Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
09 чэрвеня 2021, 12:47

Супрацоўніцтва з краінамі Азіяцкага рэгіёна было і застаецца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі - Барысевіч

9 чэрвеня, Масква /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўніцтва з краінамі Азіяцкага рэгіёна было і застаецца прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі Беларусі. На гэта звярнуў увагу намеснік міністра замежных спраў Мікалай Барысевіч сёння ў час Беларуска-азіяцкага форуму, які праходзіць у Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Намеснік кіраўніка беларускага МЗС адзначыў, што ўзаемадзеянне ў азіяцкім напрамку атрымлівае практычны напрамак і ўзаемную выгаду. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў збалансаваным супрацоўніцтве з рознымі рэгіёнамі свету. "Гэтым форумам мы прадаўжаем сістэмную і паслядоўную работу на азіяцкім вектары, якую лічылі і лічым вельмі важнай і цікавай. Мы прадоўжым працаваць далей, развіваючы ўзаемную цікавасць і ініцыюючы новыя формы кантактаў", - сказаў Мікалай Барысевіч.

На прапанову прыняць удзел у форуме адгукнуліся ўсе запрошаныя пасольствы краін Азіяцкага рэгіёна ў Маскве, акрэдытаваныя па сумяшчальніцтве ў Мінску. Мікалай Барысевіч пры гэтым адзначыў, што наладжана цесная работа беларускага боку з тымі азіяцкімі краінамі, якія маюць пасольствы ў Мінску.

Крыху больш як тыдзень таму ў Мінску прайшло падобнае мерапрыемства - другі Беларуска-афрыканскі эканамічны форум. На думку намесніка міністра, сустрэча з афрыканскімі партнёрамі была паспяховай і своечасовай. "Гэта дазволіла атрымаць дадатковую інфармацыю, экспертызу па спосабах далейшага развіцця і ўмацавання супрацоўніцтва ў розных галінах. І ў першую чаргу ў эканоміцы і гандлі", - сказаў намеснік міністра.

Гаворачы аб развіцці адносін з Азіяцкім рэгіёнам, беларускі дыпламат падкрэсліў, што наша краіна дасягнула стратэгічнага партнёрства з Кітаем, падтрымлівае канструктыўны дыялог з Пакістанам, Індыяй, В'етнамам. У той жа час Беларусь надае значную ўвагу адносінам з тымі краінамі, пасольствы якіх знаходзяцца не ў Мінску, а ў Маскве. "Наш падыход вельмі просты: чым больш развіваецца супрацоўніцтва, чым мацнейшы дыялог, тым лепш для нас. І гэта пацвярджалася на многіх прыкладах, шматлікімі падзеямі і сітуацыямі, - канстатаваў Мікалай Барысевіч. - У нас не існуе ніякіх палітычных праблем у двухбаковым парадку дня і падыходы па асноўных міжнародных пытаннях дастаткова падобныя. Гэта стварае добрую аснову для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва як галоўнага напрамку двухбаковага ўзаемадзеяння".

Намеснік міністра звярнуў увагу, што эканомікі Беларусі і азіяцкіх краін узаемна дапаўняюць адна адну: беларуская прадукцыя запатрабавана ў Азіі, таксама як і тавары з гэтага рэгіёна запатрабаваны ў Беларусі. "Мы ўжо неаднаразова канкрэтнымі справамі даказвалі, што Беларусь - надзейны партнёр, і прадоўжым гэта рабіць у будучым", - падкрэсліў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі