ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 29 ліпеня 2021
Мінск Малавоблачна +18°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 ліпеня 2021, 11:13

Ад ядзернай бяспекі да нарошчвання экспарту - Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Саўміна

У час нарады
У час нарады

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 ліпеня сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адкрываючы нараду, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нарматворчая дзейнасць - адна з функцый Прэзідэнта. "Прэзідэнт, можа, нават больш, чым заканадаўчая галіна ўлады, паглыблены ў той заканатворчы працэс, які праходзіць у краіне, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта добрая практыка - збірацца разам з вамі для таго, каб разгледзець найбольш важныя і актуальныя нарматыўныя прававыя акты".

"Сёння нам трэба абмеркаваць праекты важнейшых дакументаў па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнага кіравання і рэгулявання гаспадарчых адносін. Перад іх падпісаннем або адхіленнем (як у нас атрымаецца пасля абмеркавання) я хацеў з вамі параіцца. Таму запрасіў ключавых прадстаўнікоў вертыкалі ўлады", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пры абмеркаванні праектаў гэтых дакументаў у аснове павінны быць мэтазгоднасць, эканамічная эфектыўнасць і абавязкова - сацыяльная справядлівасць. "Так, закон для ўсіх адзіны і законы трэба выконваць. Але ў законах усё не прапішаш. І ні адна дзяржава яшчэ не змагла прапісаць у сваіх законах усё тое, чым жыве гэта грамадства і функцыянуе гэта дзяржава. Таму вельмі часта, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні, мы абапіраемся на справядлівасць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў падыходы да прыватызацыі: "Ніхто ж не супраць прыватызацыі, усе хочуць як лепш. Але галоўнае тут пытанне нават не на законах грунтуецца, а на справядлівасці: ці справядліва будзе агульнанароднае прадпрыемства, як мы іх называем, якія ствараліся ўсім народам і нават мінулымі пакаленнямі, сёння ўзяць і аддаць аднаму чалавеку ў рукі? І з такім мы сутыкаемся пастаянна".

Аб абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі

Адна з ініцыятыў звязана з пытаннямі ўтылізацыі і захоўвання радыеактыўных адходаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны ўтвараюцца ў працэсе эксплуатацыі крыніц іанізуючага выпрамянення, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў навуцы, медыцыне, прамысловасці і абаронным комплексе. У хуткім часе ў эксплуатацыю будзе ўведзены другі энергаблок Беларускай АЭС, якая стане асноўнай крыніцай радыеактыўных адходаў.

Урад прапануе стварыць спецыяльны дэпартамент па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і спецыялізаваную арганізацыю, якая стане нацыянальным аператарам і будзе збіраць, перапрацоўваць, захоўваць і ажыццяўляць пахаванне такіх адходаў.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ядзерныя адходы не толькі вельмі небяспечная, але і вельмі каштоўная сыравіна. "Гэта вельмі каштоўны прадукт. І сёння паўстае пытанне, што мы будзем рабіць з гэтым вельмі каштоўным, але вельмі небяспечным, раней не вядомым нам таварам, прадуктам. Гэта сур'ёзнае пытанне і вельмі вялікая каштоўнасць, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Як паказвае міжнародная практыка, абыходжанне з такімі адходамі патрабуе стварэння адзінай дзяржаўнай сістэмы. Фактычна гэта новая галіна эканомікі".

Аб знешнеэканамічнай дзейнасці і падатковым адміністраванні

У знешнеэканамічнай дзейнасці Саўмін прапануе ўвесці пасады афіцыйных прадстаўнікоў міністэрстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання пры пасольстве ў Кітаі, а таксама аптымізаваць штатную колькасць абслуговага персаналу ўсіх загранустаноў. "Задача, якая была пастаўлена перад урадам і МЗС, - аптымізацыя. Узмацненне нашай дзейнасці на асноўных напрамках (ці то Расія, Кітай, Індыя - туды, куды мы імкнёмся цяпер і дзе нас прымаюць і чакаюць) і аптымізацыя іншых пасольстваў - там, дзе ў нас не вельмі сёння атрымліваецца з-за пэўных абставін", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Для поўнай лічбавізацыі ўліку, кантролю і выплаты падаткаў, удасканалення падатковага адміністравання прапануецца павялічыць колькасць супрацоўнікаў Міністэрства па падатках і зборах. "Я хацеў бы пачуць матывацыю. Вы ведаеце маё стаўленне да павелічэння колькасці міністэрстваў і ведамстваў, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Прашу растлумачыць, як дадатковыя чыноўнікі Міністэрства па падатках і зборах спросцяць адносіны грамадзян з падатковымі органамі, забяспечаць дэбюракратызацыю гэтай сферы і спрашчэнне падатковага адміністравання".

"Усе прапановы прадугледжваюць дадатковыя дзяржаўныя расходы. У сувязі з гэтым патрэбны жалезныя гарантыі, што яны своечасовыя і што без гэтых расходаў не абысціся, і што яны будуць эфектыўныя і прынясуць больш даходаў, чым расходаў, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны быць упэўнены, што прапанаваныя навацыі забяспечаць вырашэнне важнейшых пытанняў - ад ядзернай бяспекі да нарошчвання экспарту".

Аб стварэнні і дзейнасці холдынгаў

Адзін з праектаў указаў, які абмяркоўваўся сёння на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, датычыцца карэкціроўкі заканадаўства аб стварэнні і дзейнасці холдынгаў. У дакумент уключаны палажэнні, накіраваныя на ўдасканаленне прававога статусу холдынгаў, парадку стварэння і функцыянавання, а таксама адносна асаблівасцей работы холдынгаў з удзелам дзяржавы.

"Вы маё стаўленне ведаеце. Заканадаўства, па-першае, не павінна часта змяняцца. І, па-другое, калі мы яго дапаўняем або змяняем, то варта пераканацца, што ўлічана ўсё", - заявіў наконт гэтага Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што пытанні, якія рэгулююцца праектам указа, закранаюць вялікую колькасць арганізацый. Цяпер у дзяржаўным рэестры 95 холдынгаў, якія аб'ядноўваюць 643 прадпрыемствы, што вырабляюць амаль чвэрць прамысловай прадукцыі краіны.

"Таму хацелася б пачуць больш глыбокія ацэнкі таго, што гэта дасць прадпрыемствам. Ці не з'яўляюцца гэтыя прапановы "адарванымі ад зямлі", ці трэба цяпер гэта рабіць і што гэта дасць? Якая на самай справе карысць ад іх рэалізацыі?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці

У парадак дня мерапрыемства ўключаны прапановы ўрада па рэгуляванні базавых форм прадпрымальніцкай дзейнасці - індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых. Прэзідэнт падкрэсліў, што неаднаразова звяртаў увагу на неабходнасць навядзення парадку ў гэтай сферы. У першую чаргу выпрацаваць дакладную сістэму, хто адносіцца да катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў, чым яны будуць займацца, якія падаткі будуць плаціць. Цяперашні стан гэтай сферы дзейнасці кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў: "У нас хутка будзе індывідуальных прадпрымальнікаў 12 мільёнаў! У нас народу столькі няма! Мы стварылі каласальны афшор, дзе людзі нічога не плацяць, а ўжо ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі - ад журналістаў (прыкладаў мора) да чыноўнікаў".

Акрамя таго, Прэзідэнт нагадаў аб сваім патрабаванні разабрацца з выплатамі зарплаты ў канвертах. "Сістэма павінна працаваць так, каб нават якой-небудзь перадумовы для выплаты зарплат у канвертах не было, - падкрэсліў ён. - Ведаю, што ў гэтым плане ідзе актыўная работа, але я хачу, каб бізнесмены, прадпрымальнікі мяне пачулі, што мала потым не падасца і крыўдзіцца потым не трэба. Ухіленне ад падаткаў і ценявы абарот у сферы гандлю і паслуг недапушчальны".

Разам з тым магчымы і падатковыя паслабленні для асобных катэгорый самазанятых грамадзян, лічыць кіраўнік дзяржавы. "Нельга задушыць ініцыятыву людзей ні ў якім разе. Людзі хочуць працаваць, зарабляць. Таленавіты чалавек піша карціны, пляце кошыкі або робіць тое, што робяць адзінкі ў нашай краіне - такіх людзей трэба заўсёды падтрымліваць і ў плане паслабленняў падатковага заканадаўства, каб людзі плацілі проста зусім невялікія падаткі і займаліся сваім рамяством, рамесніцтвам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ўраду яшчэ раз усё ўзважыць, разам з парламентарыямі, профільнымі ведамствамі і мясцовымі органамі ўлады комплексна прапрацаваць усе аспекты. "Да гэтай тэмы трэба падысці вельмі адказна, прааналізаваць усе рызыкі - для занятасці, напаўняльнасці бюджэту і сітуацыі ў рэгіёнах. Калі спатрэбяцца глабальныя змяненні ў заканадаўстве, то неабходна намеціць этапы яго рэфармавання", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Аб паслядыпломнай падрыхтоўцы ўрачоў

Акрамя таго, на нараду вынесена пытанне пераходу на новую форму паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў (размова аб пераходзе ад ардынатуры да рэзідэнтуры). "Вельмі сур'ёзная тэма, - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны вызначыцца, трэба нам, удасканальваючы цяперашнюю сістэму, ажыццяўляць яе ломку, хоць у мінімальным сэнсе, ці не трэба? Абыдземся тым, што ёсць, ці трэба рабіць гэты крок? І галоўнае - ці да часу гэта?"

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта пытанне патрабуе дадатковай прапрацоўкі і ўсёабдымнага абмеркавання.

"Вельмі важнае пытанне, ці не страцім мы лепшыя дасягненні айчыннай школы ў пагоні за чужымі стандартамі?" - абазначыў прыярытэты па гэтай тэматыцы Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта датычыцца не толькі аховы здароўя і адукацыі, але і іншых сфер. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што не трэба гнацца за замежнымі павевамі і слепа іх пераймаць, а неабходна ўдасканальваць уласную сістэму, захоўваючы ўсе станоўчыя напрацоўкі.

"Мы часта гаворым "ах, глядзіце, за мяжой канстытуцыя такая", яшчэ чагосьці. Вось нам трэба абавязкова ў гэту "дэмакратыю" бегчы і абавязкова ў гэтым напрамку рухацца. Потым мінаюць гады (я ж не першы год Прэзідэнт), і аказваецца, што мы дарэмна зрабілі гэтыя крокі", - заўважыў Прэзідэнт і растлумачыў гэта на прыкладзе навацый у адукацыі, калі ўзяліся рэфармаваць савецкую школу, "пабегшы за лепшымі ўзорамі ў свеце, якія нам падкідвалі", а потым высветлілі, што савецкая адукацыя была зусім не дрэннай.

Прадаўжаючы аналогію аб капіраванні замежных стандартаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Так і ўрад і МЗС пабеглі за "дэмакратыяй" і стварылі ў нас (няхай Макей зноў не ўспрыме ў свой адрас, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад дзве тысячы на невялікую краіну НВА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?"

"Цяпер азірнуліся: гэта ж шкода для дзяржавы! Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі".

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што трэба вельмі асцярожна падыходзіць да розных навацый. "Вядома, нельга быць рэтраградамі і трымацца за ўстарэлае, інакш адстанем наогул, - сказаў ён. - Але трэба бегчы ў патрэбным напрамку, заўсёды падлічваць наступствы тых ці іншых крокаў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі