Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 ліпеня 2022, 23:51

Аб славянскай душы, якая ўсё вытрымае, і агульным гістарычным выбары. Выступленне Лукашэнкі на адкрыцці "Славянскага базару"

Паважаныя сябры! Дарагія беларусы, нашы доўгачаканыя шматлікія госці!

Зноў на старажытнай Віцебскай зямлі гучаць пазыўныя "Славянскага базару". У гэтай мелодыі зліліся разам гукі любімых песень, галасы сапраўды народных артыстаў, апладысменты самай душэўнай, шчырай і вось такой адкрытай публікі, якая сабралася тут у гэтым амфітэатры.

У гэтых апладысментах гучыць шматвяковая гісторыя ўнікальнай славянскай культуры, якая ўзбагаціла свет незвычайнай духоўнасцю, глыбінёй і прыгажосцю. Гэтыя гукі зноў, як і ўсе папярэднія гады, знайшлі жывы водгук у сэрцах тысяч людзей, якія прыехалі ў Беларусь, нягледзячы на адлегласці і, на жаль, пэўныя перашкоды.

І гэта сведчанне таго, што мастацтва вечнае, а імкненне народаў да дружбы і міру пераадольвае і пераадолее любыя перашкоды. Я скажу больш: у сучасным безразважным, ашалелым свеце, які адмяняе культуру і мовы, не прызнае людзей па нацыянальных і іншых прыкметах, наш фестываль стаў ледзь ці не адзінай жыватворнай крыніцай, крыніцай стварэння і новых здзяйсненняў!

І вядома, гэта святочная, творчая атмасфера менш за ўсё схіляе да размоў аб палітыцы. Але лёс "Славянскага базару" з першага свайго дня звязаны менавіта з гэтай палітыкай. І мы правільна зрабілі, што захавалі наш фестываль тады, у цяжкія 90-я.

Наш дэвіз "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" зноў актуальны як ніколі. Але ж, ствараючы гэты форум, мы і падумаць не маглі, што адзіны славянскі свет, моцны сваёй тысячагадовай гісторыяй, будзе пастаўлены ва ўмовы палітычнага і культурнага выжывання. Што будуць страчаны простыя чалавечыя каштоўнасці, якія так важныя ў адносінах паміж краінамі і народамі, такія як дружба, давер, шчырасць.

Мы нават не маглі ўявіць, што з палітычнай карты знікне дружалюбная нам Югаславія, постсавецкая прастора паглыбіцца ў шэраг узброеных канфліктаў. А блок НАТА, ваенны блок, расшырыцца на ўсход, раскідаўшы славян па розныя бакі барыкад.

Але самы знішчальны ўдар быў нанесены восем гадоў таму - восем гадоў! - адразу ў сэрца славянскага свету - у беларуска-расійска-ўкраінскае братэрства. І як бы сёння ні пераварочвалі гісторыю з ног на галаву, мы страцілі Украіну задоўга да пачатку спецыяльнай аперацыі. Тады, калі яе палітыкі самі адмовіліся ад славянскай ідэнтычнасці. Калі нам цудам удавалася прывесці на гэту сцэну ўкраінцаў, нават тых, якія даўно жывуць у іншых краінах.

Але чаго б нам гэта ні каштавала, на адкрыцці "Славянскага базару" гучала ўкраінская мова. І будзе гучаць, у тым ліку сёння. Больш таго: яна будзе тут гучаць заўсёды!

Украіна, брацкі ўкраінскі народ вернецца ў сваю сям'ю, а мы зрабіць павінны ўсё магчымае, каб фестываль жыў. Каб сюды прыязджалі людзі з розных куткоў зямлі. І няхай ніхто не сумняваецца: наша славянская душа ўсё вытрымае, чарговы раз перапакутуе, а ідэі дабра, міру і справядлівасці зноў перамогуць.

І як бы Захад ні спрабаваў аддзяліць нас жалезнай заслонай, да нас прадаўжаюць прыязджаць госці з Еўропы і з іншых кантынентаў. Білеты на канцэрты прадаюцца, гасцініцы перапоўнены. Сёння тут, як, зрэшты, і заўсёды, побач з беларусамі сапраўдныя сябры, якія падзяляюць нашу пазіцыю і погляды на жыццё. Шчыра, па-сапраўднаму! Паверце, мы ў Беларусі вельмі гэтым даражым! Вялікі вам за гэта дзякуй!

І я хачу падзякаваць усім, хто стаяў ля вытокаў стварэння фестывалю, хто ўсе гэтыя гады арганізуе свята, дорыць людзям сваю творчасць. Мы сапраўды разам стварылі маштабны праект сусветнага ўзроўню, які аб'ядноўвае народы і культуры, дэманструе наш агульны гістарычны выбар, нашу нацыянальную годнасць.

Дарагія сябры!

"Славянскі базар" ужо даўно выйшаў за рамкі культурнага мерапрыемства і тое, што вакол яго пастаянна разгараюцца палітычныя страсці, яшчэ адно таго пацвярджэнне.

Я ўдзячны ўсім удзельнікам фестывалю, хто смела і горда прыехаў прадставіць культуру сваёй краіны. У руках такіх, як вы, павінна быць будучыня свету. Свету, які, веру, пераадолее кінуты чалавецтву выклік на чалавечнасць!

А на фестывальных пляцоўках Віцебска будуць выступаць беларусы, рускія, украінцы, прадстаўнікі многіх-многіх краін свету. Тут традыцыйна будуць гучаць разам імёны вялікіх рускіх і іншых сусветных класікаў - як павінна быць у сучасным высокаразвітым і цывілізаваным грамадстве.

Тут зноў будуць запальвацца новыя зоркі і маленькія зорачкі, а ў сэрцы кожнага артыста будзе жыць любоў да гэтай сцэны, да гэтага горада, да гэтых гледачоў, якія павераць у іх і падораць унікальны шанц, што адчыняе дзверы ў свет мастацтва.

Дарагія сябры, са святам вас! Чарговы "Славянскі базар у Віцебску" адкрываю, аб'яўляю адкрытым!-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі