Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 кастрычніка 2021, 15:07

Выступленне Андрэйчанкі на адкрыцці шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на адкрыцці шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання

ГАЛОЎНЫ ПРЫЯРЫТЭТ - ПАДРЫХТОЎКА ДА КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ РЭФОРМЫ

Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Пачынае сваю работу шостая сесіія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

17 верасня мы ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі адзначылі знакавае дзяржаўнае свята - Дзень народнага адзінства, які сімвалізуе сталасць і самадастатковасць беларускага народа, які, свята памятаючы пра сваё мінулае, упэўнена глядзіць у будучыню.

Заснаванне кіраўніком дзяржавы новай традыцыі стала актам аднаўлення гістарычнай справядлівасці, што вельмі многае значыць для нашых грамадзян. Бо менавіта імкненне да справядлівасці заўсёды аб'ядноўвала беларусаў у лёсавызначальныя моманты гісторыі.

Аб'ядноўвае яно і цяпер, застаючыся ў аснове сумесных намаганняў дзяржавы і грамадства па адстойванні суверэнітэту, развіцці эканомікі, рэалізацыі палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў.

Свая сфера адказнасці тут і ў дэпутатаў. Галоўнымі нашымі прыярытэтамі з'яўляюцца непасрэдны ўдзел у дапрацоўцы праекта Асноўнага закона краіны і падрыхтоўка да правядзення канстытуцыйнай рэформы.

Важным этапам гэтай адказнай работы стала падрыхтоўка праекта закона аб змяненні дзеючай Канстытуцыі, які нам неабходна сёння прыняць у другім чытанні.

Увядзенне адзінага дня галасавання дасць магчымасць мясцовым органам улады сканцэнтравацца на галоўным - арганізаваць грамадскае абмеркаванне канстытуцыйных навацый і правесці рэспубліканскі рэферэндум такім чынам, каб яго вынікам стаў агульнанацыянальны кансэнсус.

Кансалідацыя грамадства - вырашальны фактар устойлівага развіцця краіны ва ўмовах нарастаючай гібрыднай агрэсіі дзяржаў, што прэтэндуюць на сусветнае панаванне, якія разглядаюць Беларусь як інструмент у рэалізацыі сваёй геапалітычнай стратэгіі або непажаданага эканамічнага канкурэнта.

Да патокаў хлусні і эканамічнага шантажу дадаліся правакацыі на беларускай граніцы. І шакіруючыя факты абыходжання з мігрантамі сілавых структур шэрага суседніх краін як нельга лепш паказваюць, што стаіць за рыторыкай аб абароне дэмакратыі і правоў чалавека на самай справе.

Але такая тактыка не прыносіць поспеху. Пераход да адкрытага тэрарызму - гэта крок роспачы, які сведчыць аб адсутнасці падтрымкі пратэснага руху з боку насельніцтва. Пацвярджэннем таго з'яўляецца рэакцыя беларусаў на рэзананснае забойства супрацоўніка КДБ.

Нягледзячы на жорсткі знешні націск, сацыяльна-палітычная абстаноўка ў нашай краіне застаецца спакойнай. Прадаўжаецца шырокі агульнанацыянальны дыялог. Забяспечана надзейная абарона знешніх рубяжоў дзяржавы.

Вельмі важна - нацыянальная эканоміка ў даволі няпростых умовах дэманструе пазітыўную дынаміку, што пацвярджае эфектыўнасць выбраных намі падыходаў да яе рэгулявання.

Наша задача - паслядоўна паляпшаць умовы гаспадарання. Прычым стаўку трэба рабіць, як паказала практыка, на нацыянальны бізнес. Адначасова трэба думаць над тым, як захаваць працоўныя калектывы і кампетэнцыі. Сёння гэта, па сутнасці, пытанні абароны эканамічнага суверэнітэту.

Менавіта ў такім ключы мы павінны падыходзіць да разгляду праектаў законаў аб ліцэнзаванні, інвестыцыях, гаспадарчых таварыствах, аўтамабільных перавозках, вырашэнні праблемы неплацежаздольнасці і шэрага іншых запатрабаваных бізнес-супольнасцю дакументаў.

Зрэшты, калі замежныя інвестары хочуць працаваць на беларускім рынку добрасумленна, паважаючы патрабаванні сацыяльна арыентаванай эканомікі, мы заўсёды гатовы пайсці ім насустрач. Тэму інвестыцый нам трэба вельмі сур'ёзна абмеркаваць на пляцоўках нашых буйнейшых інавацыйных кластараў - Парка высокіх тэхналогій і індустрыяльнага парка "Вялікі камень".

Задачу стварэння стабільнага бізнес-асяроддзя неабходна ўлічваць і пры падрыхтоўцы пакета бюджэтна-падатковых законапраектаў. Разам з тым варта звярнуць увагу на тое, каб падтрымка дзелавой актыўнасці ў краіне ажыццяўлялася не на шкоду рэалізацыі важнейшых сацыяльных праграм.

Моцная сацыяльная палітыка заўсёды была брэндам беларускай дзяржавы. І мы абавязаны яе захаваць, удасканальваючы не толькі фінансава-эканамічныя механізмы, але і метады барацьбы з дзейнасцю, накіраванай на падрыў нацыянальнай эканомікі.

Прычым дзейнічаць трэба на апярэджванне. І адной з такіх прэвентыўных мер павінна стаць устанаўленне крымінальнай адказнасці за заклікі да ўвядзення санкцый супраць Беларусі. Экстрэмісты і іх куратары павінны разумець, што беспакарана шкодзіць Беларусі і яе народу ім не ўдасца.

А мы ж павінны сканцэнтравацца на забеспячэнні эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту добрапрыстойных і законапаслухмяных грамадзян - працаўнікоў, якія ствараюць багацце нашай краіны, студэнтаў, сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, і людзей, якія па розных прычынах маюць патрэбу ў дапамозе дзяржавы.

Сярод найбольш значных пытанняў, якія нам давядзецца разгледзець у рамках вырашэння гэтай задачы, трэба назваць дакументы, якія датычацца абароны правоў інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі, законапраекты, прызначаныя забяспечыць мір, спакой, парадак і бяспеку ў краіне.

Акрамя таго, у Палату прадстаўнікоў унесены праект закона аб змяненні Кодэкса аб культуры. Пачынаецца ўжо яго грамадскае абмеркаванне. І дэпутаты павінны прыняць у ім самы актыўны ўдзел, паколькі тэма культуры выклікае не меншы рэзананс, чым абмеркаванне новага Кодэкса аб адукацыі.

Спрэчкі аб тым, якой быць беларускай школе, прадаўжаюцца і сёння. Як падкрэсліў Прэзідэнт, гэта апора нацыянальнай дзяржаўнасці. А значыць, мы павінны захаваць ролю дзяржавы ў такой стратэгічна важнай для будучыні Беларусі галіне.

Размова не ідзе аб адмове ад прыватнай ініцыятывы або перадавых замежных практык, якія дапамагаюць павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай адукацыі. Але трэба разумець, што ўсе прыватныя ўстановы або сэрвісы павінны дзейнічаць строга ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі.

Не менш важныя задачы нам давядзецца вырашыць у рамках рэалізацыі праграмы міжнароднага і міжпарламенцкага супрацоўніцтва, дзе вядучым нашым прыярытэтам з'яўляецца ўмацаванне стратэгічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, Кітайскай Народнай Рэспублікай, дзяржавамі СНД.

Што датычыцца паглыблення інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, то нядаўнія дамоўленасці лідараў Беларусі і Расіі наблізілі нас непасрэдна да галоўнай мэты перагавораў, якія доўжыліся не адзін год, - стварэння розных умоў для суб'ектаў гаспадарання.

Аб'яднанне эканамічных патэнцыялаў Беларусі і Расіі стане добрым адказам на санкцыйны націск Захаду. І, безумоўна, парламентарыі павінны актыўна падключыцца да выканання гэтай місіі. Такую задачу паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы.

Работа чакаецца вялікая. І паколькі склад расійскай дэпутацыі ў Парламенцкім сходзе абнаўляецца, нам трэба захаваць пераемнасць у нашай рабоце і вызначыць яе новыя напрамкі.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць нашых расійскіх калег з паспяховым завяршэннем электаральнай кампаніі і выказаць надзею на далейшае развіццё канструктыўнага супрацоўніцтва.

Прынцыпы добрасуседства і ўзаемнага даверу, улік інтарэсаў усіх дзяржаў, прыняцце рашэнняў строга на аснове кансэнсусу ўласцівы і старэйшай інтэграцыйнай структуры постсавецкай прасторы - Садружнасці Незалежных Дзяржаў, 30-годдзе якой мы адзначаем у бягучым годзе.

У рамках старшынства Рэспублікі Беларусь у СНД мы асаблівую ўвагу ўдзяляем каардынацыі намаганняў з нашымі саюзнікамі на такіх пляцоўках, як ЕАЭС, АДКБ і ШАС.

Спектр пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, велізарны. Але ў святле апошніх міжнародных падзей асаблівую значнасць для нас набывае ажыццяўленне бяспекі ў рэгіёне АДКБ.

Афганскі крызіс закрануў практычна ўсіх. Стварыўшы вострую гуманітарную праблему для грамадзян Афганістана, Злучаныя Штаты і іх саюзнікі спрабуюць перакласці адказнасць за яе наступствы на трэція дзяржавы, у тым ліку і на Беларусь.

Зразумела, у існуючай сітуацыі мы не можам сядзець склаўшы рукі. Мы абавязаны абараняць сваю краіну і яе грамадзян усімі даступнымі сродкамі. Гэта і павінна стаць асноўным нашым крытэрыем пры разглядзе праекта закона аб прыпыненні дзеяння пагаднення з Еўрасаюзам аб рэадмісіі.

Мера вымушаная, але неабходная, бо палітыка калектыўнага Захаду становіцца ўсё больш непрадказальнай. Правал у Афганістане і скандал з французскімі падлодкамі чарговы раз прадэманстравалі поўную няздольнасць аднапалярнага свету падтрымліваць міжнародны баланс сіл.

Якім будзе новае светаўладкаванне, не ведае ніхто. Але зразумела адно - адзінай альтэрнатывай сусветнай катастрофе застаюцца аб'яднальныя ініцыятывы, сугучныя тым, якія прапануе міжнароднай супольнасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Прыцягнуць да іх увагу - наш прамы абавязак. Гэту тэму трэба пастаянна ўзнімаць на ўсіх узроўнях міжпарламенцкага дыялогу, уключаючы еўрапейскі вектар. Нягледзячы ні на што, у Еўропе застаецца шмат разважлівых палітыкаў.

Акрамя таго, трэба актыўней уключаць у абмеркаванне беларускіх ініцыятыў нашых партнёраў з краін Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Тут сканцэнтраваны большасць насельніцтва планеты, велізарныя рынкі для збыту беларускай прадукцыі і тэхналогій. Да таго ж народы гэтых краін падзяляюць наша ўяўленне аб каштоўнасці міру, узаемапавагі і даверу.

У такім ключы нам і трэба падыходзіць да падрыхтоўкі свайго ўдзелу ў будучых мерапрыемствах па лініі Міжпарламенцкага саюза, Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, іншых міжнародных арганізацый і дыскусійных платформ.

Свет сапраўды вельмі нестабільны. І беларусы на асабістым вопыце пераканаліся, што прывычны ўклад жыцця, які здаецца нам непахісным, можа рухнуць у адно імгненне. Аб гэтым трэба ўвесь час памятаць і гаварыць, асабліва моладзі.

Ніхто, акрамя нас саміх, не паклапоціцца аб працвітанні Беларусі. І гэту простую ісціну трэба пастарацца данесці да людзей у ходзе ўсенароднага абмеркавання праекта Канстытуцыі, дзе дэпутатам адводзіцца вядучая роля.

Мы павінны не проста растлумачваць прапанаваныя змяненні, але і на дыялогавых пляцоўках, сустракаючыся з працоўнымі калектывамі, на асабістых прыёмах грамадзян атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю аб думках выбаршчыкаў па гэтых пытаннях. Усе цяжкасці пераадольныя. Аднак зрабіць гэта можна толькі разам, захаваўшы адзінства мэт і дзеянняў.

Безумоўна, тут многае залежыць і ад таго, як наладжана непасрэдная работа з людзьмі. Паколькі абарона канстытуцыйных правоў і свабод нашых грамадзян супастаўна па сваёй важнасці з ажыццяўленнем нацыянальнай бяспекі.

Працуючы з выбаршчыкамі, кожны дэпутат атрымлівае ўнікальны вопыт. Вы аналізуеце сітуацыю, бачыце вузкія месцы ў заканадаўстве, рэсурсы, што не выкарыстоўваюцца ў рабоце мясцовых органаў улады, і патэнцыял грамадскай ініцыятывы.

Усе вашы назіранні і напрацоўкі трэба абавязкова рэалізаваць пры карэкціроўцы закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб". Адпаведны законапраект ужо ўнесены ў Палату прадстаўнікоў.

Але галоўнае - трэба слухаць і чуць людзей, умець суперажываць ім і ўспрымаць іх праблемы як свае. У гэтым і ёсць сутнасць сацыяльнай дзяржавы і адна з найважнейшых асноў падтрымання народнага адзінства.

Паважаныя дэпутаты, у наступным годзе краіне трэба будзе зрабіць лёсавызначальны выбар. І ад нас вельмі многае залежыць, каб вынікі рэспубліканскага рэферэндуму сталі ўсвядомленым і адказным рашэннем народа, які самастойна піша сваю гісторыю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі