Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Акцэнт на гарады-спадарожнікі - аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва ў Мінску будуць скарачацца

Прэзідэнт 11.03.2019 | 11:52
Аляксандр Лукашэнка і Анатоль Сівак
Аляксандр Лукашэнка і Анатоль Сівак

11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ёмы будаўніцтва жылля ў Мінску будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на развіцці гарадоў-спадарожнікаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы з дакладам старшыню Мінгарвыканкама Анатоля Сівака, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Галоўнай тэмай рабочай сустрэчы Прэзідэнт назваў будаўніцтва. "У старыя добрыя часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзення ў парадак Мінска. І дамовіліся аб тым, што памалу, наколькі гэта атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Мінску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс роднасных нам гарадоў. Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не гавару пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы сцягваюцца ў адно месца. У нас ужо і так больш за 20 працэнтаў (насельніцтва краіны. - Заўвага БЕЛТА) у Мінску жыве. Далей нельга", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гарады-спадарожнікі вызначаны, але галоўнае - каб паміж імі і сталіцай была добрая транспартная сувязь, ствараліся рабочыя месцы.

"Вы ўносьце шэраг прапаноў па будаўніцтве дамоў арэнднага жылля, у тым ліку пілотны праект для чаргавікоў, якія жадаюць (пабудавацца. - Заўвага БЕЛТА) у Смалявічах. Правільна робяць. Людзі павінны разумець, што мы кожны год, пасля ІІ Еўрапейскіх гульняў асабліва, узмоцнена будзем скарачаць аб'ёмы будаўніцтва ў Мінску. Той, хто зразумее гэта раней за ўсіх, той і выйграе. Каля 1,5 тысячы, можа, ужо і 2 тысячы чаргавікоў хочуць будавацца ў Смалявічах", - сказаў Прэзідэнт.

У якасці важнага фактару Аляксандр Лукашэнка назваў цану будаўніцтва. У Мінску ўжо быў праведзены эксперымент па ўзвядзенні жылля з абмежаваным прыбыткам у памеры 5 працэнтаў. "Выдатна атрымалася. Чаму мы павінны мець справу з рознымі, я іх груба называю жулікамі, інакш іх і не назавеш, якія шкуру дзяруць з людзей, - адзначыў беларускі лідар. - Думаю, нам трэба вывучыць гэты вопыт".

"Хопіць у кішэнь лазіць да людзей. Гэта вельмі прынцыповае пытанне ўсёй будоўлі. Мы паспрабавалі ўжо розныя метады. Калі гэта для людзей зручна, гэта будзе распаўсюджана на ўсю рэспубліку, мы гэтым шляхам пойдзем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся ходам будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск. "Мы яе павінны ў красавіку-маі наведаць, увесці ў эксплуатацыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Важны аспект - забеспячэнне надзейнай транспартнай сувязі паміж сталіцай і аэрапортам. "Каб людзі маглі не толькі на асабістых аўтамабілях свабодна туды прыехаць. Не ўсе маюць такую магчымасць. Мы павінны былі запусціць туды электрычку. Трэба ў гэтым годзе, максімум у будучым, рэалізаваць гэту ідэю", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць і аб тым, як ідзе будаўніцтва на месцы старога аэрапорта ў Мінску. "Гэта знакавае месца", - падкрэсліў ён.

Анатоль Сівак таксама далажыў кіраўніку дзяржавы аб рабоце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў цэлым.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Рэкамендацыі для тых, хто плануе паездкі ў Ізраіль Пры ўзнікненні спрэчных сітуацый на граніцы прасіць супрацоўнікаў міграцыйнай службы звязацца з запрашаючымі асобамі для пацвярджэння імі гатоўнасці прыняць вас ва ўзгодненыя тэрміны.