Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 снежня 2021, 17:58

ЦВК Беларусі правяла першае пасяджэнне ў абноўленым складзе

17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў сёння правяла першае пасяджэнне ў абноўленым складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасяджэнні кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка прадставіў членам Выбаркама новага старшыню Ігара Карпенку. Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці за доўгую і актыўную работу на гэтай пасадзе Лідзіі Ярмошынай. "Нас заўсёды падкуплялі ваша ўпэўненасць, найвышэйшы прафесіяналізм і ўменне знаходзіць выхад з самай складанай сітуацыі, ніколі не маркоціцца, эрудыцыя, розум і, я сказаў бы, іскрамётны гумар", - адзначыў Ігар Сергяенка.

У час мерапрыемства быў выбраны намеснік старшыні ЦВК - ім стаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, а таксама сакратар ЦВК. Гэту пасаду на прафесійнай аснове заняла Алена Балдоўская. Раней яна працавала начальнікам упраўлення арганізацый прававога абслугоўвання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 снежня назначыў Ігара Карпенку старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. На гэту пасаду яго рэкамендавалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка і намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. Разам са старшынёй ЦВК былі назначаны пяць членаў камісіі: ужо згаданыя Вадзім Іпатаў і Алена Балдоўская, а таксама рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дзяніс Дук, намеснік міністра юстыцыі Сяргей Каліноўскі і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Южык.

17 снежня Савет Рэспублікі даў згоду на назначэнне Ігара Карпенкі старшынёй ЦВК. У гэты ж дзень адбыліся выбары новых членаў Цэнтрвыбаркама. Тайным галасаваннем аднагалосна выбраны Андрэй Гуржы, Вольга Дарашэнка, Алена Кунцэвіч, Аляксандр Ласякін, Аляксандр Ткачоў, Кацярына Федасенка.

Ігар Карпенка адзначыў, што неабходна прааналізаваць вопыт нашай краіны і замежны, для таго каб выбудаваць нацыянальную выбарчую сістэму ў інтарэсах грамадства і суверэннай дзяржавы.

"Я не па чутках ведаю гэту работу, таму што працаваў у камітэтах гарадской камісіі, доўгі час удзельнічаў у рабоце ўчастковых камісій у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На гэту пасаду я выбіраўся двойчы, таму ўвесь выбарчы працэс я бачыў і з другога боку. І разумею ўвесь гэты працэс, як ён працуе знутры. Таму з апорай на новую каманду, на членаў камісіі, на апарат усе зацікаўленыя бакі выбарчага працэсу будуць выконваць сваю работу сумленна, у адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй і заканадаўствам", - сказаў новы кіраўнік ЦВК у час выступлення ў Савеце Рэспублікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі