
12 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў паведаміў БЕЛТА падрабязнасці маючага адбыцца саміту кіраўнікоў дзяржаў.
"16 мая ў Маскве ў Крамлі адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дзяржаў - членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, у якой прымуць удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, - расказаў прэс-сакратар. - Сустрэча будзе прысвечана 30-годдзю падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 20-годдзю стварэння АДКБ. У мерапрыемстве таксама прыме ўдзел генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась".
Паводле слоў прэс-сакратара, як чакаецца, члены Савета калектыўнай бяспекі АДКБ абмяркуюць сітуацыю ў зоне адказнасці арганізацыі, перспектывы яе развіцця і прымуць заяву, прысвечаную юбілею АДКБ.
У 2022 годзе ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы старшынствуе Рэспубліка Арменія.
Дагавор аб калектыўнай бяспецы быў падпісаны 15 мая 1992 года ў Ташкенце. 14 мая 2002 года Савет калектыўнай бяспекі на сесіі ў Маскве прыняў рашэнне аб пераўтварэнні механізмаў і структур супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў міжнародную рэгіянальную арганізацыю - Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы з наданнем ёй адпаведнага статусу. 18 верасня 2003 года Статут АДКБ уступіў у сілу. У Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы ўваходзяць Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.-0-