
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Ізраілі Яўген Вараб'ёў сустрэўся з дырэктарам па пытаннях знешняй палітыкі МЗС Ізраіля Алонам Барам і намеснікам дырэктара Гэры Карэнам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове ў Ізраілі.
Сустрэча адбылася з нагоды 30-годдзя дыпламатычных адносін у ізраільскім знешнепалітычным ведамстве. Падчас яе прайшоў урачысты абмен віншавальнымі пасланнямі кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Ізраіля, а таксама памятнымі сувенірамі. У прыватнасці, у МЗС Ізраіля перададзена копія арыгінальнага надпісу дзявятага Прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса, які нарадзіўся ў Беларусі, зробленага ім на аўтабіяграфіі першага Прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана, таксама выхадца з Беларусі. Тэкст гэтага надпісу размешчаны на паштовым канверце з арыгінальнай маркай, які быў выпушчаны ў Беларусі да юбілею дыпламатычных адносін і ўрачыстае гашэнне якога спецыяльным штэмпелем адбылося ў Мінску.


Ізраільскім калегам таксама ўручаны адзін з першых экзэмпляраў выдадзенага нядаўна Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь каталога экспанатаў яўрэйскай даваеннай калекцыі, частка прадметаў з якой захоўваецца ў Музеі Ізраіля.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.-0-
Фота МЗС Беларусі