
7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і М'янма дамовіліся распрацаваць канкрэтны план развіцця супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах са старшынёй Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета, прэм'ер-міністрам Рэспублікі Саюз М'янма Мін Аун Хлайнам у шырокім складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у час сустрэчы ў вузкім складзе бакі абмеркавалі шэраг напрамкаў і прыйшлі да высновы, што ў Беларусі і М'янмы значны нерэалізаваны патэнцыял.
"За 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін мы зрабілі нямала, але, размаўляючы з вамі ў вузкім складзе, мы канстатавалі факт, што гэтага недастаткова. І дамовіліся аб тым, што мы выпрацуем канкрэтны план далейшага нашага супрацоўніцтва, зацвердзім яго і рэалізуем", - сказаў Прэзідэнт.
"У нас наперадзе, як мы бачым, вялікія магчымасці. Але час ідзе хутка. Давайце не ўпусцім яго і скарыстаемся нашымі магчымасцямі для таго, каб паглыбіць і пашырыць нашы адносіны. Мы да гэтага гатовы", - заявіў беларускі лідар.-0-