
22 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці паставіў перад губернатарам задачу аб'яднаць у рэгіёне людзей і не сячы з-за пляча, прымаючы рашэнні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ў хуткім часе будзе праведзена важнейшая палітычная кампанія і наконт гэтага не павінна быць празмернага хвалявання. "Але аб'яднаць вобласць трэба, сабраць добрых людзей, не трэба сячы з-за пляча, - сказаў ён. - Людзям заўсёды трэба даваць шанц".
Аднак з тымі, хто па нейкіх прычынах не жадае працаваць, трэба расставацца без усялякага шкадавання, упэўнены беларускі лідар. "Час вельмі спрасаваны, напружаны. Таму трэба дзейнічаць, трэба бегчы. Хто ўпаў, захварэў і іншае - будзем лячыць. Хто пачаў кульгаць - таксама падлечым. Але той, хто не хоча (працаваць. - Заўвага БЕЛТА) - не крыўдзіцеся", - дадаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да новага старшыні Гомельскага аблвыканкама, Аляксандр Лукашэнка пажадаў: "Поспехаў! Я вельмі хачу, каб у цябе атрымалася".-0-