Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 лістапада 2018, 10:55

Беларусь адзначае важную ролю Егіпта ва ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне

15 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь адзначае важную ролю Егіпта ва ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэль Аль Саедам, які на чале егіпецкай дэлегацыі наведвае Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок удзяляе вялікую ўвагу супрацоўніцтву з Егіптам, асабліва ў кантэксце міжнародных адносін. "Мы вельмі высока цэнім тую ролю, якую зноў адыгрывае Егіпет на Усходзе, у тым неспакойным рэгіёне. Мы вельмі ўважліва назіраем за канфліктам на палесцінскіх землях і той роллю, якую вы адыгрываеце ў стабілізацыі абстаноўкі і ўрэгуляванні адносін паміж Ізраілем і Палесцінай", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў час раней праведзенага дзяржаўнага візіту беларускай дэлегацыі ў Егіпет удалося шмат аб чым дамовіцца. "Мы маем план дзеянняў, як прынята гаварыць дарожную карту развіцця нашых адносін. Я хачу вас запэўніць, што мы поўныя рашучасці прытрымлівацца гэтай дарожнай карты", - заявіў беларускі лідар.

Ён таксама перадаў самыя добрыя словы Прэзідэнту Егіпта: "Мы гатовы прыняць яго ў Беларусі ў любы зручны для яго час, каб ён бліжэй пазнаёміўся з нашымі магчымасцямі, каб мы маглі больш прадметна выбудоўваць адносіны паміж нашымі краінамі".

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць міжпарламенцкага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Егіптам і адзначыў, што ў парламентах існуюць групы дружбы па пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва. "Заўсёды будзем рады вітаць прадстаўнікоў егіпецкага парламента ў Беларусі", - сказаў ён.

Гэта першы ў гісторыі беларуска-егіпецкіх міжпарламенцкіх кантактаў візіт у Мінск кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Егіпта. З улікам зацікаўленасці дзвюх краін у пашырэнні гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння запланавана наведванне егіпецкай дэлегацыяй ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг", навукова-тэхнічнага цэнтра "ЛЭМТ" БелОМА, навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Паміж Беларуссю і Егіптам дзейнічае Комплексная праграма па развіцці супрацоўніцтва на 2018-2019 гады. У мінулым годзе ўзаемны тавараабарот склаў $97,4 млн, што істотна вышэй за 2016 год. За 9 месяцаў гэтага года тавараабарот узрос да $79 млн. Пры гэтым сальда для Беларусі дадатнае.

У Егіпце дзейнічаюць прадстаўніцтва МАЗ і Гандлёвы дом МТЗ, у гэтым годзе адкрыта зборачная вытворчасць Мінскага аўтамабільнага завода. На егіпецкім рынку стала прадавацца прадукцыя "Амкадора", "Гомсельмаша", "Бабруйскаграмаша". У Беларусі зарэгістраваны 4 прадпрыемствы са 100-працэнтным егіпецкім капіталам і 2 сумесныя беларуска-егіпецкія прадпрыемствы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі