Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 студзеня 2023, 12:55

"Абысціся па-чалавечы". Лукашэнка гаварыў аб рабоце ІП у новым фармаце. Вось што важна ведаць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе праведзенай 24 студзеня нарады аб грамадска-палітычнай абстаноўцы і стане злачыннасці ў краіне акцэнтаваў увагу і на шэрагу іншых грамадска значных тэм. Адна з іх - работа прадпрымальнікаў у новых умовах.

У Беларусі рэфармавалі парадак падаткаабкладання індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых. Такія меры прыняты ў тым ліку для таго, каб мінімізаваць выкарыстанне схем адыходу ад падаткаў.

"Цывілізаваная работа". На што дзяржава арыентуе прадпрымальнікаў

З гэтага года ІП павінны працаваць па новых правілах. Але, відаць, не ўсе да канца разумеюць, чаму і як змяніліся ўмовы работы. Таму кіраўнік дзяржавы даручыў чыноўнікам сустрэцца з прадпрымальнікамі і яшчэ раз усё падрабязна растлумачыць. "Трэба яшчэ раз, Ігар Пятровіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага БЕЛТА), ураду даручыць, узяць на кантроль, каб давялі нашу палітыку ў адносінах да індывідуальных прадпрымальнікаў", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, змяненні для ІП былі аб'яўлены загадзя, магчымасць да іх падрыхтавацца ў гэтай катэгорыі бізнесу была. "Мы не ў адзін момант прынялі рашэнне, - заявіў Прэзідэнт. - Настала 1 студзеня, мы робім першы крок. Іпэшнікі некаторыя захваляваліся: ах, тут зноў на іх наступілі. Не наступае ніхто. Проста гэта той план, які быў раней агучаны".

У Беларусі прыйшло разуменне, што такі від дзейнасці, як ІП, - гэта нейкае спараджэнне часу, калі людзі вымушаны былі весці бізнес, гандляваць такім чынам. І ў іншых краінах такія формы прадпрымальніцтва не развіты. "У тыя часы яны ўзялі на сябе вялікі клопат. У сумках, мяшках, як у Беларусі кажуць, торбах вазілі нешта, прадавалі, забяспечвалі і гэтак далей. Мы іх спарадзілі да 200 тыс. у нашай краіне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што часам індывідуальныя прадпрымальнікі аказваліся ў больш выгадных умовах, чым рэальны сектар эканомікі - вытворчасці, якія ў поўнай меры неслі на сабе падатковы цяжар і сацыяльную адказнасць. "І некаторыя ІП (мы на іх паглядзелі) сталі буржуямі значна большымі, чым тыя, хто сёння фабрыкі-заводы цягне. Той жа "АМКАДОР"... Параўнаць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі - неба і зямля, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - У нас перакосы пайшлі ўжо (у плане падтрымкі ІП. - Заўвага БЕЛТА). Трэба цывілізавана працаваць".

Надышоў перыяд, калі ў рабоце ІП спатрэбіліся змяненні, перакананы Прэзідэнт. "Мы прынялі рашэнне, што ІП павінны падняцца на ўзровень вышэй і, як усе фізічныя або юрыдычныя асобы, плаціць падатак", - заявіў ён.

Пры гэтым застаецца такая катэгорыя, як рамеснікі - людзі, якія робяць сваімі рукамі нешта выключнае. І яны маюць права прадаваць свае тавары па той цане, па якой змогуць прадаць, заўважыў Прэзідэнт. "Гэта ўнікальныя людзі, якіх мы павінны падтрымаць - рамеснікі. Гэтых мы дамовіліся пакінуць. А ўсе астатнія павінны плаціць падаткі як належыць", - сказаў беларускі лідар.

"І на працягу гэтага года, яшчэ некалькіх месяцаў мы гэта прывядзём у адпаведнасць. Нікога не крыўдзячы. Тое, што ты зарабіў на сённяшні дзень, у цябе ніхто не адбярэ, калі, вядома, не парушаў закон", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў яшчэ раз сустрэцца з прадпрымальніцкай супольнасцю і перагаварыць. "Трэба цывілізавана, па-чалавечы з імі абысціся. Трэба ім проста растлумачыць, якім шляхам мы будзем рухаць іх да цывілізаванага гандлю або вытворчасці, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Трэба з імі размаўляць. Нельга так, каб... настане нейкі час і яны ачумелыя, не разабраўшыся, зноў выскачаць на вуліцу, і мы з імі будзем змагацца. Трэба папярэджваць такія рэчы".

Аб тым, што змянілася ў падаткаабкладанні, якіх вынікаў гэта дазволіць дабіцца і як прадпрымальнікам дапамагаюць перабудавацца на работу ў новым рэжыме, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве па падатках і зборах.

Змяненні і іх прычыны

З 1 студзеня 2023 года ўстаноўлена поўная забарона на прымяненне індывідуальнымі прадпрымальнікамі спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Стаўка падаходнага падатку для гэтай катэгорыі плацельшчыкаў павялічана з 16 працэнтаў да 20 працэнтаў. Адначасова захоўваецца парадак выплаты падатку з розніцы паміж даходамі ад дзейнасці і дакументальна пацверджанымі расходамі і права прадпрымальнікаў замест падліку расходаў вызначаць іх памер па нарматыве 20 працэнтаў.

Акрамя таго, для ІП скарочаны пералік відаў дзейнасці, абкладаемых адзіным падаткам: выключаны незапатрабаваныя альбо малавыкарыстоўваемыя. А стаўкі падатку павышаны ў 2-3 разы.

"Вынікам павінны быць простыя і зразумелыя ўмовы вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці. Важна выключыць множнасць рэжымаў падаткаабкладання. Гэта дасць магчымасць павялічыць удзел малога бізнесу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў і выраўнаваць падатковую нагрузку на прадпрымальнікаў", - падкрэслілі ў МПЗ.

Для самазанятых з 1 студзеня 2023 года ўведзены новы падатковы рэжым - падатак на прафесійны даход. Калі ранейшыя рэжымы прадугледжвалі выплату фіксаванай сумы (напрыклад, рамесны збор, адзіны падатак), то новы - працэнтаў ад даходу. Атрымаў даход - аплаціў фіксаваны працэнт ад яго ў выглядзе падатку, які ў сваю чаргу ўключае ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. А калі няма даходу, дык няма і падатку.

"Гэты прынцып падаткаабкладання больш справядлівы ў параўнанні з фіксаванымі плацяжамі. А то адны плацельшчыкі мелі нізкую падатковую нагрузку, а іншыя, наадварот, значна пераплачвалі", - звярнулі ўвагу ў МПЗ.

З 1 студзеня 2023 года ўведзена ў эксплуатацыю лічбавая платформа - мабільны дадатак, які дае магчымасць адначасова зарэгістравацца ў якасці самазанятага, стаць на падатковы ўлік, ажыццяўляць прыём і ўлік плацяжоў, атрымліваць звесткі аб суме падатку і ўзаемадзейнічаць з падатковымі органамі па іншых пытаннях.

Дзе можна даведацца пра падрабязнасці

Міністэрства па падатках і зборах прыняло меры для таго, каб плацельшчыкі маглі зручна і аператыўна атрымліваць інфармацыю аб змяненнях у падатковым заканадаўстве. На сайце МПЗ у раздзеле "Актуальна" тлумачацца ўсе нюансы. Такія пытанні шырока асвятляюцца таксама ў афіцыйных акаўнтах міністэрства ў сацсетках і мэсэнджарах.

Акрамя таго, падатковая служба сумесна з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання планамерна праводзіць інфармацыйна-растлумачальную работу з прадпрымальнікамі па пытаннях змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс, якія ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2023 года. Круглыя сталы, сустрэчы з прадстаўнікамі бізнесу і грамадскіх арганізацый, семінары, лекцыі, прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы - выкарыстоўваюцца самыя розныя формы работы.

У такіх мерапрыемствах задзейнічаны ўсе інспекцыі МПЗ ва ўсіх рэгіёнах краіны. Перад імі стаіць задача данесці да кожнага плацельшчыка парадак прымянення норм падатковага заканадаўства.

Аператыўна атрымаць адказы па пытаннях, якія цікавяць, таксама можна, патэлефанаваўшы ў кантакт-цэнтр падатковых органаў па адзіным нумары 189. Для тых, хто па нейкіх прычынах аддае перавагу звяртацца ў інспекцыю па месцы жыхарства або рэгістрацыі, у кожнай інспекцыі вызначаны асобныя нумары тэлефонаў, па якіх можна атрымаць растлумачэнні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі