
17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узаемаадносіны Японіі і Беларусі вельмі блізкія, цесныя, прамыя. Такое меркаванне выказаў журналістам вядучы японскага тэлеканала TBS Шыгеноры Канехіра пасля інтэрв'ю з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Размова кіраўніка дзяржавы з японскім журналістам прадаўжалася каля паўтары гадзіны. Значная частка інтэрв'ю была прысвечана сітуацыі ў рэгіёне, у прыватнасці падзеям ва Украіне, пытанням ажыццяўлення бяспекі, магчымасцям мірнага ўрэгулявання канфлікту і ролі Беларусі ў гэтых працэсах. Асобна закраналася тэма атамнай энергетыкі, што мае асаблівую актуальнасць для Японіі, якая перажыла аварыю на АЭС Фукусіма-1. Размова таксама ішла аб двухбаковых адносінах Беларусі з гэтай краінай. Акрамя таго, пытанні Прэзідэнту датычыліся яго меркавання аб распадзе Савецкага Саюза, асабістых і прафесійных узаемаадносін Аляксандра Лукашэнкі з лідарамі Расіі і Украіны.
Паводле слоў журналіста, сам факт сустрэчы для інтэрв'ю з беларускім лідарам стаў для яго значнай падзеяй, якую Шыгеноры Канехіра чакаў амаль паўтара года - столькі часу прайшло з моманту накіравання запыту на інтэрв'ю. "У нас адбылася прамая размова, шчыры дыялог. Я вельмі задаволены", - падзяліўся ўражаннямі журналіст.
Ён асабліва адзначыў цеснае супрацоўніцтва Беларусі і Японіі, заснаванае ў тым ліку на вопыце абедзвюх краін у пераадоленні наступстваў аварый на атамных электрастанцыях. "Што датычыцца ўзаемаадносін паміж Японіяй і Беларуссю, то я лічу, што яны вельмі блізкія, цесныя, прамыя, таму што ваша краіна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС", - падкрэсліў ён.
Аднак на гэтым этапе супрацоўніцтва на ўзроўні дзяржаў цяжкае з-за абставін, перакананы журналіст. Разам з тым магчыма развіццё адносін паміж простымі людзьмі. "Калі гаварыць аб адносінах паміж нашымі краінамі і народамі, я вельмі спадзяюся на далейшае паглыбленне адносін на ўзроўні простых людзей, прафесіяналаў, у тым ліку і журналістаў, - сказаў ён. - На ўзроўні простых людзей, мірных грамадзян, думаю, нашы з вамі адносіны могуць яшчэ развівацца, але на ўзроўні ўрадаў у далейшым складана іх развіваць".-0-