Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 студзеня 2024, 11:58

Абноўленыя Канцэпцыю нацбяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі вынесуць на зацвярджэнне УНС 

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў пасяджэнне Савета бяспекі, якое было прысвечана разгляду двух важнейшых дакументаў стратэгічнага планавання - праектаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Значнасць мерапрыемства, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, абумоўлена і той акалічнасцю, што згодна з новай Канстытуцыяй абодва дакументы зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам.

Ключавыя напрамкі трансфармацыі сучасных рызык, выклікаў і пагроз у сферы нацыянальнай бяспекі даволі падрабязна выкладзены ў канцэпцыі і Ваеннай дактрыне, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. "І многія закладзеныя там ацэнкі і прагнозы ўжо спраўджваюцца", - звярнуў увагу беларускі лідар.


У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў сітуацыю на Блізкім Усходзе."Гэта страшэнная гуманітарная катастрофа. Звярніце ўвагу, што пагрозы прымянення ядзернай зброі пачалі гучаць практычна адразу пасля эскалацыі канфлікту. І, як гэта звычайна бывае, з боку"цывілізаванага" Захаду ніякіх санкцый не адбылося. Дзяжурныя заявы, нібыта нічога не здарылася, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - На жаль, мы вярнуліся ў часы, калі ваенная сіла стала галоўным аргументам пры выбудоўванні міждзяржаўных адносін".

Што датычыцца праекта новай Ваеннай дактрыны, то ў ім у поўным аб'ёме ўлічаны кардынальныя змяненні, што адбываюцца ў ваенна-палітычнай абстаноўцы, новыя ваенныя небяспекі. Абноўлены і падыходы да вызначэння характару сучасных ваенных канфліктаў у інтарэсах выпрацоўкі адэкватных мер рэагавання для ўзброенай абароны краіны.

Прэзідэнт нагадаў, што ў мінулым годзе па выніках пасяджэння Савета бяспекі, дзе ў цэлым быў адобраны праект Канцэпцыі нацбяспекі, ставілася задача нефармальна падысці да падрыхтоўкі новай канцэпцыі і вынесці яе на шырокае грамадскае абмеркаванне з далучэннем прадстаўнікоў навуковай і экспертнай супольнасцей, сродкаў масавай інфармацыі. Кіраўнік дзяржавы даручаў грунтоўна абмеркаваць гэты дакумент, спытаць меркаванне людзей. "Паколькі забеспячэнне нацыянальнай бяспекі - гэта наша агульная задача, кожнага грамадзяніна Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, які канкрэтны вынік атрыманы ад грамадскага абмеркавання канцэпцыі.

Праект новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі быў адобраны ў лютым 2023 года на пасяджэнні Савета бяспекі. Тады кіраўнік дзяржавы даручыў правесці грамадскае абмеркаванне гэтага важнейшага дакумента, перш чым вынесці яго на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу.

На працягу года было арганізавана 70 дыскусійных пляцовак ва ўсіх рэгіёнах краіны, у дзяржаўных органах і арганізацыях, працоўных калектывах, навучальных установах, прафсаюзных і грамадскіх аб'яднаннях з прыцягненнем прадстаўнікоў навуковай і экспертнай супольнасці, асноўных рэлігійных канфесій, суб'ектаў грамадзянскай супольнасці.

На пасяджэнні Савета бяспекі 16 студзеня кіраўніку дзяржавы былі даложаны канкрэтныя прапановы, якія па выніках грамадскага абмеркавання плануецца ўключыць у абноўленую канцэпцыю. Яны датычацца перш за ўсё дадатковай абароны інстытута традыцыйнай сям'і, павышэння ўзроўню сацыяльнай адказнасці бізнесу, пераадолення дыспрапорцый рэгіянальнага развіцця, канкрэтызацыі пераліку сіл забеспячэння нацыянальнай бяспекі, выкарыстоўваемага паняційнага апарату, парадку зацвярджэння сістэмы індыкатыўнай ацэнкі стану нацбяспекі.

Рашэнне аб распрацоўцы праекта новай Ваеннай дактрыны было прынята пасля адабрэння новай рэдакцыі Канцэпцыі нацбяспекі ў лютым 2023 года. Новая Ваенная дактрына не прадугледжвае кардынальнай рэвізіі палажэнняў ваеннай палітыкі дзяржавы, актуальныя палажэнні засталіся нязменнымі, захаваны яе абарончы характар.

Дакумент мае публічны, адкрыты характар, з'яўляецца сістэмным, метадалагічным, канкрэтным, адпаведным сучасным рэаліям. Пры гэтым акцэнты зроблены на такія нацыянальныя каштоўнасці, як мір, стабільнасць, бяспека.

У новай Ваеннай дактрыне раскрыты змест ваеннай палітыкі нашай краіны. У прыватнасці, падкрэсліваецца, што Беларусь - міралюбівая краіна, нікому не пагражае. Але спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы, а тым больш пагроза прымянення ваеннай сілы або агрэсія будуць спыняцца з выкарыстаннем усяго патэнцыялу дзяржавы.


Пасля адабрэння Саветам бяспекі праекты новай Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны будуць вынесены на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі