Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Адстаўкі, прэзідэнцкая крытыка і асаблівы рэжым - вынікі рэзананснай нарады ў Оршы

Прэзідэнт 15.08.2018 | 10:39
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня на нарадзе ў Оршы ўказаў на сістэмныя недапрацоўкі па комплексным развіцці раёна і ў сувязі з гэтым прыняў шэраг кадравых рашэнняў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2017 годзе даручаў ураду сумесна з Віцебскім аблвыканкамам забяспечыць комплекснае развіццё Аршанскага раёна, каб яго тэмпы росту ўжо ў 2017-м былі як мінімум вышэйшыя за сярэднеабласныя. Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова адзначаў, што выкананне даручэнняў па развіцці рэгіёна - паказчык эфектыўнасці работы ўрада і мясцовай улады. Патрабавалася наладзіць сістэмную работу, якая стала б прыкладам для іншых сярэдніх гарадоў краіны.

"Гэта пытанне не толькі Оршы. Як я ўжо гаварыў, гэта пытанне раўнамернага размеркавання прадукцыйных сіл па ўсёй краіне. Мы не можам дапусціць, каб дзесяцімільённая краіна напалавіну размясцілася ў Мінску і яго наваколлі. На нашых вачах прыкладаў нямала: напэўна, усе вы бывалі ў Маскве, праязджалі праз Маскоўскую вобласць і бачылі наступствы такога размяшчэння насельніцтва і прадукцыйных сіл. Гэтага дапусціць нельга", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Абмяжоўваючы будаўніцтва ў Мінску і абласных цэнтрах, трэба развіваць раённыя цэнтры, гарадскія пасёлкі і сярэднія гарады, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "Улічваючы, што ў сельскай гаспадарцы мы намацалі шлях, па якім трэба ісці, - стварэнне аграгарадкоў, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Такіх сярэдніх гарадоў у нас адзінаццаць, і пражывае там нямала - 15 працэнтаў насельніцтва. Урад на прыкладзе Оршы павінен быў паказаць сістэмную работу з такімі рэгіёнамі. У тым ліку вызначыць эфектыўныя рашэнні па апераджальным развіцці і распаўсюдзіць іх у далейшым на ўсю краіну. Гэтага не зроблена".

Калі нейкія з пастаўленых мэт і дасягаюцца, то толькі ў ручным рэжыме, адзначыў Прэзідэнт. А сістэмныя кропкі росту, якія дадуць магчымасць рэгіёнам развівацца без умяшання зверху, не вызначаны альбо неэфектыўныя. "Больш таго, не вырашаны ключавыя задачы па развіцці праблемных арганізацый раёна. А да праблемных можна аднесці практычна ўсе прадпрыемствы, якія тут існуюць. Яны маюць патрэбу ў сур'ёзным падыходзе ў плане мадэрнізацыі і прывядзення іх у належны выгляд. Зыходзячы з учарашняга дня, можна зрабіць выснову, што ўсе члены ўрада, якія былі тут, навучыліся даваць тлумачэнні, але не выконваць. Таму тэма сённяшняй размовы - вынік", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, арыенцірам перш за ўсё павінен з'яўляцца ўзровень заработнай платы. Сёння ў Аршанскім раёне гэта Br770, а ў сярэднім у Віцебскай вобласці - Br820. "І наогул, Віцебшчына па ўзроўні дабрабыту насельніцтва пляцецца ў хвасце. А на асобных прадпрыемствах зарплата выплачваецца яшчэ і з затрымкамі. Тую мізэрную заработную плату, якую вы налічаеце, не можаце выплаціць людзям. І як у такім выпадку людзям жыць? Зразумела, вы страчваеце насельніцтва, людзі выязджаюць. Кожны чацвёрты беларус, які паехаў за мяжу на заработкі, з вашай Віцебскай вобласці", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым усе ўносімыя на разгляд Прэзідэнта прапановы па выдзяленні фінансавання, вырашэнні арганізацыйных пытанняў падтрымліваліся неадкладна. "Недапушчальна, каб работа на месцах скочвалася да фармалізму і валакіты", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся, якая рэальная сітуацыя на базавых прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах і што перашкаджае ўраду і мясцовай вертыкалі ўлады безумоўна выконваць пастаўленыя задачы.

"Былі розныя кропкі гледжання, але мы прынялі ўзгодненыя рашэнні. Ніхто не пярэчыў паўтара-два гады таму. Вось чаму тым больш патрабую адказу на пытанне, чаму ўзгодненыя рашэнні, фармалізаваныя кіраўніком дзяржавы, не былі выкананы? Ад удзельнікаў нарады патрэбны аб'ектыўныя ацэнкі і канкрэтныя прапановы па пытаннях, якія патрабуюць вырашэння, - адзначыў беларускі лідар. - Чаму правалены і не выкананы даручэнні Прэзідэнта? Іншых пытанняў я перад вамі не стаўлю. Не спрабуйце мне намаляваць радасную карціну да 2025 і 2035 гадоў".

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сацыяльную сферу ў Оршы ў цэлым прывялі да ладу, горад добраўпарадкаваны, і яго неабходна і далей утрымліваць у належным стане. "Да гэтага патрэбна вытворчая база. Людзі, акрамя таго, каб жыць у прыгожым горадзе, павінны працаваць, гадаваць дзяцей, утрымліваць сям'ю", - заявіў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта таму галоўны ўпор быў зроблены на прамысловую базу, прадукцыя якой запатрабавана ў краіне. "Па ўсіх напрамках былі прыняты мною рашэнні. Яны сістэматызаваны, даведзены да выканаўцаў. Не зроблена практычна нічога, нягледзячы на нагадванне мною і папярэджанні на самых высокіх узроўнях, пачынаючы ад Паслання беларускаму народу і парламенту", - адзначыў беларускі лідар.

У якасці прыкладу ён прывёў развіццё льнаводства, дзе было дадзена шмат даручэнняў - ад вырошчвання лёну да вытворчасці льняных тканін і шыцця адзення. "Быў дадзены шэраг даручэнняў, і гэта цэлая выбудаваная сістэма. Гэтак жа па ўсіх іншых пытаннях, што датычыцца Барані - развіцця гэтага гарадка, што датычыцца Балбасава, Оршы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе дэталёва аб існуючых у раёне праблемах далажылі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман. Са справаздачай аб праведзенай рабоце выступіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

У цэлым усе прамоўцы падкрэслівалі той факт, што важнейшыя даручэнні Прэзідэнта і глабальная задача па развіцці раёна не выкананы. Часта ўсё зводзіцца да касметычных мер, няма аператыўнасці ў прыняцці рашэнняў і зладжанасці дзеянняў як на ўзроўні ўрада, так і мясцовай улады, кіраўніцтва прадпрыемстваў. Нават тое, што не патрабуе вялікіх матэрыяльных і фінансавых укладанняў, як навядзенне парадку на тэрыторыях прадпрыемстваў, не зроблена. Работу нельга назваць сістэмнай. "Урад выбраў для сябе ролю наглядчыка, а не непасрэднага выканаўцы", - канстатаваў Леанід Анфімаў.

Андрэй Кабякоў прызнаў, што за адведзены час вырашыць увесь комплекс праблем у поўным аб'ёме не ўдалося. "Урад разумее, што зроблена недастаткова. Шмат часу пайшло на выпрацоўку рашэнняў, у якім напрамку развіваць асобныя сектары эканомікі раёна і канкрэтныя прадпрыемствы", - сказаў ён. Было даложана аб прынятых мерах па развіцці як раёна ў цэлым, так і асобных прадпрыемстваў, дасягнутых выніках і найбольш перспектыўных праектах.

Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць за прыгожымі словамі спрабаваць схаваць практычна поўную адсутнасць рэальнай работы. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, адзіная прычына невыканання яго даручэнняў заключаецца ў "пафігічным стаўленні ўрада да даручэнняў Прэзідэнта".

"Таму на гэтым тыдні ўнесці прапановы па замене ўсяго кіраўніцтва ўрада, усіх вярхоў з рэзерву кадраў, які мною сфарміраваны, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Хопіць глядзець ім у рот, і яны будуць нам расказваць, як ім складана, як ім цяжка!"

Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку міністраў прамысловасці і архітэктуры і будаўніцтва. "Ён сядзеў, не мог адрамантаваць дах - выканаць даручэнне Прэзідэнта. Хто меў права адмяняць мае рашэнні? А чаму не выканалі, чаму не зрабілі, як я сказаў? Чаму будтрэст куляецца?" - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

"Пазняка (старшыню Аршанскага райвыканкама) - адправіць у адстаўку і знайсці яму іншую работу", - запатрабаваў Прэзідэнт.

"І не дай бог тут не будзе зроблена тое, што вы намецілі (учора вы нам гэту праграму разгарнулі), і тое, што я вам даручыў, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Як варыянт, накіруйце Віталя Воўка сюды - будзе выцягваць усю гэту прамысловасць. На якой пасадзе, я ўчора Шарстнёву сказаў: няхай вызначаюцца. Не зробіць - пойдзе туды, куды я ўчора сказаў".

Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў віцэ-прэм'ера Васіля Жарко за недапрацоўкі ў развіцці сферы аховы здароўя. У першую чаргу гэта датычылася мясцовай бальніцы і закупкі для яе абсталявання. "Чаму не прыйшлі да мяне, не сказалі. Чаму ў вас карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе, а тут вы не паспелі. У Гомелі вы не паспелі, тут вы не паспелі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Вы мне будзеце расказваць пра гераізм?! Прэзідэнт паставіў публічна перад народам жалезабетонна задачу. Вырашыць і кропка. А вы заняліся сабатажам, - ахарактарызаваў сітуацыю ў цэлым Аляксандр Лукашэнка. - Мала таго, што ўсё на Прэзідэнце тут трымаецца, на яго аўтарытэце, вы пачалі падмочваць аўтарытэт Прэзідэнта".

"Учора са мной у дэлегацыі былі звычайныя простыя людзі. І потым мне кажуць: Аляксандр Рыгоравіч, што вы нервы рвяце на гэтым інструментальным заводзе? Там жа трэба было сабрацца інструментальнаму заводу, на чале з Пазняком усяму райвыканкаму (паўтары сотні чалавек працуе). Два суботнікі - і прывесці ўсё ў парадак. Вы што, гэта не маглі зрабіць? І прайсціся гэтак па ўсіх заводах", - адзначыў беларускі лідар.

"Строгая вымова Шарстнёву за абуральнае безадказнае стаўленне да даручанай справы. Наконт кіраўніцтва ўрада я сказаў. Воўка, Чорнага (міністр архітэктуры і будаўніцтва) неадкладна адправіць у адстаўку. Двігалеву і Засю (старшыня Дзяржкамваенпрама і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі) - поўная службовая неадпаведнасць. Не паправяць да восені справу, не даложаць мне па кожным прадпрыемстве, пойдуць туды ж. Усіх астатніх адказных і іншых я проста папярэджваю".

"Прадстаўце новага старшыню райвыканкама (на гэту пасаду вылучаны старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Ігар Ісачанка) сёння і пастаўце кожнаму задачу па ўсіх прадпрыемствах. Каб гэта было рэалізавана. Паспрабуем без урада рэалізаваць. У нас ёсць некаторыя рэзервы ў бюджэце і банкі, - даручыў кіраўнік дзяржавы. - І не дай бог да 7 лістапада не будзе тут зрухаў. Я прыеду пагляджу. Будзем па льнаводстве яшчэ нараду праводзіць. Не дай бог маё вока зачэпіцца, недзе будзе не так".

У цэлым Аляксандр Лукашэнка ў час нарады выказаў немалую долю крытыкі ў адрас усіх кіраўнікоў высокага ўзроўню, адказных за рэалізацыю дадзеных раней даручэнняў, - кіраўніцтва ўрада, Адміністрацыі і Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Савета бяспекі, губернатара і іншых прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, а таксама курыруючага Віцебскую вобласць старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. "Гэта ваша работа, як начальніка штаба (Адміністрацыя Прэзідэнта), і таго ж Шэймана, і таго ж Андрэйчанкі. Ён адказны тут разам з памочнікам Субоціным. Сядзяць, як мышы пад венікам. Я вас для чаго сюды накіраваў? Абуральнае стаўленне да справы!" - падкрэсліў беларускі лідар.

"Прэзідэнт патрабуе, а ва ўрадзе разумныя сядзяць - "ды пофіг, што ён там патрабуе". І ў гэтым вінаваты вы, я вам гэта публічна пры ўсіх кажу. Вы, былы кіраўнік маёй адміністрацыі, не стварылі ва ўрадзе напружання, каб рашэнні Прэзідэнта былі бездакорна выкананы, - раскрытыкаваў кіраўнік дзяржавы работу прэм'ер-міністра. - Я вас папярэджваў: працаваць там трэба, як у ваенны час. І Шэймана туды паслаў, які зусім нічога не зрабіў у плане кантролю. Зусім нічога - генерал! Таму вы мне не расказвайце".

Па выніках нарады Прэзідэнт таксама даручыў вызначыць рабочую групу з ліку службовых асоб, якая зоймецца пытаннямі развіцця раёна. Яе першае пасяджэнне адбылося ў Оршы ў хуткім часе пасля ад'езду кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама распарадзіўся перавесці Аршанскі раён на рэжым асаблівага функцыянавання. Фактычна, гэта азначае, што павышанае спагнанне за дысцыпліну і дасягненне абазначаных задач будзе як з кіраўнікоў усіх узроўняў, так і з работнікаў, якія кожны на сваім месцы павінны ўнесці ўклад у агульную справу. Паспяховая рэалізацыя намечанага стане "лакмусавай паперкай" не толькі для адказных асоб, але і для ўсёй краіны, узорам таго, як неабходна развіваць сярэднія па памеры гарады і раённыя цэнтры.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

ID-картка беларуса ID-картка - дакумент, які засведчвае асобу, для карыстання ўнутры краіны. Лічбавы аналаг пашпарта плануецца пачаць выдаваць у 2019 годзе.