Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 студзеня 2021, 11:11

Ад інвестпраграмы да пытанняў аграэкатурызму - Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў для абмеркавання шэрага дакументаў, якія закранаюць розныя сферы жыцця грамадства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На мерапрыемства запрошана шырокае кола ўдзельнікаў, у тым ліку ключавыя прадстаўнікі ўладнай вертыкалі, якія адказваюць за сацыяльна-эканамічныя аспекты развіцця краіны. "На абмеркаванне вынесены разнапланавыя дакументы, якія закранаюць розныя сферы жыцця грамадства. Гэта чатыры ўказы і закон, - сказаў Прэзідэнт. - Перш, чым падпісваць гэтыя дакументы, я хацеў бы азнаёміцца з вашымі ўражаннямі і яшчэ раз пачуць вашы заключэнні па тых ці іншых пытаннях. Калі я выношу гэтыя дакументы на разгляд такога кола, значыць, мне патрэбна дадатковая інфармацыя".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дакументы датычацца фарміравання інвестыцыйнай праграмы на бягучы год і рэалізацыі асобных найбольш значных праектаў. "Акрамя таго, разгледзім пытанні ўдасканалення дзейнасці гаспадарчых таварыстваў, развіцця сфер электраэнергетыкі, аграэкатурызму. Гэтыя тэмы аб'ядноўвае адно - актуальнасць для нашай дзяржавы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта значыць, далей нельга - трэба прымаць рашэнне. Паколькі мы затармозім развіццё, як мінімум, на канкрэтным участку эканомікі. Тармажэнне на асобным участку - гэта тармажэнне ў цэлым. Гэтага быць не павінна. Але і памылкі быць не павінна".

"Мае падыходы па большасці пытанняў вядомы. Пры абмеркаванні прапанаваных тэм у аснове павінны быць мэтазгоднасць, эканамічная эфектыўнасць і сацыяльная справядлівасць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аб Дзяржінвестпраграме і камерцыйных праектах

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што не павінна быць і перакосаў, асабліва ў цяперашніх умовах пандэміі COVID-19, якая ўсё прадаўжаецца, няпростай абстаноўкі ў свеце. Магчыма, будаўніцтва тых ці іншых аб'ектаў, якія не дадуць хуткай фінансавай аддачы, можна было б перанесці на наступныя гады.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў праекце Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы прадугледжана будаўніцтва прыкладна 130 аб'ектаў на суму больш як Br600 млн. "Гэта не грошы для дзяржавы. Але тым не менш і тут павінна быць эканомія. Таму што гэта прыклад для іншых. Калі мы наверсе не ўмеем эканоміць і вычленіць найбольш важнае і неабходнае для развіцця, тады і губернатары, і старшыні выканкамаў будуць кіравацца тымі ж прынцыпамі", - сказаў Прэзідэнт.

"Мяне цікавіць, наколькі вывераны і аптымальны гэты пералік, які мы ўносім у дзяржаўную праграму. Ці няма ў ім празмернасцей? Ці абгрунтавана фінансаванне кожнага аб'екта?" - абазначыў пытанні Аляксандр Лукашэнка.

Па камерцыйных праектах, разгляд якіх выносіцца на ўзровень кіраўніка дзяржавы, ён паставіў аналагічныя пытанні. "Свабодных, шалёных грошай няма. Тым больш для тых аб'ектаў, якія самі павінны прыносіць даход. А любое зацягванне тэрмінаў іх рэалізацыі - гэта фінансавыя страты, якія нехта будзе вымушаны аплаціць", - папярэдзіў беларускі лідар.

Аб дзейнасці гаспадарчых таварыстваў

Гаворачы пра вынесеныя на нараду карэкціроўкі заканадаўства па пытаннях дзейнасці гаспадарчых таварыстваў, Прэзідэнт адзначыў, што сюды ўвайшлі палажэнні, якія за кошт мер фінансавага аздараўлення дадуць магчымасць палепшыць эканамічны стан прадпрыемстваў, прыцягнуць дадатковы капітал, стымуляваць кіраўнікоў на эфектыўнае развіццё.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што захоўваюцца раней вызначаныя ў Беларусі падыходы ў пытанні прыватызацыі.

"Па прыватызацыі мы канцэптуальна вызначыліся, і гэта прынята народам. Поўная свабода развіцця прыватнай уласнасці, дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Калі ласка, дзейнічайце, але тое, што створана народам, не чапайце. Гэта крайні выпадак і асобны разгляд пытанняў", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што заканадаўства не павінна часта мяняцца. "І калі мы нешта дапаўняем, то павінны пераканацца, што ўсё ўлічана. Тым больш што пытанні, якія рэгулююцца гэтым законапраектам, закранаюць большасць арганізацый краіны", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што некаторым прадпрыемствам па некалькі разоў ужо аказвалася падтрымка ў той ці іншай форме. Але гэтым самым нельга знішчаць ініцыятыву кіраўнікоў на тых прадпрыемствах, дзе стараюцца працаваць эфектыўна і разлічваюць на ўласныя рэсурсы. "Таму калі мы некаму дапамаглі - адказвай. А не тое, што час прайшоў, знойдуць абгрунтаванне яшчэ раз прапанаваць ільгатаваць іх дзейнасць або аказаць ім падтрымку. А за кошт каго?" - папярэдзіў беларускі лідар.

Аб развіцці сферы электраэнергетыкі

Наступнае пытанне, узнятае на нарадзе, датычылася развіцця сферы электраэнергетыкі і ўдасканалення адпаведнага заканадаўства. Урад прапануе дазволіць вытворцам прадаваць лішкі электраэнергіі спажыўцам у любую вобласць краіны.

"Як такое рашэнне паўплывае на тарыфы? Як улічана работа атамнай станцыі ў новых умовах?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адзначыў, што рашэнні па такіх пытаннях павінны прымацца на ўзроўні міністэрства і ўрада. "Вы ж хочаце больш паўнамоцтваў, дык бярыце і прымайце гэтыя рашэнні. Навошта іх цягнуць на ўзровень Прэзідэнта? Галоўнае для мяне, каб не была разбурана адзіная сістэма (энергетычная. - Заўвага БЕЛТА)", - падкрэсліў ён.

Аб падтрымцы аграэкатурызму

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзякуючы створаным у апошнія гады ўмовам узнік новы сектар эканомікі, які атрымаў магутнае развіццё. Размова пра аграэкатурызм. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, за 14 гадоў колькасць аб'ектаў аграэкатурызму вырасла ў 80 разоў - з 34 да амаль 3 тыс. У 2020 годзе яны прынялі больш за паўмільёна гасцей.

"Пры гэтым паслугі турызму сталі вельмі папулярныя як сярод гасцей нашай краіны, так і беларусаў, асабліва ў перыяд пандэміі, калі большасць краін для падарожжаў закрыліся. Апошнія падзеі паказваюць, што попыт на этнаадпачынак ва ўсім свеце будзе толькі расці", - заўважыў Прэзідэнт.

Урад выступае за прадаўжэнне дзеючых умоў для аграэкасядзіб і захаванне льготнага крэдытавання да 2030 года.

"Я не супраць падтрымліваць, тым больш гэта было маё рашэнне, і я стаяў ля вытокаў зараджэння аграэкатурызму. З чаго зыходзіў: трэба вёсцы даць дадаткова глыток паветра. Хіба гэта не шлях падняць вёску? Стварылі адпаведныя ўмовы. Я не супраць падтрымліваць іх і далей. Але мы ні ў якім разе не павінны ісці далей за пяцігодку. Мы ж прымаем усе праграмы максімум на пяцігодку, давайце пяцігодкай і абмяжуемся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў ураду ў бліжэйшы час дасканала вывучыць функцыянаванне аграэкасядзіб, каб не выйшла так, што падтрымка аказваецца тым, хто пад прыкрыццём турыстычных паслуг займаецца іншым бізнесам. "Давайце яшчэ раз вернемся ў цэлым да заканадаўства па аграэкатурызме, і калі трэба падтрымаць дадатковае развіццё сядзіб, давайце іх падтрымаем, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Важна, каб такі адпачынак быў запатрабаваны перш за ўсё беларусамі і даступны для беларусаў".

Аб капітальнай задачы для прысутных

"Капітальная задача для ўсіх прысутных - унясіце самыя строгія меры за парушэнне заканадаўства па падаткаабкладанні. Унясіце амерыканскія законы, якія дзейнічаюць у Злучаных Штатах Амерыкі. Давайце прымем іх. Ніхто крытыкаваць не будзе - апора дэмакратыі. Там падаткаабкладанне рэгулюецца строга, і за нявыплату падаткаў там шалёныя тэрміны. А ў нас цэлыя галіны адыходзяць у цень, і мы на гэта спакойна глядзім", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

У развіццё тэмы Аляксандр Лукашэнка выказаўся і пра зарплаты ў канвертах. Ён падкрэсліў, што за такія парушэнні таксама павінна быць сур'ёзная адказнасць.

"Прыміце гэта да выканання неадкладна", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Лукашэнка выступіў за ўвядзенне ў Беларусі самых строгіх мер за нявыплату падаткаў

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі