Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 лютага 2017, 14:58

У выпадку падаўжэння тэрміну бязвізавага ўезду ў Беларусь размова можа весціся прыкладна аб двух тыднях - МЗС

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У выпадку падаўжэння тэрміну бязвізавага ўезду ў Беларусь размова можа весціся прыкладна аб двухтыднёвым перыядзе, каб іншаземец мог, напрыклад, скарыстацца паслугамі санаторна-курортнага лячэння. Аб гэтым заявіў сёння начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык у час анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Дзмітрыя Мірончыка, далейшае рашэнне наконт тэрміну бязвізавага знаходжання ў Беларусі будзе прымацца зыходзячы з эфекту ад ужо ўведзенага пяцідзённага перыяду, запатрабаванасці гэтага кроку сярод замежных грамадзян і іншых крытэрыяў. "У залежнасці ад іх будзе прымацца рашэнне адносна далейшага ўдасканалення рэжыму бязвізавага ўезду. Хутчэй за ўсё, размова будзе ісці аб падаўжэнні тэрмінаў. Мы будзем заставацца ў рэжыме пропуску праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, але на больш доўгі тэрмін", - сказаў прэс-сакратар.

Гаворачы аб тым, якім можа быць гэты тэрмін у выпадку падаўжэння, Дзмітрый Мірончык адзначыў, што адной з "адметнасцей" Беларусі з'яўляецца магчымасць турызму, сумешчанага з санаторна-курортным лячэннем і адпачынкам. Адзін са стандартных тэрмінаў знаходжання ў санаторыях складае 12 дзён. "Калі мы будзем рабіць наступны крок, то лагічна гаварыць аб 12 або 14 днях", - заявіў прадстаўнік МЗС.

Адначасова ён падкрэсліў, што пакуль яшчэ вельмі рана аб гэтым гаварыць. "Напрамак руху зразумелы. Але рухацца мы будзем з уласцівай нам асцярожнасцю", - сказаў Дзмітрый Мірончык.

Прэс-сакратар таксама растлумачыў, што рашэнне аб пяцідзённым бязвізавым тэрміне, якое ўжо ўступіла ў сілу, было прынята зыходзячы з прынцыпу "разумнай дастатковасці", хоць МЗС першапачаткова прапаноўвала крыху большы перыяд. У прыватнасці, гэта абумоўлена дзеючым у Беларусі заканадаўствам, што рэгламентуе прававое становішча замежных асоб і асоб без грамадзянства, якім неабходна прайсці працэдуру рэгістрацыі ў выпадку знаходжання ў краіне больш як 5 сутак. Аднак бязвізавы парадак уезду прадугледжвае, што іншаземец, які прыехаў у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, пасля праходжання пашпартнага кантролю больш не павінен падпадаць пад якія-небудзь фармальнасці, уключаючы працэдуру рэгістрацыі. "Калі б мы вырашылі настойваць на больш доўгім тэрміне знаходжання, узнікла б неабходнасць уносіць змяненні ў закон, што з'яўляецца працяглай працэдурай і патрабуе разгляду ў парламенце. А рашэнне па бязвізавым уездзе ўжо наспела", - растлумачыў Дзмітрый Мірончык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі