Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 мая 2015, 16:42

Беларусь і Пакістан дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках

29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Пакістан падпісалі Ісламабадскую дэкларацыю двухбаковага партнёрства. Гэты дакумент заключаны 29 мая ў Ісламабадзе па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа. Сустрэча адбылася ў час афіцыйнага двухдзённага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Перагаворы прайшлі ў вузкім складзе, а затым з удзелам членаў дэлегацый. Прэзідэнт Беларусі запрасіў Пакістан да стварэння вытворчасцей у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку, дзе будуць сканцэнтраваны вытворчасці найбольш перадавых кампаній свету. "Мы запрашаем і вашы кампаніі прыняць удзел у стварэнні сваіх вытворчасцей у гэтым тэхналагічным парку. Мы для гэтага створым вам неабходныя ўмовы, а падатковыя льготы там беспрэцэдэнтныя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок асабліва зацікаўлены ў тым, каб, прыйшоўшы ў Беларусь, Пакістан стварыў сучасныя швейныя, тэкстыльныя вытворчасці. "У вас вялікі вопыт у гэтым. У нас жа ёсць для гэтага вельмі добрая база. І мы гатовы да стварэння з вамі ў цэнтры Еўропы сумесных вытворчасцей", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Ваша прадукцыя з гэтых прадпрыемстваў, наша сумесная прадукцыя будзе карыстацца вялізным попытам. Гэта той тавар, якога сёння не хапае на прасторы былога Савецкага Саюза, і мы яго завозім з розных краін. Думаю, што ваша прадукцыя будзе канкурэнтна і на еўрапейскім рынку", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

На перагаворах бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах, у прыватнасці ў гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, інвестыцыях, культуры, адукацыі. Прэзідэнт Беларусі і прэм'ер-міністр Пакістана дасягнулі дамоўленасці па рэалізацыі некаторых новых ініцыятыў і пацвердзілі ўзаемную гатоўнасць умацоўваць і пашыраць кантакты паміж людзьмі.

На сустрэчы былі таксама закрануты пытанні рэгіянальнага і глабальнага ўзаемадзеяння. Бакі дамовіліся развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, а таксама працягваць узаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН.

"Мы ў Беларусі ўспрымаем Пакістан як аднаго з лідараў мусульманскага свету, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта непарадак, калі такая краіна не прадстаўлена ў цэнтры Еўропы". У сувязі з гэтым бакі дамовіліся аб узвядзенні будынка пасольства Пакістана ў Мінску.

Прэм'ер-міністр Пакістана з удзячнасцю прыняў запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі наведаць з візітам Беларусь. Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў па выніках перагавораў журналістам аб дамоўленасці аб тым, што прыкладна ў жніўні прэм'ер-міністр Пакістана прыедзе ў Беларусь з вялікай дэлегацыяй. Напярэдадні ў беларускай сталіцы пройдзе пасяджэнне дзелавога савета і міжурадавай камісіі, дзе будуць падрабязна прааналізаваны дамоўленасці, дасягнутыя ў час гэтага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Пакістан.

Наваз Шарыф у час перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што Пакістан надае вялікае значэнне развіццю адносін з Беларуссю. "Беларусь з'яўляецца важнай краінай, і мы надаём вялікае значэнне развіццю двухбаковых адносін з Беларуссю", - сказаў прэм'ер-міністр.

У час візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістане пабывала вялікая беларуская дэлегацыя, у складзе якой як міністры, так і прадпрымальнікі, кіраўнікі буйных дзяржаўных і прыватных структур. За час іх работы ў Пакістане дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні ў абедзвюх краінах сумесных прадпрыемстваў. Акрамя таго, у Ісламабадзе падпісаны пакет з двух дзясяткаў дакументаў, накіраваных на пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана ў розных сферах, у тым ліку прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, навукі і тэхналогій, інвестыцый, інфармацыі і камунікацый, адукацыі.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі