Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 лістапада 2019, 08:19

Участкі для галасавання на парламенцкіх выбарах адкрыліся ў Беларусі

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Участкі для галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання адкрыліся сёння ў 8.00 і прадоўжаць працаваць да 20.00, паведамляе БЕЛТА.

На выбарчых участках, якія ўтвораны ў воінскіх часцях, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, участковыя камісіі могуць аб'явіць галасаванне завершаным і раней за 20.00, калі прагаласавалі ўсе выбаршчыкі, уключаныя ў спіс.

Усяго для правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў сфарміраваны 5831 участак для галасавання, у тым ліку 46 замежных.

Алена Волкава першая прыняла ўдзел у галасаванні ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання на ўчастку нумар 34 у Гродне'

Бюлетэнь выдаецца пры прад'яўленні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншых дакументаў. Да іх аднесены службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, студэнцкі білет, вадзіцельскае пасведчанне, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), пенсійнае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), а таксама пасведчанне аб інваліднасці.

Выбаршчык адзін запаўняе бюлетэнь у кабіне або пакоі для тайнага галасавання. Прысутнасць каго б то ні было забараняецца. Выключэнне зроблена для тых, хто не можа самастойна запоўніць бюлетэнь. Ён мае права запрасіць у кабіну або пакой для тайнага галасавання іншую асобу па сваім меркаванні, акрамя членаў выбарчых камісій, кандыдатаў, іх давераных асоб.

Пры галасаванні на выбарах выбаршчык ставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога галасуе. Калі выбаршчык галасуе супраць усіх кандыдатаў, ён ставіць любы знак у пустым квадраце, які знаходзіцца справа ад радка "Супраць усіх кандыдатаў". Калі ў бюлетэнь унесена прозвішча толькі аднаго кандыдата, то выбаршчык ставіць любы знак або пад словам "за", або пад словам "супраць". Калі той, хто галасуе, лічыць, што памыліўся, запаўняючы бюлетэнь, ён мае права звярнуцца да члена ўчастковай камісіі з просьбай выдаць яму новы бюлетэнь узамен сапсаванага.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах. Для вызначэння рэзультатаў выкарыстоўваецца мажарытарная выбарчая сістэма адноснай большасці. Прызнаецца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палавіну выбаршчыкаў акругi, уключаных у спісы. Выбраным лічыцца кандыдат, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў.

На цяперашніх выбарах змогуць прагаласаваць 6 880 605 грамадзян Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі