3 снежня, Алжыр /Кар. БЕЛТА/. Сумесная заява аб умацаванні адносін дружбы і партнёрства паміж Беларуссю і Алжырам падпісана кіраўнікамі дзяржаў Аляксандрам Лукашэнкам і Абдэльмаджыдам Тэбунам па выніках праведзеных афіцыйных перагавораў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прысутнасці лідараў краін падпісаны таксама шэраг дакументаў, галоўны з якіх - дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Алжырам на перыяд 2026-2027 гадоў.
"Грошы любяць цішыню. Таму мы не будзем у дарожнай карце прапісваць канкрэтныя кантракты. Напэўна, гэта было б няправільна. Але асноўныя напрамкі і замацаваных (хто за якія напрамкі адказвае) у дарожнай карце трэба вызначыць. З канкрэтнымі тэрмінамі выканання", - сказаў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сустаршыня беларуска-алжырскай міжурадавай камісіі Артур Карповіч.
Ён растлумачыў, што дарожная карта прымаецца на два гады, паколькі ў свеце ўсё хутка мяняецца: "Напэўна, рабіць дарожную карту на 5 гадоў сэнсу вялікага няма. Дарожная карта павінна быць на бліжэйшую перспектыву".
Міністр адзначыў, што алжырцы - людзі ўсходнія, і часам тыя ці іншыя пытанні вырашаюцца няпроста. "Але калі яны бачаць, што ты з адкрытай душой, адкрытым сэрцам, то тады і стаўленне да цябе адпаведнае. З любым міністрам у нас выбудоўваецца дыялог, прычым вельмі канкрэтны", - сказаў ён.
Ужо вызначана, што наступнае пасяджэнне міжурадвай камісіі пройдзе ў Мінску ў першай палове лютага 2026 года.
Заключаны пагадненні аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя жывёл, навуковых даследаванняў, тэхналагічнага развіцця і інавацый.
На ўзроўні профільных ведамстваў падпісаны мемарандумы аб узаемаразуменні ў сферы супрацоўніцтва ў прававой сферы, у галіне навуковых даследаванняў і развіцця галін прамысловасці, у галіне сельскай гаспадаркі, у сферы прадпрымальніцтва і інавацый, у галіне вышэйшай адукацыі.
Акрамя таго, заключаны мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне акрэдытацыі паміж Беларускім дзяржаўным цэнтрам акрэдытацыі і ALGERAC.-0-
