Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 мая 2021, 12:47

Лукашэнка зацвердзіў навацыі ў законы аб СМІ і масавых мерапрыемствах. Што змяняецца і калі

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, якім карэкціруецца заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, а таксама закон, якім уносяцца змяненні ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, паведамляе БЕЛТА.

Адкарэкціраваны закон аб СМІ

Пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой у СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах забаронена. У прыватнасці, уводзіцца забарона на размяшчэнне вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі, праведзеных без атрымання неабходнай акрэдытацыі. Таксама не дапускаецца размяшчэнне гіперспасылак на паведамленні і матэрыялы, што змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забаронена.

Генеральнаму пракурору, пракурорам абласцей, горада Мінска прадастаўляецца права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, праз якія распаўсюджваюцца звесткі, што накіраваны на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчаюць заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншая інфармацыя, распаўсюджванне якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

Выпадкі абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і спынення выпуску СМІ дапаўняюцца такой акалічнасцю, як прыняцце Міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы рашэння аб наяўнасці інфармацыйных паведамленняў, распаўсюджванне якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

Устанаўліваецца, што разам з рашэннем суда выпуск СМІ можа быць спынены рашэннем Мінінфарма (напрыклад, у выпадку вынясення юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, або заснавальніку СМІ, або ўладальніку сеткавага выдання двух і больш пісьмовых папярэджанняў).

Прадугледжваюцца меры, накіраваныя на мінімізацыю замежнага ўплыву на беларускі інфармацыйны рынак. Так, незалежна ад часу стварэння СМІ, іх заснавальнікамі не могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.

Уводзіцца магчымасць пазбаўлення акрэдытацыі журналіста СМІ, калі ім або юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, парушаны ўстаноўлены парадак акрэдытацыі, або распаўсюджаны звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і знеслаўляюць дзелавую рэпутацыю арганізацыі, якая акрэдытавала журналіста, або ўчынена наўмыснае проціпраўнае дзеянне ў працэсе прафесійнай дзейнасці.

Замацоўваецца магчымасць абмежавання доступу да копіі інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога раней быў абмежаваны.

Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Лукашэнка зацвердзіў навацыі ў законе аб масавых мерапрыемствах. Змяненні для арганізатараў, журналістаў і не толькі

Выключаецца паведамляльны парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Пасля ўступлення закона ў сілу ўсе масавыя мерапрыемствы павінны праводзіцца выключна на падставе дазволу мясцовых органаў.

Забараняецца збор, атрыманне і выкарыстанне грашовых сродкаў і іншай маёмасці, выкананне работ, аказанне паслуг для пакрыцця расходаў, абумоўленых прыцягненнем да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Уводзіцца забарона асвятлення ў рэжыме рэальнага часу масавых мерапрыемстваў, праводзімых з парушэннем устаноўленага парадку, у мэтах іх папулярызацыі або прапаганды. Гэта забарона будзе распаўсюджвацца ў тым ліку на журналістаў сродкаў масавай інфармацыі.

Журналістам пры выкананні сваіх абавязкаў забараняецца выступаць у якасці арганізатараў або ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў.

Мясцовыя органы і органы ўнутраных спраў надзяляюцца правам прыпыняць работу інфраструктуры (гандлёвых аб'ектаў, аб'ектаў грамадскага харчавання, транспарту, кірмашоў, арганізацый усіх форм уласнасці) у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і па маршрутах перамяшчэння іх удзельнікаў.

Замацоўваецца адказнасць палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў за публічныя заклікі сваіх кіраўнікоў і членаў кіруючых органаў да арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства да атрымання дазволу на яго правядзенне.

Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі