Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 ліпеня 2020, 18:14

У exit poll на выбарах Прэзідэнта Беларусі будзе задзейнічана больш за 300 участкаў

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У exit poll на выбарах Прэзідэнта Беларусі 9 жніўня будзе задзейнічана больш за 300 участкаў па ўсёй краіне. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў кандыдат сацыялагічных навук навуковы кансультант даследавання Ігар Пінчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Неабходная колькасць участкаў для даследавання разлічвалася па навуковых стандартах з улікам міжнароднага вопыту. "Мы абапіраемся на формулу, якая прадугледжвае беспаўторны адбор. Бяром генеральную сукупнасць, агульную колькасць выбарчых участкаў у Беларусі і разлічваем неабходную колькасць, якую задзейнічаюць у даследаванні. Гэта будзе больш за 300 участкаў па ўсёй краіне", - расказаў эксперт.

У даследаванні будзе задзейнічана амаль 1 тыс. спецыялістаў. "Прагназуемая выбарка, гэта значыць колькасць рэспандэнтаў, якія будуць апытаны, - больш за 12 тыс. чалавек", - праінфармаваў навуковы кансультант.

Апытанне будзе праводзіцца на працягу ўсяго дня. Інтэрв'юеры будуць апытваць пэўную колькасць чалавек за гадзіну. "Усё робіцца ў адпаведнасці з інструкцыяй, рэгламентуецца па часе", - падкрэсліў ён.

Апытанне будзе праводзіцца прыкладна за 10-15 м ад выбарчага ўчастка. "Гэта важна, таму што пры адборы рэспандэнтаў па міжнароднай метадалогіі павінен выконвацца пэўны крок. Інтэрв'юер не можа апытваць кожнага чалавека, які выходзіць з выбарчага ўчастка", - адзначыў Ігар Пінчук. У вялікіх і сярэдніх населеных пунктах крок будзе большы, чым у вёсцы.

Вынікі даследавання публікуюцца толькі пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання. "Не раней як праз 20 хвілін. Гэта міжнародная практыка", - удакладніў эксперт.

"Прагназуемая хібнасць, той ідэал, да якога мы будзем імкнуцца, па міжнародных стандартах складае 2 працэнты. У практыцы дапускаецца да 5 працэнтаў", - дадаў спецыяліст.

Ігар Пінчук нагадаў, што exit poll - гэта апытанне, якое праводзіцца на выхадзе з выбарчых участкаў. "Значыць, гэта не апытанне па тэлефоне, анлайн-апытанне, а непасрэднае інтэрв'ю чалавека, які ўжо аддаў свой голас", - растлумачыў спецыяліст.

Сёння ў Мінску прайшла прэзентацыя exit poll, у час якой журналістам таксама паказалі форму інтэрв'юераў. На ёй размешчаны лагатыпы Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый. Пры сабе ў тых, хто будзе праводзіць апытанне, будуць бэйджы, якія пацвярджаюць, што гэта прадстаўнікі Маладзёжнай лабараторыі сацыялагічных даследаванняў. Кожны інтэрв'юер з улікам эпідсітуацыі будзе працаваць у белай ахоўнай масцы з лагатыпам БКМА і ў аднаразовых пальчатках.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі