Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
19 мая 2020, 15:39

Урадам краін ЕАЭС даручана забяспечыць рэалізацыю праграмы лібералізацыі кабатажных аўтаперавозак

19 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Урадам краін Еўразійскага эканамічнага саюза даручана забяспечыць рэалізацыю праграмы лібералізацыі кабатажных аўтаперавозак, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі па выніках праведзенага сёння пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

"На саміце кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза разгледжана рэалізацыя праграмы лібералізацыі кабатажных аўтамабільных перавозак грузаў у краінах ЕАЭС. Урадам краін cаюза даручана забяспечыць рэалізацыю мерапрыемстваў, прадугледжаных трэцім этапам праграмы", - адзначылі ў ЕЭК.

На сённяшні дзень не ўсе дзяржавы ЕАЭС правялі адпаведныя мерапрыемствы ў тэрмін. Арменія і Кыргызстан заявілі аб гатоўнасці да запуску трэцяга этапу праграмы. Беларусь пачала ўжо яго рэалізацыю: у пачатку гэтага года на яе тэрыторыі ажыццёўлены дзевяць кабатажных перавозак. Расія пакуль не ўнесла ў заканадаўства змяненні, якія дазваляюць перавозчыкам іншых краін саюза ажыццяўляць кабатажныя перавозкі па яе тэрыторыі.

"Ключавая задача праграмы - скараціць парожнія прабегі, знізіць транспартныя выдаткі спажыўцоў паслуг грузавога аўтамабільнага транспарту, - падкрэслілі ў ЕЭК. - Усё гэта станоўча паўплывае і на ўзаемны гандлёвы абарот краін ЕАЭС. Пры гэтым першапачаткова праграма лібералізацыі кабатажных перавозак была ўзгоднена Беларуссю, Расіяй і Арменіяй, потым да яе далучыўся Кыргызстан. Казахстан будзе ўдзельнічаць у праграме з 2025 года. Яе зацвердзілі прэзідэнты краін ЕАЭС у маі 2015 года. Яна разлічана на перыяд з 2016 па 2025 год і складаецца з некалькіх этапаў".

Выкананне праграмы неаднаразова разглядалася на кансультатыўных камітэтах па транспарце і інфраструктуры ЕЭК і Савеце кіраўнікоў упаўнаважаных органаў у галіне транспарту дзяржаў ЕАЭС, на пасяджэннях Еўразійскага міжурадавага савета і кіраўнікоў дзяржаў Саюза, па выніках якіх адзначалася неабходнасць паскорыць у краінах саюза прыняцце мер, неабходных для пачатку рэалізацыі праграмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі