ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 8 снежня 2021
Мінск Малавоблачна -13°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 кастрычніка 2021, 17:55

Аб Канстытуцыі "пад Прэзідэнта", двоеўладдзі і рэакцыі на кожны чых збеглых. Змяненне Асноўнага закона зноў абмеркавалі ў Лукашэнкі

У час нарады
У час нарады

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка правёў сустрэчу з рабочай групай па дапрацоўцы праекта новай Канстытуцыі краіны, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства нагадаў аб раней прынятым рашэнні дапрацаваць папраўкі ў Канстытуцыю на ўзроўні экспертнай групы. "Зусім нядаўна мы дамовіліся, што правядзём пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі пасля таго, як рабочая група, члены якой тут прысутнічаюць, скончаць - разам са мной, вядома, - напісанне Канстытуцыі. Яе канчатковы варыянт будзе вынесены на пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі і адразу ж на рэферэндум", - адзначыў Прэзідэнт. Гэта значыць, задача рабочай групы, як яе сфармуляваў Аляксандр Лукашэнка, - прадоўжыць пачатую Канстытуцыйнай камісіяй дзейнасць.

У далейшым кваліфікаваныя юрысты дапамогуць сфармуляваць прапановы рабочай групы правільнай з юрыдычнага пункту гледжання мовай. "Наша справа - вызначыцца і прапанаваць Канстытуцыйнай камісіі і людзям варыянты будучай Канстытуцыі хаця б па асноўных момантах, якія вельмі важныя для кіравання дзяржавай і так ці інакш абмяркоўваюцца нашымі людзьмі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб складзе рабочай групы

У склад рабочай групы ўвайшлі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і прадстаўнікі абедзвюх палат парламента, намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў, кіраўнік Апарату Савета Міністраў Канстанцін Бурак, намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Наталля Карповіч і суддзя Вольга Сяргеева, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, памочнік кіраўніка дзяржавы Аляксандр Косінец і доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Радзькоў.

"Зразумела, тут сабраліся перш за ўсё дзяржаўнікі і ўпраўленцы са стажам, вопытныя людзі розных прафесій. Менавіта яны павінны фарміраваць аблічча новай Канстытуцыі, - звярнуў увагу беларускі лідар. - З прычыны свайго статусу і вопыту кіруючай работы на высокіх пасадах вы глыбей разумееце сэнс пераўтварэнняў Асноўнага закона, іх абгрунтаванасць, перспектыўнасць у плане развіцця нашай дзяржаўнасці і абароны нашых нацыянальных інтарэсаў.

Аб пастаўленых задачах

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу рабочай групе трэба будзе сканцэнтравацца на шэрагу нявырашаных прынцыповых пытанняў, якіх, паводле яго слоў, нямала. "Трэба кожнае дэталёва абмеркаваць у канструктыўным ключы і знайсці самыя аптымальныя рашэнні. Калі ў працэсе работы ўбачыце, што яшчэ нейкія палажэнні патрабуюць дашліфоўкі, таксама прапаноўвайце свае падыходы", - сказаў ён.

"Галоўнае ў рабоце гэтай групы над канстытуцыйнымі змяненнямі - не дапусціць разбалансаванасці сістэмы органаў дзяржаўнай улады. Важна пазбегнуць змяшэння функцый і паўнамоцтваў ключавых органаў, забяспечыць узгодненасць іх дзеянняў", - расставіў акцэнты беларускі лідар.

Асаблівую ўвагу, на думку Прэзідэнта, трэба ўдзяліць новаму органу - Усебеларускаму народнаму сходу. "Трэба вызначыць яго статус, парадак фарміравання і кампетэнцыю. Зрабіць гэта так, каб не парушыць устойлівасць дзяржаўнага апарату, не дапусціць з'яўлення ў краіне двоеўладдзя", - акрэсліў кола задач Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым дзейнасць рабочай групы павінна быць актыўнай і аператыўнай з самага пачатку, паколькі часу на разварушванне абсалютна няма, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Вынікам дзейнасці групы стане праект Асноўнага закона, які, як я сказаў, абмяркуем на Канстытуцыйнай камісіі і ўнясём для ўсенароднага абмеркавання. А потым ужо дашліфоўваем пасля ўсенароднага абмеркавання, і праект ідзе на рэферэндум (ён павінен адбыцца не пазней за люты 2022 года. - Заўвага БЕЛТА)", - растлумачыў Прэзідэнт.

Па прапанове кіраўніка дзяржавы работа групы будзе сканцэнтравана і зведзена ў Адміністрацыю Прэзідэнта, а кіраўнік Адміністрацыі будзе аператыўна кіраваць гэтай дзейнасцю. "Адміністрацыя Прэзідэнта - той орган, які і павінен у дадзеным выпадку займацца гэтай работай, як гэта было і ў мінулым", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Аб звычцы арыентавацца на думку Прэзідэнта

Звяртаючыся да ўдзельнікаў рабочай групы, ён засяродзіў увагу на тым, што чакае ад іх ініцыятыўнасці і праяўлення актыўнай пазіцыі. "Давайце дамовімся так, што вы не будзеце прыходзіць да мяне і глядзець на мяне: а што скажа Прэзідэнт, - запатрабаваў беларускі лідар. - Гэта ж нядобра: людзі не пачулі ад Прэзідэнта на працягу двух тыдняў размоў пра кавід - згубілі з поля зроку Прэзідэнта. Госпадзі, дзе Прэзідэнт!?"

Ён адзначыў, што ў Беларусі людзі прывыклі, што Прэзідэнт пастаянна ўключаны ў вырашэнне самых розных актуальных пытанняў. "Прэзідэнт - кожны дзень. Але не сказаў нейкае слова - а дзе ён? Гэта не толькі таму, што мы прывучылі да гэтага людзей, а таму, што нашы людзі такія. І дзякуй богу! Добрыя, прыстойныя, якія прывыклі арыентавацца на спецыялістаў, вельмі адукаваныя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я гатовы слухаць, уключацца ў работу, але вы прапаноўвайце. Вы ўжо моцныя спецыялісты, вопытныя, вы ведаеце, што можна вынесці на Усебеларускі народны сход, што пакінуць у паўнамоцтвах Прэзідэнта, каб яго не перагружаць, што павінна быць ва ўрадзе, мясцовых органах улады", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на адказнасць удзельнікаў рабочай групы ў прыняцці правільных, вывераных рашэнняў, таму што любы іх няправільны крок можа разбурыць краіну.

"Не мне Аляксандра Міхайлавіча (Радзькова. - Заўвага БЕЛТА) вучыць, або Міхаіла Іванавіча Русага, або нават маладзейшага, Міхаіла Орду вучыць таму, якой павінна быць краіна. Мы ўсе з вамі яе рабілі ўласнымі рукамі. Таму давайце прапануем варыянт Канстытуцыйнай камісіі і потым - людзям розных узростаў, перакананняў, прафесій, каб яны зразумелі, што гэта іх Канстытуцыя", - падагульніў Прэзідэнт.

Аб сутнасці канстытуцыйных змяненняў і збеглай апазіцыі

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што збеглая апазіцыя спрабуе пераканаць усіх, нібыта новая Канстытуцыя Беларусі распрацоўваецца пад дзеючага Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка развянчаў гэты міф: паводле яго слоў, якраз дзеючай Канстытуцыяй замацоўваецца моцная прэзідэнцкая ўлада. "Калі ўжо шчыра гаварыць, то цяперашняя Канстытуцыя - гэта дакладна пад Прэзідэнта. І лепшай Канстытуцыі, як яны мысляць, па іх крытэрыях, ніякаму прэзідэнту не трэба. Гэта Канстытуцыя сапраўды вельмі жорсткая. Многія спецыялісты кажуць, што аўтарытарнага характару ў нас улада па гэтай Канстытуцыі - гэта сапраўды так. І мы гаворым, чаму мы рабілі гэту Канстытуцыю такім чынам і пад Прэзідэнта. Таму любая іншая Канстытуцыя будзе "слабейшая, чытай, як яны кажуць, "больш дэмакратычная" за цяперашнюю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, надышоў час на ўзроўні Канстытуцыі пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж органамі ўлады. Іх абавязкі і зоны адказнасці павінны быць разгрупаваны, але краіна ўсё роўна павінна застацца прэзідэнцкай рэспублікай, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Так, заўважыў ён, лічыць і пераважная большасць беларусаў: яны выступаюць за моцную прэзідэнцкую ўладу.

"Я абсалютна ўпэўнены, што Беларусь павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай, калі мы хочам захаваць краіну. І Усебеларускі народны сход уводзіцца не таму, што нехта з прысутных або дзеючы Прэзідэнт ірвецца на гэту пасаду, а для таго, каб забяспечыць, як юрысты кажуць, стрымліванне і процівагу, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта адна з фундаментальных рэчаў - стрымліванне і процівага, на гэтым грунтуюцца ўсе законы і заканадаўчыя акты, і перш за ўсё Асноўны закон".

Прэзідэнт падкрэсліў, што новы праект Канстытуцыі павінен распрацоўвацца з улікам канструктыўных меркаванняў беларускіх грамадзян, а не з аглядкай на збеглую апазіцыю. "Мы будзем іх чуць, хочам мы гэтага ці не, але рэагаваць на кожны чых з-за межаў нашай краіны людзей, якія сёння адпрацоўваюць грошы амерыканцаў, немцаў і іншых, седзячы ў Польшчы або Літве, - тады мы перастанем працаваць і клапаціцца аб уласным народзе, і ні кавід, і ні санкцыі - ніводнага пытання мы не вырашым", - падагульніў ён.

Аб дыскусійных пытаннях

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка расказаў журналістам падрабязнасці праведзенай сустрэчы ў Аляксандра Лукашэнкі. Абмяркоўваліся канкрэтныя напрамкі дзейнасці рабочай групы па шэрагу пытанняў, у тым ліку адносна стутусу Усебеларускага народнага сходу, паўнамоцтваў розных органаў і іншых палажэннях Канстытуцыі. "Работа чакаецца скрупулёзная, напружаная. Таму што па Канстытуцыі жыць гады і дзесяцігоддзі", - падкрэсліў ён.

Адказваючы на пытанне, ці ёсць ужо канкрэтныя рашэнні наконт фарміравання і колькасці Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта сказаў: "Не хачу ўводзіць у зман. Яшчэ трэба будзе выпрацаваць падыходы, як будзе фарміравацца УНС. Сама назва - Усебеларускі народны сход - шырокія слаі грамадства. Як рэгіёны будуць прадстаўлены, дзеючыя дэпутаты... Па колькасці таксама пакуль яшчэ пытанне дыскусійнае. Ён павінен прадстаўляць усе слаі грамадства. Але разам з тым не павінен быць грувасткім. Павінен быць у меру кампактным. Над гэтымі пытаннямі ў тым ліку будзе працаваць група", - расказаў Ігар Сергяенка.

Ён разлічвае, што ў цэлым працэс дапрацоўкі зойме каля месяца. "Думаю, што да снежня, можа, да канца лістапада выйдзем на ўсенароднае абмеркаванне", - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Гэта ж сур'ёзны дакумент. Эпахальны, я нават сказаў бы. Трэба глядзець наперад, як ён будзе працаваць далей, якія ў нас сёння рызыкі, выклікі і пагрозы і якія будуць заўтра. Не проста так - сесці і напісаць юрыдычныя фармулёўкі, а зыходзячы з вопыту папярэдніх пакаленняў нешта спрагназаваць. Работа вельмі сур'ёзная", - падкрэсліў Ігар Сергяенка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі