Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 жніўня 2022, 12:40

Аб разліках на ўраджай, падтрымцы вяскоўцаў і імпартазамяшчэнні. Аб чым гаварыў Лукашэнка ў гаспадарцы Пружанскага раёна

19 жніўня, Пружанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час паездкі ў Пружанскі раён наведаў гаспадарку "Жураўлінае", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У першую чаргу ў Пружанскім раёне Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ўнясенне мінеральных угнаенняў, таму што ў многім гэта аснова ўраджаю. Аб'ёмы і ў наступным годзе трэба захаваць і пакрыху прыбаўляць.

Аб планах на ўраджай

У бягучым годзе аграрыі чакаюць ураджай збожжавых каля 11 млн т, у тым ліку больш за 8 млн т каласавых. Плюс яшчэ рапс і зерне кукурузы, далажыў Прэзідэнту міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

"Нам трэба ўтрымаць унясенне мінеральных угнаенняў у тых аб'ёмах, што былі ў гэтым годзе, і хоць чуць-чуць прыбаўляць. Тады мы будзем стабільна мець 11-11,5 млн т збожжавых", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што задача па дасягненні такой ураджайнасці ставілася на перспектыву двух гадоў, але ўдалося яе выканаць ужо ў бягучым годзе. Дапамагло і добрае надвор'е, але ў цэлым важна разумнае гаспадаранне на зямлі і строгае захаванне тэхналогій, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аб перспектывах вытворчасці гербіцыдаў

Ігар Брыло паабяцаў, што ўжо ў нядзелю намалот збожжавых каласавых па краіне складзе 7 млн т, а гэта каля 85 працэнтаў ад плошчаў, што падлягаюць уборцы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пасевам з палегліцай. Для іх уборкі ў гаспадарках ёсць неабходная тэхніка.

На ўраджайнасць уплывае і ўнясенне ў глебу гліфасатаў - гербіцыдаў, якія выкарыстоўваюцца для барацьбы з пустазеллем. Магчыма, у Беларусі атрымаецца наладзіць іх вытворчасць. Аснова гербіцыда - кітайская. "Чаму з кітайцамі не дамовіцца і не паспрабаваць? Няма нерэалізуемых праблем. Таму па хіміі трэба працаваць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Аб вырошчванні рапсу

На палях гаспадаркі "Жураўлінае" Прэзідэнту прадставілі выстаўку насення сартоў і гібрыдаў рапсу, прадукцыю з яго. Выраблена яна на суседнім прадпрыемстве "Аграпрадукт".

"Мы не памыліліся па рапсе?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка запэўніў, што не. Попыт на прадукцыю з рапсу расце, таму штогод пашыраюцца пасяўныя плошчы гэтай культуры, расце і ўраджайнасць.

Аб падтрымцы вяскоўцаў

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз звярнуў увагу на важнасць дадатковай падтрымкі вяскоўцаў, якія пражываюць і працуюць у зоне адказнасці гаспадарак і вытворчых прадпрыемстваў. Вырашэнне пытанняў сацыяльнай сферы стаіць у адным шэрагу з развіццём вытворчасцей і павышэннем эфектыўнасці іх работы.

"У магіле кішэняў няма. Што мы, на той свет забяром гэтыя грошы? Трэба і сялянам дапамагаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Напярэдадні на гэту ж тэму ён выказаўся і ў час наведвання ў Гродзенскім раёне вытворчага кааператыва імя В.І.Крамко. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што няхай у прадпрыемства будзе і меншая рэнтабельнасць, але аб сацыяльнай сферы забываць нельга.

Аб імпартазамяшчэнні

У гаспадарцы Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з тэхналогіяй вырошчвання рапсу, якая выкарыстоўваецца тэхнікай.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяпер адна з важнейшых задач - адысці ад імпарту. "Аж да таго, каб вызначаць: дазваляю купіць камбайн, дазваляю купіць сеялку. Астатняе - беларускае, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Інакш у адваротным выпадку мы ніколі не забяспечым загрузку сваіх прадпрыемстваў".

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што і вытворцам тэхнікі трэба забяспечваць гарантыйнае абслугоўванне машын хаця б на працягу трох гадоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі