Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 снежня 2018, 14:53

Беларусь мае намер развіваць больш цеснае супрацоўніцтва з Пакістанам у ваенна-тэхнічнай сферы

17 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь поўная рашучасці рэалізаваць дамоўленасці з Пакістанам аб нарошчванні сумеснага тавараабароту да $1 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных Сіл Пакістана Зубайрам Махмудам Хаятам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аснова любых міждзяржаўных узаемаадносін - эканамічны складнік. Раней Беларусь і Пакістан дамовіліся прыкласці максімум намаганняў для таго, каб тавараабарот паміж краінамі дасягнуў $1 млрд.

"Для патэнцыялу нашых эканомік гэта лічба невялікая. Але вы павінны ведаць, што мы ў Беларусі поўныя рашучасці выканаць гэту дамоўленасць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Што датычыцца ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, скажу коратка: усё, што вас цікавіць у Беларусі, мы гатовы вам прадставіць, паказаць. І калі вы знойдзеце неабходным з нашай ваенна-тэхнічнай вытворчасці нешта закупляць або ствараць разам, мы гэта хутка разгледзім і вырашым".

Прэзідэнт адзначыў вялікую ролю арміі ў жыцці Пакістана і ў сувязі з гэтым назваў візіт Зубайра Махмуда Хаята ў Беларусь гістарычным. "Армія ў Пакістане - гэта не проста армія. Вы несяце велізарную эканамічную і сацыяльную нагрузку. Нашай арміі навучыцца б у вас, як працаваць, зарабляць грошы, асвойваць іх, ствараючы вялікія прадпрыемствы. Мы гатовы ўдзельнічаць у вашай эканамічнай, сацыяльнай рабоце, і, калі вы ўбачыце нешта з нашых тавараў, якія падыходзяць для арміі і патрэб вашай краіны, мы гатовы пастаўляць гэтыя тавары. У тым ліку разам з пакістанскімі спецыялістамі, стварыўшы там, на месцы, сумесныя прадпрыемствы, такія тавары вырабляць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама закрануў дзейнасць сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і прапанаваў арганізаваць сустрэчу беларускага боку з прадстаўнікамі армейскіх колаў Пакістана, якія курыруюць пытанні забеспячэння Узброеных Сіл і сацыяльна-эканамічныя праекты. "Мы маглі б непасрэдна з вашымі падначаленымі дамовіцца аб сумеснай рабоце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва дзвюх краін у інтэграцыйных аб'яднаннях, у тым ліку ў кантэксце будаўніцтва кітайска-пакістанскага эканамічнага калідора і эканамічнага пояса Шаўковага шляху. На думку бакоў, рэалізацыя гэтых праектаў - добрая магчымасць для спалучэння эканамічных інтарэсаў.

На перагаворах было падкрэслена, што Беларусь мае цвёрды намер развіваць супрацоўніцтва з Пакістанам па ўсіх напрамках. Аляксандр Лукашэнка перадаў самыя цёплыя пажаданні кіраўніцтву краіны, а таксама запрашэнне прэм'ер-міністру Пакістана Імрану Хану наведаць Беларусь у любы зручны для яго час.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі