
19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выканаўчы камітэт СНД і Еўразійская эканамічная камісія наладжваюць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Дэпартаменце эканамічнага супрацоўніцтва Выканкама СНД.
Прадстаўнікі дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва Выканаўчага камітэта СНД прынялі ўдзел у рабоце другога пасяджэння Прэзідыума Навукова-тэхнічнага савета пры старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, якое адбылося 17 лютага ў Маскве. "Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння Выканаўчага камітэта СНД і ЕЭК па пытаннях сумеснай рэалізацыі Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва СНД на перыяд да 2030 года. Адзначана важнасць развіцця супрацоўніцтва з улікам актывізацыі дзейнасці ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах як у рамках Садружнасці, так і ЕАЭС", - расказалі ў ведамстве.
Таксама з мэтай практычнай рэалізацыі Мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Выканаўчым камітэтам Садружнасці ад 27 лістапада 2018 года выканкамам было прапанавана разгледзець магчымасць удзелу прадстаўнікоў ЕЭК у рабоце Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах.-0-