Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 сакавіка 2019, 18:25

У МЗС Беларусі выкліканы пасол Польшчы для тлумачэнняў аб пераглядзе ацэнак дзеянняў Рамуальда Райса

12 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларускі бок чакае ад улад Польшчы публічных афіцыйных каментарыяў адносна перагляду ацэнак дзеянняў добра вядомага беларусам палявога камандзіра Рамуальда Райса (Бурага). Аб гэтым заявіў БЕЛТА начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Заява аб пераглядзе ацэнак дзеянняў Рамуальда Райса была апублікавана на сайце Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы. Адказваючы на пытанне, як МЗС Беларусі мае намер рэагаваць на такія захады, прэс-сакратар сказаў: "Злачынец, які асабіста аддаваў загады і ўдзельнічаў у забойстве мірных жыхароў беларускіх вёсак на Падляшшы, не можа быць абелены ні ў вачах беларусаў, ні ў гістарычнай памяці іншых разважных людзей. Польскімі вучонымі сабрана дастаткова доказаў яго злачынстваў. На аснове фактаў, а не тэарэтычных разважанняў, зроблены адпаведныя вывады следства камісіі Інстытута нацыянальнай памяці ў 2005 годзе. Трэба мець сталасць і смеласць, каб гэта прызнаць".

"Нашу асаблівую заклапочанасць выклікаў адкрыты цынізм асобных польскіх "даследчыкаў", на вывады якіх абапіраецца заява Інстытута нацыянальнай памяці. У прыватнасці, у яго апраўданне яны канстатуюць, што Буры меў магчымасць "спаліць не пяць, а значна больш беларускіх вёсак у павеце Бельск-Падляскі", - падкрэсліў Анатоль Глаз.

"Мы чакаем ад улад Польшчы публічных афіцыйных каментарыяў адносна таго, ці з'яўляецца такая ацэнка дзеянняў Бурага афіцыйным пунктам гледжання і наколькі гэта суадносіцца з захадамі па выбудоўванні дыялогу, у тым ліку гістарычнага, якія былі зроблены бакамі апошнім часам. Для дачы адпаведных тлумачэнняў у МЗС выкліканы пасол Польшчы", - дадаў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі