ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 3 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 верасня 2022, 13:40

Ад зялёных калідораў да мірнага атама. Лукашэнка заявіў аб прыярытэтах Беларусі ў ШАС

16 верасня, Самарканд /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў выступленні на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва заявіў аб прыярытэтах краіны ў гэтай міжнароднай арганізацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прыярытэты Беларусі ў ШАС нязменныя - гэта эфектыўнае супрацоўніцтва з партнёрамі па ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі, інтэнсіўным развіцці эканамічнага ўзаемадзеяння, паглыбленні гуманітарных сувязей", - заявіў беларускі лідар.

Асобна Аляксандр Лукашэнка вылучыў шэраг напрамкаў супрацоўніцтва.

Аб новых выкліках у эканоміцы

На парадку дня - каардынацыя сумесных дзеянняў і выпрацоўка калектыўнага адказу на новыя выклікі і пагрозы ў эканоміцы. "Мы выступаем за развіццё ўзаемазвязанасці, стварэнне камбінаваных зялёных калідораў і далейшае ўкараненне сістэмы інтэграванага кіравання транспартнымі патокамі з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што надыходзіць спрыяльны час для лагістычных і інфраструктурных праектаў, якія ўжо стартавалі і звязваюць Еўропу з Азіяй, уключаючы рэалізацыю ініцыятывы "Новы Еўразійскі сухапутны мост".

Аб развіцці гандлю

За 20-гадовую гісторыю арганізацыяй шмат зроблена па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця гандлю і інвестыцый. "Беларусь бачыць вялікі патэнцыял ШАС у плане стымулявання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, найбольш запатрабаваныя напрамкі такога супрацоўніцтва - гэта прамысловая і тэхналагічная кааперацыя; лічбавая трансфармацыя і штучны інтэлект; зялёная эканоміка і кліматычная адаптацыя; зняцце неабгрунтаваных гандлёвых бар'ераў.

"Гэта дасць магчымасць забяспечыць спалучэнне нацыянальных стратэгій і доўгатэрміновых планаў стабільнага і паскоранага развіцця", - заявіў Прэзідэнт.

"Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва ў сферы мірнага атама, а таксама ў галіне прымянення розных эканамічна эфектыўных і экалагічна чыстых тэхналогій", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аб банкаўскай і фінансавай сферах

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння трэба па-новаму паглядзець на стан супрацоўніцтва ў банкаўскай і фінансавай сферах.

"Незаконныя санкцыі, адключэнне ад міжнародных разлікаў, іншыя нелегітымныя абмежаванні вядуць да неабходнасці збліжэння плацежных сістэм, павелічэння долі нацыянальных валют у гандлі, а таксама стварэння ўласных фінансавых механізмаў у рамках ШАС. Гэты падыход дасць не толькі свабоду выбару, але і свабоду дзеянняў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аб харчовай бяспецы

Беларусь традыцыйна моцная ў пытаннях харчовай бяспекі. Па шэрагу напрамкаў сферы АПК беларускімі аграрыямі дасягнуты вынікі сусветнага ўзроўню, а якасць айчыннай прадукцыі вядома ва ўсіх краінах арганізацыі і не толькі. "Мы гатовы актыўна падключыцца да сумеснай работы па забеспячэнні харчовай бяспекі нашай сям'і, "сям'і ШАС", уключаючы супрацоўніцтва ў сферах разумнай сельскай гаспадаркі, аграінавацый, тэхналогій дакладнага земляробства і рэсурсазберагальных тэхналогій", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аб пашырэнні міжнароднага ўзаемадзеяння

Мінск таксама выступае за пашырэнне міжнароднага ўзаемадзеяння і развіццё супрацоўніцтва ШАС з іншымі рэгіянальнымі структурамі, такімі як АДКБ, СНД, ЕАЭС.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў канчатковым выніку гэта можа стварыць фундамент для далейшага ўмацавання еўразійскага партнёрства на аснове канцэпцыі "інтэграцыя інтэграцый".

Аб гуманітарным вымярэнні

Беларусь надае важнае значэнне гуманітарнаму вымярэнню ШАС. Асаблівае месца займае ўзаемадзеянне па развіцці традыцыйнай і інавацыйнай медыцыны, у тым ліку тэлемедыцыны, вытворчасці лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, аб чым на саміце гаварыў і прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі.

Асобна Аляксандр Лукашэнка сказаў пра спорт: "Прэзідэнт Расіі вельмі выразна абазначыў гэту тэму. Спорт прызначаны аб'ядноўваць краіны і народы. Цяпер, на жаль, ён таксама масіравана палітызуецца Захадам".

У мэтах павышэння аўтарытэту дзяржаў-членаў і канкурэнтаздольнасці спартсменаў на сусветных арэнах беларускі бок прапануе разгледзець магчымасці правядзення ў рамках ШАС комплексных міжнародных спаборніцтваў па летніх алімпійскіх відах спорту ў 2024 годзе і па зімовых - у 2026 годзе.

Аб сферы бяспекі

Беларусь гатова канструктыўна супрацоўнічаць па пытаннях процідзеяння тэрарызму, сепаратызму, экстрэмізму, незаконнаму абароту наркотыкаў, зброі, ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў, арганізаванай злачыннасці і нелегальнай міграцыі, заявіў Прэзідэнт.

"Я абсалютна падтрымліваю выказанае тут Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам меркаванне аб процідзеянні ўмяшанню пэўных краін ва ўнутраныя справы дзяржаў і процідзеянню каляровым рэвалюцыям", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама заявіў аб падтрымцы стварэння Універсальнага цэнтра па пагрозах і выкліках бяспецы ШАС на базе Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ў Ташкенце.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўзаемадзеянне і збліжэнне Беларусі з ШАС непарыўна звязана з фарміраваннем архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва ўсяго еўразійскага кантынента. "Дзякуючы свайму палітычнаму ўплыву, эканамічнай сіле і ўнутранай трываласці наша Арганізацыя цалкам саспела для таго, каб больш актыўна і настойліва садзейнічаць выбудоўванню міжнароднай палітыкі на прынцыпах непадзельнай бяспекі і разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі