Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
13 чэрвеня 2022, 09:04

"Выйшлі на фінішную прамую". Мезенцаў аб рэалізацыі саюзных праграм па інтэграцыі Беларусі і РФ

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў падкрэсліў паспяховасць работы па эканамічнай інтэграцыі Беларусі і РФ у інтэрв'ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.

"Нам з боку Захаду навязваюць шахматную партыю абсалютна па-за ўсялякімі правіламі. І паддавацца нам не трэба. У нас свае планы - па эканамічнай інтэграцыі, выкананні 28 саюзных праграм. Мы выйшлі на фінішную прамую іх рэалізацыі", - сказаў Дзмітрый Мезенцаў.

Ён падкрэсліў, што ўзаемадзеянне ў фармаце Саюзнай дзяржавы - відавочны поспех для Беларусі і Расіі. І паглыбленне адносін - зусім не вымушаны адказ на націск Захаду, а вынік прынятых рашэнняў і працяглых перагавораў. "Мы сапраўды спрачаліся і не пагаджаліся адзін з адным па розных тэмах. Веру, што гэта ў мінулым. Можа, братам трэба было крыху паспрачацца за сталом, каб выйсці на саюзныя праграмы. Гэта сапраўды ўнікальны для постсавецкай прасторы фундамент. Нашы адносіны ў эканоміцы сёння - гэта ў многім прыклад для ўзаемадзеяння ў ЕАЭС і ў СНД", - падкрэсліў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы.

"Беларусь і Расія ідуць туды, куды павінны - да ўмацавання саюзнага ўзаемадзеяння, да падтрымкі праграм імпартазамяшчэння, да фарміравання новых вытворчых ланцужкоў, каб была загрузка на нашых прадпрыемствах, каб вялікі расійскі рынак падтрымліваў сельгаставаравытворцаў Беларусі. У беларускай тэхніцы значны працэнт камплектуючых з Расіі, ужо ёсць фактычна сумесная вытворчасць", - адзначыў Дзмітрый Мезенцаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі