковае супрацоўніцтва могуць стаць моцным фундаментам для новай архітэктуры свету.

Вельмі важна, што ШАС аб'ядноўвае дзяржавы-аднадумцы, якія абапіраюцца на прынцып поліцэнтрычнай мадэлі і рашуча процістаяць спробам асобных краін і блокаў захаваць аднапалярны свет. Вынік спроб устанавіць такі "парадак" у свеце - вельмі жорсткі палітычны і эканамічны крызіс.

У гэтых умовах умацаванне і пашырэнне Арганізацыі набывае асаблівае гучанне.

Беларусь з 2010 года з'яўляецца партнёрам па дыялогу, а з 2015 года - наглядальнікам у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У нас было дастаткова часу, каб супаставіць мэты і задачы арганізацыі з інтарэсамі сваёй дзяржавы, ацаніць напружаны і канструктыўны характар яе работы, а таксама пераканацца ва ўласных сілах і магчымасцях.

Мы вельмі ўдзячныя за аднагалосную падтрымку ў пытанні атрымання статусу паўнапраўнага члена.

З улікам стратэгічна важнага геаграфічнага палажэння мы здольны арганічна дапоўніць структуру Арганізацыі. Можам прапанаваць свае транзітны, прамысловы, навуковы патэнцыял, вопыт міратворчай дзейнасці і шматбаковай дыпламатыі.

Прыярытэты Беларусі ў ШАС нязменныя - гэта эфектыўнае супрацоўніцтва з партнёрамі па ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі, інтэнсіўным развіцці эканамічнага ўзаемадзеяння, паглыбленні гуманітарных сувязей.

Асобна хацеў бы вылучыць наступнае.

Першае. Сёння на парадку дня - каардынацыя сумесных дзеянняў і выпрацоўка калектыўнага адказу на новыя выклікі і пагрозы ў эканоміцы. Мы выступаем за развіццё ўзаемазвязанасці, стварэнне камбінаваных зялёных калідораў і далейшае ўкараненне сістэмы інтэграванага кіравання транспартнымі патокамі з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій.

Перакананы, што надыходзіць спрыяльны час для лагістычных і інфраструктурных праектаў, якія ўжо стартавалі і звязваюць Еўропу з Азіяй, уключаючы рэалізацыю ініцыятывы "Новы Еўразійскі сухапутны мост".

Другое. За 20-гадовую гісторыю Арганізацыяй шмат зроблена па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця гандлю і інвестыцый. Беларусь бачыць вялікі патэнцыял ШАС у плане стымулявання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Найбольш запатрабаваныя напрамкі, на нашу думку, - гэта прамысловая і тэхналагічная кааперацыя; лічбавая трансфармацыя і штучны інтэлект; зялёная эканоміка і кліматычная адаптацыя; зняцце неабгрунтаваных гандлёвых бар'ераў.

Гэта дасць магчымасць забяспечыць спалучэнне нацыянальных стратэгій і доўгатэрміновых планаў стабільнага і паскоранага развіцця.

Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва ў сферы мірнага атама, а таксама ў галіне прымянення розных эканамічна эфектыўных і экалагічна чыстых тэхналогій.

Трэцяе. Сёння трэба па-новаму глянуць на стан супрацоўніцтва ў банкаўскай і фінансавай сферах. Незаконныя санкцыі, адключэнне ад міжнародных разлікаў, іншыя нелегітымныя абмежаванні вядуць да неабходнасці збліжэння плацежных сістэм, павелічэння долі нацыянальных валют у гандлі, а таксама стварэння ўласных фінансавых механізмаў у рамках ШАС. Гэты падыход дасць не толькі свабоду выбару, але і свабоду дзеянняў.

Чацвёртае. Беларусь традыцыйна моцная ў пытаннях харчовай бяспекі. Па шэрагу напрамкаў сферы АПК беларускімі аграрыямі дасягнуты вынікі сусветнага ўзроўню, а якасць нашай прадукцыі вядома ва ўсіх краінах нашай Арганізацыі і не толькі. Мы гатовы актыўна падключыцца да сумеснай работы па забеспячэнні харчовай бяспекі нашай сям'і - сям'і ШАС, уключаючы супрацоўніцтва ў сферах разумнай сельскай гаспадаркі, аграінавацый, тэхналогій дакладнага земляробства і рэсурсазберагальных тэхналогій.

Пятае. Мінск таксама выступае за пашырэнне міжнароднага ўзаемадзеяння і развіццё супрацоўніцтва ШАС з іншымі рэгіянальнымі структурамі, такімі як АДКБ, СНД, ЕАЭС, што ў канчатковым выніку гэта можа стварыць фундамент для далейшага ўмацавання еўразійскага партнёрства на аснове канцэпцыі "інтэграцыя інтэграцый".

Шостае. Надаём важнае значэнне гуманітарнаму вымярэнню ШАС. Асаблівае месца займае ўзаемадзеянне па развіцці традыцыйнай і інавацыйнай медыцыны, у тым ліку тэлемедыцыны, вытворчасці лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Аб чым тут гаварыў Прэм'ер Індыі.

Асобна хацеў бы сказаць пра спорт (Прэзідэнт Расіі вельмі выразна абазначыў гэту тэму). Спорт прызначаны аб'ядноўваць краіны і народы. Цяпер, на жаль, ён таксама масіравана палітызуецца Захадам. У мэтах павышэння аўтарытэту дзяржаў-членаў і канкурэнтаздольнасці спартсменаў на сусветных арэнах прапануем разгледзець магчымасці правядзення ў рамках ШАС комплексных міжнародных спаборніцтваў па летніх алімпійскіх відах спорту ў 2024 годзе і па зімовых - у 2026-м.

Сёмае. Беларусь гатова канструктыўна супрацоўнічаць па пытаннях процідзеяння тэрарызму, сепаратызму, экстрэмізму, незаконнаму абароту наркотыкаў, зброі, ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў, арганізаванай злачыннасці і нелегальнай міграцыі.

Я абсалютна падтрымліваю выказанае тут Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам меркаванне аб процідзеянні ўмяшанню пэўных краін ва ўнутраныя справы дзяржаў і процідзеянню каляровым рэвалюцыям. Падтрымліваем стварэнне Універсальнага цэнтра па пагрозах і выкліках бяспецы ШАС на базе Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ў Ташкенце.

Дарагія сябры!

Як вы паспелі ўжо пераканацца, узаемадзеянне і збліжэнне Беларусі з ШАС непарыўна звязана з фарміраваннем архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва ўсяго Еўразійскага кантынента. Дзякуючы свайму палітычнаму ўплыву, эканамічнай сіле і ўнутранай трываласці наша Арганізацыя цалкам саспела для таго, каб больш актыўна і настойліва садзейнічаць выбудоўванню міжнароднай палітыкі на прынцыпах непадзельнай бяспекі і разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця.

І апошняе. Я не адзін год у палітыцы (напэўна, тут не шмат людзей, якія могуць гэтым пахваліцца). І я вельмі ўважліва назіраў, як пасля ўтварэння Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва змагалася за сваё лідарства. Рэгіянальнага лідара. Цяпер, і момант такі, і работа нашай Арганізацыі, і асабліва падзеі ў свеце прывялі да таго, што свет значна змяніўся. Усе мы канстатуем, што гэты свет ужо не будзе такім, як быў раней. І погляды, як раней гаварылі, усяго прагрэсіўнага чалавецтва звернуты да нашай Арганізацыі - Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

І, можа, нечакана для некаторых з нас Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ператвараецца з рэгіянальнай арганізацыі ў глабальную. І самае галоўнае цяпер не ўпусціць гэты момант. Трэба даць шанц тым дзяржавам (а вы гаварылі пра гэта, і правільна - іх нямала) для таго, каб яны маглі знайсці альтэрнатыву існуючым рэаліям. Наша Арганізацыя можа стаць глабальнай. Аб'ектыўна стаць. І вырашаць глабальныя праблемы светаўладкавання ў сучасных умовах. Трэба не спазніцца, улавіць момант і адэкватна на гэта адказаць.

Дзякуй за ўвагу!

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі