ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 24 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +5°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 жніўня 2021, 19:41

"Афганскі" канфлікт з Польшчай, нахабныя ў НАТА і заклік да салідарнасці. Усё з выступлення Лукашэнкі на АДКБ

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння ўдзел у пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая была прысвечана сітуацыі ў Афганістане і прайшла дыстанцыйна ў відэафармаце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У цэнтры ўвагі лідараў краін АДКБ быў уплыў падзей у Афганістане на бяспеку дзяржаў - членаў арганізацыі. Ініцыятарам пазачарговай сесіі выступіла Расія, а старшынстваваў на мерапрыемстве Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон.

Акрамя лідараў краін АДКБ - Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана - удзел у відэсаміце прыняў і Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.

Па закліку мутэр Меркель ішлі, але засталіся без вады, ежы і пад адкрытым небам

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адразу даў зразумець, што хоць Беларусь і далёка ад Афганістана, але праблемы вакол сітуацыі ў гэтай краіне блізкія ў самым прамым сэнсе. "Праблема бежанцаў і мігрантаў. Ёсць розныя ацэнкі іх магчымай колькасці ў першай хвалі. Але зусім дакладна, што да патокаў з разбураных Сірыі, Ірака, Лівіі дабавяцца людзі з Афганістана. Яны ўжо дабавіліся. Нават калі ў выніку яны пойдуць на Захад, ісці і ляцець яны будуць праз нас", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на выступленні лідараў іншых краін АДКБ і перш за ўсё Прэзідэнта Расіі, які гаварыў аб неабходнасці салідарнасці і што праблемы, якія вынікаюць з сітуацыі ў Афганістане, могуць закрануць усіх: "Ужо даўно закранула. Як ні дзіўна, мы быццам бы далёка ад гэтага, а наступствы ўжо адчулі першымі. Напэўна, вы інфармаваны (спецслужбы вашы дакладна, мы іх інфармавалі), Меркель вам паабяцала, Захад паабяцаў, што ўсіх прымуць. Усіх, хто будзе бегчы з Афганістана, усіх прымуць".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў аб падзеях апошніх двух-трох сутак на граніцы з Польшчай. "Праз Беларусь, вы мелі рацыю, некалькі дзясяткаў, можа соцень (усіх не пералічыш), ужо афганцаў - не іракцаў, не сірыйцаў, а менавіта афганцаў (якіх яны паклікалі на Захад, паабяцалі прыняць) пайшлі на Захад. Што зрабілі палякі: яны адлавілі, інакш не скажаш, каля 50 чалавек на тэрыторыі Польшчы, якія, як яны прызналіся, ішлі ў Германію, куды іх паклікала мутэр Меркель. І пад пагрозай зброі, страляючы паверх галоў, выціснулі іх на граніцу з Беларуссю. Зразумела, яны ішлі ў Германію, у Беларусь яны ісці не хочуць. Так Польшча ўчыніла пагранічны канфлікт на граніцы, парушыўшы дзяржаўную граніцу Беларусі", - сказаў беларускі лідар.

"І ўжо двое ці трое сутак гэтыя гаротнікі, перайшоўшы граніцу Беларусі, знаходзяцца там. Без вады, без ежы, пад адкрытым небам. Што такое сядзець на граніцы - ноччу ўжо ў нас 7-8 градусаў цяпла. Абяздоленыя людзі. Сёння мне трэба думаць, што з імі рабіць", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Вы чулі многія факты і бачылі. Прынамсі, гэта ўвесь свет бачыў, але Захад маўчыць, як яны хворых, цяжарных, напаўжывых людзей, а часам мёртвых выкідваюць на граніцу з Беларуссю, вяртаючы іх назад. Вось іх абяцанні, іх палітыка. Таму, як тут гучала, верыць ім нельга. Я перш за ўсё маю на ўвазе Захад. Яны прайгралі гэту вайну, і гэта трэба ім прызнаць, і баязліва адтуль збеглі. Але гэта іх праблемы. Але мы ж тут пры чым? Таму, сапраўды, ідзе перакладванне гэтай праблемы на нашы плечы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Планета невялікая і цесная, а свет ашалеў. Таму лепш салідарызавацца

Прэзідэнт Беларусі актыўна падтрымаў тэзіс аб тым, што адносна сітуацыі ў Афганістане і яе наступстваў у АДКБ трэба выпрацаваць агульную пазіцыю. "Трэба адкінуць усялякія фармальнасці і да саміту ў Душанбэ (запланаваны на сярэдзіну верасня. - Заўвага БЕЛТА) падрыхтаваць гэту агульную пазіцыю. Давайце будзем шчырымі: пакуль гэта пазіцыя праяўляецца ў "давайце паглядзім, што будзе далей, а потым будзем сітуатыўна на гэта рэагаваць". Гэта няправільна. Мы, вядома, будзем глядзець, што будзе далей: так жыццё распараджаецца і складваецца. Але нам трэба дакладна разумець, што, зыходзячы з той інфармацыі, тых фактаў, якія былі прыведзены тут, нам трэба выпрацаваць гэту агульную пазіцыю і не займацца заклінаннямі і заклікамі, бо спознімся і будзе позна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь не была так сур'ёзна паглыблена ў афганскія падзеі, як тыя ж Таджыкістан або Расія. "Мы нікога не забаранялі, у тым ліку і "Талібан", не падтрымлівалі ў выніку таго, што не так былі ўцягнуты ў афганскія падзеі. Але што я пастаянна ўспамінаю, гэта выступленні на пасяджэннях АДКБ Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Шарыпавіча Рахмона. Ён увесь час нам нагадваў аб тым, што Афганістан - гэта небяспечная кропка на карце, і прыводзіў канкрэтныя факты", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што таджыкскі лідар меў рацыю. "Таму нам трэба рэагаваць. Рэагаваць і старацца не перабіраць, таму што мы не ведаем, як будуць развівацца падзеі. Але на ўсялякі выпадак на граніцы Таджыкістана (чытай: АДКБ) з Афганістанам, давайце прызнаем, што мы спазніліся. Таму трэба наганяць упушчанае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў: нягледзячы на тое, што Беларусь не знаходзіцца геаграфічна побач і не мяжуе з Афганістанам, краіна будзе прытрымлівацца ўзгодненай агульнай пазіцыі ў рамках АДКБ. "Іншага не дадзена. Ні ў якім разе нельга спрабаваць адседзецца, што мы далёка. Не далёка. Наша планета невялікая і цесная, а свет ашалеў. І невядома, што будзе далей. Таму Прэзідэнт Пуцін мае рацыю, што лепш салідарызавацца і дзейнічаць разам. Тады наш голас (можа, давядзецца так, што і не толькі голас) будзе чуваць і відаць", - упэўнены беларускі лідар.

На першы погляд - гіганцкае паражэнне заходняй палітыкі, але нельга скідаць з рахункаў магчымы стратэгічны разлік

Прэзідэнт падкрэсліў, што сітуацыю неабходна ацэньваць без эмоцый, максімальна рэальна і адэкватна. "Нам здаецца, што, на першы погляд, гэта гіганцкае паражэнне заходняй палітыкі. Гэта сапраўды так, і перш за ўсё Злучаных Штатаў. Адназначны прыклад таго, да чаго прыводзіць бяздумнае ўзброенае насаджэнне іх так званых прынцыпаў дэмакратыі. ЗША і іх саюзнікі, як яны часта робяць, зусім па-наплявацельску паставіліся да гістарычных, этнакультурных, рэлігійных асаблівасцей дзяржавы і, самае галоўнае, да інтарэсаў людзей. Пацвярджэнне таго - што робіцца ў аэрапорце Кабула", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Можна было б сказаць, што кааліцыя на чале з Вашынгтонам пасля 20 гадоў акупацыі і ўкладання каласальных сродкаў села ў лужыну. Давайце будзем думаць, што гэта не зусім так. Нельга скідваць з рахунку магчымы стратэгічны разлік на цалкам усвядомлены крок ЗША па стварэнні нестабільнасці ў гэтым рэгіёне. Часткова ў зоне адказнасці АДКБ, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Яны стварылі праблемы, цяпер перакладваюць вырашэнне гэтых праблем і гэтыя праблемы на іншых. Пры гэтым, па сутнасці, яшчэ спрабуюць выйсці сухімі з вады. Амерыканцы гэта любяць".

Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі, можа, не настолькі глыбока бачаць сітуацыю ў Афганістане, як Таджыкістан, таму беларускаму боку важна пачуць меркаванні і ацэнкі саюзнікаў па АДКБ. "Са свайго боку бачым галоўныя пытанні і разам павінны на іх адказаць: што будзе далей, якая абстаноўка на знешніх граніцах АДКБ, якія першачарговыя і наступныя крокі мы вымушаны зрабіць па нейтралізацыі ўзнікаючых пагроз. І гэтыя крокі мы павінны вызначыць ужо да сярэдзіны верасня - да нашай сустрэчы ў Душанбэ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Магчымыя спробы ЗША і НАТА сесці ў Цэнтральнай Азіі непрымальныя

Яшчэ адно важнае пытанне, паводле слоў беларускага лідара, звязана з выхадам ЗША з Афганістана. Гэта магчымыя планы размяшчэння ўзброеных кантынгентаў амерыканскай арміі ў суседніх краінах, у тым ліку членах АДКБ.

Прэзідэнт лічыць, што гэта тэма таксама заслугоўвае ўважлівага вывучэння з пункту гледжання бяспекі ў зоне адказнасці арганізацыі. Пазіцыю Беларусі падзяляе і расійскі бок, які таксама лічыць непрымальным размяшчэнне войскаў ЗША ў зоне адказнасці АДКБ.

"Я абсалютна падтрымліваю Прэзідэнта Расіі, яго заявы аб тым, што палёты баявых самалётаў ЗША, перш за ўсё над краінамі АДКБ, непрымальныя. І не толькі для Расіі - для ўсіх нас як членаў АДКБ. Больш таго, я абсалютна салідарны з ім, што рух НАТА (яны ўжо сталі нахабнымі зусім, зразумела, рухаюцца праз Беларусь у Расію), спроба сесці ў Цэнтральнай Азіі таксама для Расійскай Федэрацыі і для нас непрымальныя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пазіцыя ШАС - АДКБ нават будзе важнейшай, чым пазіцыя заходняй кааліцыі

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ў вырашэнні афганскага пытання павінен быць задзейнічаны і патэнцыял Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва як адной з самых уплывовых структур у Азіі. "Практычна ўсе члены ШАС сканцэнтраваны вакол Афганістана. І там іх глабальныя інтарэсы. Прынамсі, Кітая і Расіі, Індыі, Пакістана, - адзначыў ён. - Неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па лініі АДКБ і ШАС, выкарыстоўваючы для гэтага саміты дзвюх арганізацый, запланаваныя на 16-17 верасня бягучага года ў Душанбэ".

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што, прапрацаваўшы гэта пытанне, магчыма было б правесці і сумеснае пасяджэнне па праблематыцы афганскага ўрэгулявання: "Захочуць члены ШАС ісці ў рэчышчы абмяркоўваемага сёння пытання - добра. Не захочуць - мы сваю пазіцыю абазначым і прапануем. А ім ужо вырашаць. Думаю, што тут мы можам вельмі сур'ёзна рушыць наперад".

"Не лічыцца з пазіцыяй АДКБ - ШАС будзе немагчыма. Пазіцыя ШАС - АДКБ нават будзе важнейшай, чым пазіцыя заходняй кааліцыі", - упэўнены беларускі лідар.

На фоне дыпламатычных намаганняў талібаў важна разумець, якая павінна быць наша пазіцыя

Аляксандр Лукашэнка выступіў за вызначэнне пазіцыі АДКБ у сувязі з магчымым прызнаннем талібаў у шэрагу краін. "На фоне дыпламатычных намаганняў талібаў па ўстанаўленні адносін з ключавымі сусветнымі і рэгіянальнымі ігракамі шэраг краін ужо схіляецца да прызнання руху. Для нашай арганізацыі важна добра разумець, наколькі такія перспектывы рэальныя і якая павінна быць наша пазіцыя ў гэтым выпадку", - сказаў ён.

"У гэтым плане мы вельмі разлічваем на тое, што Прэзідэнт Расіі, як заўсёды, своечасова праінфармуе нас аб сваёй пазіцыі. Таму што Расія - гэта не проста адзін з ключавых ігракоў у гэтай праблеме. Гэта самы галоўны ігрок, і ад Расіі будзе вельмі шмат залежаць. У саюзе, зразумела, з цэнтральнаазіяцкімі рэспублікамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Не збіраемся шантажыраваць Афганістан і талібаў, а проста выбудоўваем абарону

Прэзідэнт Беларусі бачыць неабходнасць далейшага ўмацавання таджыкска-афганскай граніцы. "З тэрарызмам звязаны непасрэдна рызыкі трансгранічнай злачыннасці, незаконнага абароту наркотыкаў і зброі, якія, відаць, будуць узрастаць, аб чым гаварыў Прэзідэнт Таджыкістана, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Улічваючы пэўную празрыстасць граніц паміж нашымі краінамі, гэта пытанне нас таксама сур'ёзна непакоіць. У гэтым кантэксце неабходна ўдзяліць увагу практычным мерам па далейшым умацаванні таджыкска-афганскай граніцы. Гэта тое, што нам трэба зрабіць у першачарговым парадку і абавязкова".

Аляксандр Лукашэнка лічыць мэтазгодным разгледзець пытанне аб правядзенні ў рамках АДКБ пазачарговых міждзяржаўных аперацый "Канал" (барацьба з наркатрафікам) і "Нелегал" (процідзеянне нелегальнай міграцыі). "Мы гэта рабілі раней і вельмі эфектыўна, практыка напрацавана", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

А ў ходзе маючых адбыцца 18-23 кастрычніка бягучага года ў Таджыкістане вучэнняў АДКБ "Узаемадзеянне-2021", "Пошук-2021", "Эшалон-2021" неабходна адпрацаваць пытанні процідзеяння актуальным пагрозам з афганскага напрамку. "Пры гэтым мы не збіраемся шантажыраваць Афганістан, цяперашнія ўлады, талібаў. Не, мы проста выбудоўваем абарону нашых рубяжоў АДКБ на выпадак, калі...", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне свайго выступлення падкрэсліў, што пры ўсіх недахопах у АДКБ, у арганізацыі распрацаваны ўсе неабходныя планы, падпісаны дакументы, а таму для прыняцця і рэалізацыі рашэнняў інструментаў дастаткова. "Калі недастаткова, ёсць яшчэ тры тыдні для таго, каб да Душанбэ іх выпрацаваць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі