Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 мая 2019, 15:24

Выбары ў парламент не будуць асаблівымі, а пройдуць па традыцыі арганізавана і зладжана - Качанава

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маючая адбыцца выбарчая кампанія па выбарах у парламент не стане асаблівай, а будзе праведзена ва ўжо традыцыйным для Беларусі ключы - зладжана, спакойна, на высокім арганізацыйным узроўні. Аб гэтым кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава заявіла сёння журналістам па выніках нарады па арганізацыі і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне аб тым, чым будзе адрознівацца чарговая выбарчая кампанія ад папярэдніх, Наталля Качанава адзначыла, што не чакае якіх-небудзь сур'ёзных змяненняў у плане арганізацыі і правядзення выбараў. "Не сказала б, што яна (выбарчая кампанія. - Заўвага БЕЛТА) будзе ў нечым іншай. У нашай дзяржаве электаральныя кампаніі заўсёды праводзяцца вельмі зладжана, арганізавана", - сказала яна.

"Мы дакладна ведаем нашу палітыку, тыя ўстаноўкі, якія ёсць у дзяржаве. Усё павінна рабіцца на карысць людзей, самае галоўнае - гэта людзі, справядлівае стаўленне да іх, - падкрэсліла Наталля Качанава. - Унутраная палітыка як была, так і ёсць сацыяльна арыентаваная, усё накіравана на дабрабыт і дастатак нашых грамадзян".

Паводле яе слоў, на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы якраз і разглядаліся арганізацыйныя пытанні, якія дадуць магчымасць правесці выбарчую кампанію актыўна, сумленна, празрыста. Адпаведныя задачы пастаўлены Прэзідэнтам перад кіраўнікамі мясцовых органаў улады. "Трэба, каб выбары прайшлі на высокім узроўні. Таму пастаўлены задачы перад кіраўнікамі абласцей арганізаваць усё так, каб людзі разумелі - гэта спакойная, нармальная работа, - растлумачыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Ніякай кампанейшчыны быць не павінна".

У органаў улады на месцах наперадзе шмат работы, у тым ліку сфарміраваць выбарчыя камісіі розных узроўняў - участковыя, акруговыя, абласныя. "Будзе задзейнічана вялікая колькасць людзей. Каб правесці такое масавае мерапрыемства зладжана і без эксцэсаў, гэтаму павінна папярэднічаць вялікая арганізацыйная работа. Аб гэтым і ішла размова на нарадзе", - дадала Наталля Качанава.

Асобна абмяркоўваліся патрабаванні да тых, хто будзе вылучаць свае кандыдатуры ў парламент. На нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ішла размова аб тым, каб яны вылучалі ў парламент людзей прафесійных, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія будуць прадстаўляць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, працоўных калектываў. "Парламент - гэта асобы орган, які займаецца заканадаўчай работай і прадстаўляе розныя рэгіёны краіны", - сказала Наталля Качанава.

Акрамя кіраўніка Адміністрацыі ў нарадзе прынялі ўдзел кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна, кіраўнікі рэгіёнаў краіны і памочнікі Прэзідэнта ў абласцях і горадзе Мінску, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў - БРСМ, "Белай Русі", Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі