ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 15 чэрвеня 2021
Мінск Ясна +22°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 чэрвеня 2021, 11:21

Аб значэнні ВПК і санкцыйных пагрозах - Лукашэнку далажылі аб рабоце ваенна-прамысловага комплексу

8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам аб выніках работы і перспектывах развіцця ваенна-прамысловага комплексу намесніка прэм'ер-міністра Юрыя Назарава і старшыню Дзяржкамваенпрама Дзмітрыя Пантуса , перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ёсць шэраг прынцыповых пытанняў, якія мы павінны сёння абмеркаваць (можа, нават негалосна пакуль, хоць, увогуле, і ўтойваць няма чаго). Перш за ўсё, хачу сказаць аб значэнні ВПК для Беларусі. З-за існуючых абставін (а яны заўсёды былі ў нас няпростымі, вы гэта добра ведаеце) вельмі востра стаіць пытанне забеспячэння нашых Узброеных Сіл (не толькі арміі) сучасным узбраеннем. Менавіта тымі відамі ўзбраення, якія патрэбны для сілавых структур", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ваенна-прамысловы комплекс уносіць значны ўклад у эканоміку Беларусі. Абаронны сектар, падкрэсліў Прэзідэнт, - гэта самыя высокатэхналагічныя вытворчасці, параўнальныя толькі з касмічнымі і атамнымі тэхналогіямі. "Без развітых тэхналогій немагчыма стварыць сучасную зброю", - дадаў ён.

Гаворачы аб санкцыйных пагрозах з боку Захаду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абмежавальныя меры не паўплываюць на работу ваенна-прамысловага комплексу. "Наш ВПК не мае такіх разгалінаваных сувязей з тымі, хто пагражае нам санкцыямі. Мы не маем моцна связаных і ўзаемазалежных кантактаў з Амерыкай, Еўрасаюзам. Зразумела, што з тымі, з кім мы супрацоўнічаем у галіне стварэння ўзбраення, у нас добрыя адносіны, - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. - Тым не менш хацеў бы, каб сітуацыю вы акрэслілі".

Прэзідэнт таксама пацікавіўся фінансавымі і эканамічнымі паказчыкамі абаронных вытворчасцей. "Што мы чакаем, зыходзячы з таго, што ўжо пражылі паўгода? Што будзе ў канцы года? Якія ўзбраенні мы вырабім? Які сабекошт, затраты на гэта ўзбраенне, які будзе экспарт узбраенняў?" - абазначыў шэраг пытанняў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама спытаў, як ідзе распрацоўка іншых перспектыўных відаў узбраенняў, у прыватнасці, ракет для рэактыўнай сістэмы залпавага агню "Паланэз". Яшчэ адной тэмай даклада стаў удзел прадпрыемстваў ВПК Беларусі ў юбілейнай, 10-й Міжнароднай выстаўцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2021, якая пройдзе ў канцы чэрвеня ў Мінску.

Паводле слоў Дзмітрыя Пантуса, работа ваенна-прамысловага комплексу і абароннага сектара эканомікі ідзе ў асаблівай абстаноўцы. "Калектыўны Захад пастаянна нагнятае абстаноўку вакол Беларусі. Але трэба адзначыць, што, нягледзячы на тое, што афіцыйна чатыры прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама ўваходзяць у пакет санкцый, гістарычна ўсе прадпрыемствы абароннага сектара эканомікі заўсёды знаходзіліся пад націскам", - сказаў ён.

"Гэта натуральна. Ніхто не згодзіцца з тым, што недзе нейкая Беларусь будзе ўзбройвацца, ды яшчэ і ўласную зброю будзе вырабляць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Часта гэта нават адкрытая зайздрасць да дасягненняў ваенна-прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь", - заявіў старшыня Дзяржкамваенпрама

Як расказаў Дзмітрый Пантус журналістам па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, Прэзідэнту было даложана аб рабоце прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу і абароннага сектара "ва ўмовах націску на Беларусь калектыўнага Захаду". "Работа ўсіх прадпрыемстваў ДВПК стабільная, і нейкіх крытычных пытанняў у нас не ўзнікае, - падкрэсліў кіраўнік ДВПК. - Мы дадаткова правялі работу па імпартазамяшчэнні, распрацавана і дзейнічае праграма па імпартазамяшчэнні на бліжэйшыя 3 гады". У адпаведнасці з праграмай плануецца ў 2022 годзе замясціць прадукцыю на суму да $77 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі