Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 лістапада 2019, 13:45

Цэнтрвыбаркам зацвердзіў вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання зацверджаны сёння на пасяджэнні ЦВК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час пасяджэння старшыні абласных і Мінскай гарадской выбарчых камісій расказалі, як праходзіла кампанія ў рэгіёнах і сталіцы. Разгледзеўшы іх справаздачы, ЦВК прызнала, што выбары адбыліся і зарэгістравала дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.

Падводзячы вынікі, Лідзія Ярмошына адзначыла, што ў цэлым выбарчая кампанія прайшла на дастойным узроўні, хоць арганізатарам выбараў ёсць над чым працаваць. "У нас ёсць недахопы, мы іх ведаем лепш, чым любыя наглядальнікі, таму што бачым працэс знутры. Зразумела, яго трэба ўдасканальваць", - сказала кіраўнік ЦВК, растлумачыўшы, што размова, у прыватнасці, ідзе аб правапрымяняльнай практыцы. "Закон перад выбарамі Прэзідэнта ніхто змяняць не будзе", - падкрэсліла яна. Лідзія Ярмошына дадала, што дзеючае выбарчае заканадаўства прадастаўляе шырокія магчымасці ўсім удзельнікам выбарчай кампаніі.

Яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання перасягнула 77 працэнтаў.

У новы склад парламента выбраны 110 дэпутатаў, 19,1 працэнта з іх ліку, або 21 чалавек, з'яўляюцца членамі палітычных партый. Для параўнання: у Палаце прадстаўнікоў шостага склікання 16 партыйцаў.

У абноўленым парламенце будуць прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці - 11 і 6 чалавек адпаведна. Ад Беларускай патрыятычнай партыі ў Палаце прадстаўнікоў будуць два чалавекі, ад Беларускай аграрнай партыі і ЛДПБ - па адным.

Сярод выбраных дэпутатаў 44 жанчыны, або 40 працэнтаў ад агульнай колькасці дэпутатаў. Гэта значны рост. У 2016 годзе было выбрана 38 жанчын, або 34,5 працэнта.

Маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў у абноўленым складзе парламента два, дэпутатаў пакуль дзеючага шостага склікання - 30 чалавек (27,3 працэнта ад агульнай колькасці).

Сярэдні ўзрост членаў нававыбранага парламента - 50,4 года. Усе дэпутаты маюць вышэйшую адукацыю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі