ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 6 мая 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
02 красавіка 2021, 17:42

Выступленне Качанавай на адкрыцці пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання

Фота з архіва
Фота з архіва

Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Качанавай Н.І. на адкрыцці пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання

Паважаныя члены Савета Рэспублікі і запрошаныя!

Сёння пачынае работу пятая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Міжсесіённы перыяд быў насычаны важнымі падзеямі для нашай краіны.

Так, зусім нядаўна VI Усебеларускі народны сход даў старт новай пяцігодцы.

Усе мы былі ўдзельнікамі гэтага маштабнага форуму, які аб'яднаў народ Беларусі пад дэвізам "Адзінства. Развіццё. Незалежнасць".

Дэлегатамі сходу:

адобраны асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, у якіх вызначаны прыярытэты на бягучую пяцігодку - "шчаслівая сям'я", "моцныя рэгіёны", "інтэлектуальная краіна", "дзяржава-партнёр";

разгледжаны актуальныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця;

пастаўлены стратэгічныя задачы, якія стануць мэтавымі арыенцірамі для дзейнасці дзяржаўных органаў, працоўных калектываў і ўсяго беларускага народа.

У цэнтры дзяржаўнай палітыкі нашай краіны заўсёды быў і будзе чалавек, яго правы, свабоды і законныя інтарэсы, а грамадскімі каштоўнасцямі заўсёды будуць мір, стабільнасць, спакой і прагрэс.

Сёння Рэспубліка Беларусь вымушана процістаяць шырокаму спектру пагроз, аб якіх раней не магло быць і размовы.

На жаль, у жыццё ўсё мацней уваходзяць паняцці эканамічных санкцый, двайных стандартаў, інфармацыйнай агрэсіі, фальсіфікацыі гісторыі, каляровых рэвалюцый, гібрыдных войнаў.

Таму як ніколі актуальнай з'яўляецца задача па кансалідацыі грамадства з мэтай процідзеяння новым выклікам сучаснасці.

Для гэтага, несумненна, патрэбны эфектыўныя нарматыўныя рэгулятары і сучасная прававая сістэма, заснаваныя на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь створана Канстытуцыйная камісія, у склад якой увайшлі і члены Савета Рэспублікі.

Кіраўніком дзяржавы перад камісіяй пастаўлена надзвычай адказная задача - выпрацаваць прапановы па змяненні Асноўнага закона краіны з улікам меркаванняў, што паступілі ў час правядзення дыялогавых пляцовак, работы грамадскіх прыёмных, разгляду зваротаў грамадзян.

Мадэрнізацыя шэрага канстытуцыйна-прававых норм павінна садзейнічаць забеспячэнню нацыянальнай бяспекі і ўмацаванню правапарадку, дасягненню сацыяльнай стабільнасці і згоды ў грамадстве. Абноўленая Канстытуцыя стане базай для палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы і грамадства на многія гады наперад.

Заклікаю ўсіх членаў Савета Рэспублікі сур'ёзна ўключыцца ў гэту дзейнасць. Бо вы прадстаўляеце цэлыя рэгіёны нашай краіны, а значыць, павінны праводзіць шырокамаштабную інфармацыйную работу па давядзенні да працоўных калектываў і насельніцтва рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, абмеркаванні канстытуцыйных ініцыятыў і навацый.

Цяпер, у Год народнага адзінства, як ніколі важная актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас, ад якой залежыць будучыня дзяржавы і беларускага народа.

Паважаныя калегі!

У працэсе заканатворчай дзейнасці нам неабходна працаваць на апярэджанне - удасканальваць нарматыўную прававую базу з улікам сучасных рэалій.

Заканадаўства, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, "павінна не толькі аператыўна рэагаваць на любыя парушэнні, але і папярэджваць магчымыя пагрозы. І гэта самае галоўнае".

Хачу адзначыць, што ў Савеце Рэспублікі зроблена многае ў гэтым напрамку.

У максімальна сціслыя тэрміны ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі быў падрыхтаваны цэлы пакет законапраектаў - аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, удасканаленні крымінальнага і працоўнага заканадаўства, правядзенні масавых мерапрыемстваў, дзейнасці праваахоўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі і па шэрагу іншых пытанняў.

Законапраект аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму распрацаваны непасрэдна парламентарыямі па даручэнні кіраўніка дзяржавы. У ім будуць устаноўлены прававыя механізмы процідзеяння гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, забарона на сімволіку і атрыбутыку фашысцкіх калабарантаў, якія ўдзельнічалі ў генацыдзе беларускага народа.

Мы не маем права забываць сваю гісторыю. Спаленая датла Хатынь і яшчэ больш за дзевяць тысяч знішчаных вёсак назаўсёды застануцца сімвалам трагедыі нашага народа і вечнай памяці пра кожнага трэцяга загінулага беларуса.

Захаванне гістарычнай памяці - гэта перш за ўсё эфектыўная абарона ад шматлікіх спроб розных дэструктыўна і варожа настроеных у адносінах да нашай краіны сіл разбурыць у ёй мір і грамадскую згоду, раз'яднаць і аслабіць Беларусь.

Упэўнена, што выкажу агульнае меркаванне - грамадзяне павінны адчуваць сябе абароненымі ад тых, хто парушае іх правы і законныя інтарэсы, ад самавольства, якое спрабуюць учыніць замежныя "павадыры" і іх мясцовыя марыянеткі.

Гэта датычыцца і дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Неабходна паставіць прававую заслону скажэнню і падтасоўцы фактаў, распаўсюджванню фэйкаў. Нашы грамадзяне маюць права на атрыманне аб'ектыўнай інфармацыі, якая заслугоўвае даверу.

Зусім недапушчальны замах на асабістае жыццё і персанальныя даныя нашых грамадзян.

Блок гэтых законапраектаў прызначаны садзейнічаць умацаванню правапарадку і грамадскай бяспекі ў краіне.

Хачу падзякаваць старшыням пастаянных камісій за ініцыятыўнасць і настойлівасць у рабоце над гэтымі праектамі.

У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год, зацверджаным кіраўніком дзяржавы, нам давядзецца ўдзельнічаць таксама ў распрацоўцы абсалютна новых для нацыянальнай прававой сістэмы законаў - "Аб лізінгавай дзейнасці", "Аб страхавой дзейнасці", "Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі", "Аб аб'яднаннях наймальнікаў" і шэрага іншых.

На бягучай сесіі плануецца разгледзець больш за 30 законапраектаў. У іх ліку справаздачы аб выкананні важнейшых фінансавых дакументаў - рэспубліканскага бюджэту і бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за мінулы год, а таксама праекты ў сферы дзяржаўнай службы, мытнага рэгулявання, сацыяльнай абароны, інавацыйнай дзейнасці і іншых сфер грамадскіх адносін.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца моладзі. Вырашэнне праблем, якія хвалююць маладых людзей, з'яўляецца састаўной часткай дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльна-эканамічнага, культурнага і нацыянальнага развіцця краіны.

Разам з тым падзеі, якія адбываюцца ў свеце і закранулі ў тым ліку у мінулым годзе і нашу краіну, сведчаць аб мэтанакіраваных спробах выкарыстоўваць моладзь у дэструктыўных антыграмадскіх дзеяннях.

У сувязі з гэтым у сваёй рабоце мы павінны зрабіць асаблівы акцэнт на пераемнасці традыцый і выхаванні ў моладзі грамадзянскасці, адказнасці і патрыятызму.

Неабходна накіраваць кіпучую энергію моладзі ў стваральнае рэчышча.

Напрыклад, у рэгіёнах функцыянуе каля 60 маладзёжных парламенцкіх структур. Летам мінулага года пры нашай падтрымцы сфарміраваны Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе. Патэнцыял такіх структур трэба максімальна выкарыстоўваць для ўзмацнення ўзаемадзеяння органаў улады і моладзі.

Маладыя людзі ўжо выступілі з шэрагам ініцыятыў, якія заслугоўваюць увагі і падтрымкі. Так, адбыўся першы Беларускі маладзёжны парламенцкі форум, у рамках якога падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу "Каманда будучыні". Створана новае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Рух наперад".

Рэалізацыя такіх праектаў садзейнічае раскрыццю творчага пачатку і лідарскіх якасцей моладзі, падрыхтоўцы кадравага рэзерву ўпраўленцаў.

Перспектыўным фарматам узаемадзеяння членаў Савета Рэспублікі з навучэнскай моладдзю становіцца інфармацыйна-адукацыйны праект "ШАГ".

Маладыя людзі сталі частымі гасцямі ў Савеце Рэспублікі. Школьнікамі асабліва запатрабавана адкрытая размова і дыялог. Гэта выклікае жывую цікавасць да парламенцкай дзейнасці і функцыянавання дзяржаўных інстытутаў у цэлым.

Хачу адзначыць творчы падыход да работы з моладдзю членаў Савета Рэспублікі Тамары Анатольеўны Шатлікавай і Аляксандра Сяргеевіча Карпіцкага, якія арганізавалі сярод навучэнцаў двух раёнаў Брэсцкай вобласці конкурс сачыненняў на тэму "Калі б я быў сенатарам". Вынікі мы падвялі ў Савеце Рэспублікі, уручылі пераможцам дыпломы і правялі з навучэнцамі сустрэчу ў фармаце адкрытага дыялогу.

Гэта вельмі добрая ініцыятыва, якая павінна атрымаць сваё прадаўжэнне і развіццё.

Па прапанове нядаўна створанай у Савеце Рэспублікі пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" адбыліся сустрэчы з курсанткамі Акадэміі МУС, Магілёўскага інстытута МУС, навучэнцамі Полацкага каледжа. Дзякуй Таццяне Генадзьеўне Палушкінай за падтрымку гэтай ініцыятывы.

Нам і ў далейшым трэба больш актыўна сустракацца з маладымі людзьмі, інфармаваць аб сваёй дзейнасці, садзейнічаць фарміраванню ў маладзёжным асяроддзі прававой культуры, навыкаў ацэнкі грамадска-палітычных падзей, якія адбываюцца ў краіне і свеце.

Паважаныя калегі!

Савет Рэспублікі пастаянна ўдасканальвае формы і метады сваёй дзейнасці, апрабуе новыя актуальныя напрамкі.

Добрай практыкай сталі тэматычныя выязныя пашыраныя пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі. У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце разгледжаны пытанні патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі ў кантэксце выклікаў сучаснасці, у адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Мінска - вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2020 годзе.

Правядзенне мерапрыемстваў у такім фармаце будзе прадоўжана. У нашых планах - абмеркаваць развіццё сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, удасканаленне падрыхтоўкі прызыўнікоў да службы ва Узброеных Сілах, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання інтэлектуальнага патэнцыялу ў мэтах забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Акрамя таго, у нашай дзейнасці актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі.

У лістападзе 2020 года абмеркаваны перспектывы развіцця кластараў у Беларусі на прыкладзе нафтахімічнага кластара г.Наваполацка, выпрацаваны рэкамендацыі ў частцы фінансавання інавацыйных праектаў, кадравай палітыкі ў галіне кіравання кластарамі, юрыдычнага суправаджэння іх дзейнасці.

На маючым адбыцца пасяджэнні навукова-кансультатыўнага савета плануецца разгледзець праблемы падрыхтоўкі кадраў для высокатэхналагічных галін эканомікі і вызначыць шляхі іх вырашэння.

Як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва Савет Рэспублікі самую пільную ўвагу ўдзяляе пытанням развіцця рэгіёнаў.

У рамках выканання пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач члены Савета Рэспублікі ўдзельнічаюць у маніторынгу цэн у гандлёвых сетках, актыўна працуюць з насельніцтвам.

З пачатку года адбылося больш за 500 сустрэч з працоўнымі і студэнцкімі калектывамі, насельніцтвам па месцы жыхарства.

Праведзена больш за 160 асабістых прыёмаў грамадзян (у тым ліку выязныя), у ходзе якіх прынята 640 чалавек. Усяго разгледжана больш за 1600 зваротаў.

Але галоўнае не статыстыка, а канкрэтны вынік. Дапамагчы многім людзям удалося дзякуючы асабістаму ўдзелу сенатараў. Грамадзяне выказалі ўдзячнасць Віктару Міхайлавічу Ананічу, Васілю Пятровічу Маркевічу, Валерыю Мікалаевічу Палішчуку, Віктару Іванавічу Чайчыцу, Феліксу Валянцінавічу Яшкову.

Мы абавязаны памятаць: усё, што хвалюе чалавека, - павінна быць пастаянна ў фокусе нашай увагі. Бо чулае і ўважлівае стаўленне, дапамога ў вырашэнні здавалася б нават самых нязначных праблем уплываюць на стаўленне людзей да ўлады і ўзровень даверу да яе.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Вялікая ўвага намі ўдзяляецца пашырэнню міжнароднага парламенцкага супрацоўніцтва, якое сёння развіваецца, шчыра кажучы, у няпростых умовах. Многім не даспадобы стабільнасць і дынамічнае развіццё Беларусі, яе самастойная ўнутраная і знешняя палітыка. Рэспубліка зведвае непрыкрыты эканамічны і палітычны прэсінг. На жаль, у гэтым істотную ролю адыгрываюць заканадаўчыя органы і парламентарыі краін Захаду, а таксама міжпарламенцкія арганізацыі. Прадаўжаецца мэтанакіраванае знешняе ўмяшанне ва ўнутраныя справы нашай краіны, асноўнай мэтай якога з'яўляецца змяненне яе канстытуцыйнага ладу і праводзімага дзяржаўнага курсу.

Знешнія і ўнутраныя нядобразычліўцы імкнуцца арганізаваць міжнародную ізаляцыю беларускай дзяржавы. Але, нягледзячы на гэта, умацоўваюцца нашы міжпарламенцкія сувязі з краінамі СНД, Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі.

На запрашэнне да дыялогу адгукнуўся Сенат Французскай Рэспублікі. Кіраўнік міжпарламенцкай групы "Францыя - Беларусь" у сваім пасланні ў адрас Савета Рэспублікі падкрэсліў, што "французская група настроена прытрымлівацца ўзважанай і канструктыўнай пазіцыі ў адносінах да Беларусі ў адпаведнасці з прынцыпамі міжпарламенцкіх груп дружбы ў Сенаце Францыі".

Цяпер ідзе падрыхтоўка беларуска-французскага міжпарламенцкага вэбінара. У развіцці міжпарламенцкіх сувязей будуць выкарыстаны магчымасці гарадоў-пабрацімаў дзвюх краін.

Старшыня Пастаяннай камісіі Сената Італіі па замежных справах і эміграцыі выказаў занепакоенасць уздзеяннем сітуацыі ў нашай краіне на рэгіянальную бяспеку і стабільнасць. У мэтах актывізацыі міжпарламенцкага супрацоўніцтва будзе праведзена відэаканферэнцыя паміж верхнімі палатамі беларускага і італьянскага парламентаў з удзелам кіраўніцтва палат.

Беларускія сенатары ў рамках Камісіі Парламенцкага сходу па пытаннях знешняй палітыкі вядуць сур'ёзную работу па падрыхтоўцы міжнароднай канферэнцыі, дзе будуць разгледжаны пытанні захавання правоў і свабод грамадзян у замежных краінах і Саюзнай дзяржаве, меры па процістаянні знешнім выклікам і пагрозам, захаванні гістарычнай памяці, процідзеянні спробам гераізацыі нацызму і перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны.

Нам трэба праяўляць большую настойлівасць і наступальнасць у міжнароднай парламенцкай дзейнасці на еўрапейскім напрамку, аператыўна рэагаваць на недружалюбныя выпады і аргументавана адстойваць свае пазіцыі, у тым ліку шляхам накіравання ў міжнародныя міжпарламенцкія структуры нашых заяў і каментарыяў.

Кожнаму члену Савета Рэспублікі неабходна валодаць актуальнай інфармацыяй аб нашай краіне і даводзіць яе да замежных калег. Бо парламентарызм - дзейсны інструмент канструктыўнага партнёрства, які прызначаны ўстараняць перашкоды і недастатковае разуменне, знаходзіць кампраміс і ўзгодненыя пазіцыі.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Пачатак вясенняй сесіі парламента супадае з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Гэта асаблівае свята для нашых краін. Час, што мінуў з дня падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, даказаў: прынятае рашэнне было правільным. Сёння ні ў кога не выклікае сумнення, што Саюзная дзяржава - гэта паспяховая форма інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Мы павінны даражыць дасягнутым і сумесна з расійскімі парламентарыямі садзейнічаць далейшаму пашырэнню супрацоўніцтва, стварэнню эфектыўнай прававой базы саюзнага будаўніцтва.

Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Чарговы VIII Форум на тэму "Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў эпоху лічбавізацыі" пройдзе ў Расійскай Федэрацыі ў чэрвені.

Дарагія сябры, карыстаючыся магчымасцю, дазвольце павіншаваць вас з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі.

Работа нашых сенатараў пастаянна на вачах і, што прыемна, атрымлівае высокую ацэнку. Сёння я з вялікім задавальненнем павіншую нашых калег з дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Васіль Пятровіч Маркевіч узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы.

Аляксандру Мікалаевічу Шышко прысвоена ганаровае званне "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь", Андрэю Уладзіміравічу Русаковічу - званне прафесара.

Іван Іванавіч Галаваты ўдастоены дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі.

Падзяка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб'яўлена Каліне Віктараўне Капуцкай, Ігару Барысавічу Каско і Аляксандру Мікалаевічу Шышко.

Гэтыя ўзнагароды з'яўляюцца прызнаннем вашых дасягненняў і заслуг. Я ўпэўнена, што яны стануць стымулам для яшчэ больш актыўнай і дынамічнай работы.

Паважаныя калегі!

Задач у нас шмат. Для іх выканання спатрэбяцца поўная самааддача, канцэнтрацыя сіл, здольнасцей і ведаў.

Мы павінны стаць сілай, якая кансалідуе грамадства ў адказны для краіны перыяд. Толькі разам мы зможам дасягнуць пастаўленых мэт на карысць нашай роднай Беларусі.

Жадаю ўсім вам здароўя, поспехаў і плённай работы.

Дзякуй за ўвагу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі