Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 лютага 2023, 10:46

Абноўленую Канцэпцыю нацбяспекі і законапраект аб народным апалчэнні разгледзіць Савет бяспекі на чале з Лукашэнкам

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правядзе пасяджэнне Савета бяспекі, на якое вынесены праекты абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і закона "Аб народным апалчэнні", паведамляе БЕЛТА.

Дзеючы варыянт канцэпцыі быў зацверджаны ў лістападзе 2010 года.

"Зыходзячы з тых падзей, якія адбываюцца ў нас тут, у рэгіёне, у свеце, відаць, надышоў час абнавіць Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Тым больш што нашы суседзі з НАТА ўжо мадэрнізавалі свае стратэгічныя дакументы з улікам пагроз і лічбавых тэхналогій. Да таго ж у непасрэднай блізкасці ад нашых граніц створана неабходная інфраструктура - кібервойскі і сетка натаўскіх кіберцэнтраў. Няма сумненняў, што з усіх рызык нацыянальнай бяспекі бяспека інфармацыйная становіцца галоўнай вострай праблемай", - заявіў Прэзідэнт у лютым 2021 года, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе.

Падрыхтоўку абноўленага дакумента Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў у верасні 2022 года на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі Аляксандрам Вольфавічам. "Я папрасіў бы, перш чым мы яе разгледзім у Савеце бяспекі, каб яна была абсалютна адкрытая. Не трэба нічога ўтойваць, зыходзячы з нейкіх палітычных матываў або нават эканамічных. Мы павінны сумленна прапісаць тыя рызыкі, пагрозы, якія існуюць, і нашу рэакцыю на іх. Каб і суседзі, і іншыя ведалі, як мы будзем рэагаваць. Каб не гаварылі, што для кагосьці гэта была нечаканасць. Не трэба нічога ўтойваць. Усё трэба рабіць сумленна", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы ўсё дакладна павінны прапісаць, каб загадзя ўсе ведалі. Асабліва ў нашым грамадстве - як мы будзем абараняцца, якія будуць нашы дзеянні", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца праекта закона аб народным апалчэнні, то аб падрыхтоўцы такога дакумента ўжо неаднаразова паведамлялася на розных узроўнях. Закон павінен вызначыць прававыя асновы народнага апалчэння, парадку яго камплектавання і падрыхтоўкі. Паведамлялася, што такія атрады могуць фарміравацца выключна ў мэтах абароны сваёй тэрыторыі і краіны ў ваенны час.

У чэрвені мінулага года ў размове з журналістамі на гэту тэму гаварыў і Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт тады нагадаў, што некаторы час таму па яго ініцыятыве было прынята рашэнне аб стварэнні войскаў тэрытарыяльнай абароны. "Таму што ніхто не будзе абараняць свой дом, як ты сам, - сказаў беларускі лідар. - Усе нашы тэрытарыялы прыпісаны, арганізаваны ў палкі, батальёны. Мы ведаем прозвішчы, усе іх даныя. І зброя для іх нарыхтавана - на кожны раён, кожны батальён".

Кіраўнік дзяржавы адзначаў, што народнае апалчэнне можа быць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны, а ў выпадку ваенных дзеянняў трансфармавацца ў тым ліку ў партызанскі рух. "Нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэта народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю дзесьці на складзе. Мы іх прызываем для абучэння - яны возьмуць свае аўтаматы (у асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет), каб маглі абараніць свой дом", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт даручаў службовым асобам прапрацаваць пытанне, як будзе арганізавана народнае апалчэнне і як будуць абучаць валоданню асноўнымі відамі зброі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі