Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 снежня 2019, 15:17

Старшынства Беларусі ў ЕАЭС павінна надаць імпульс развіццю аб'яднання - Мясніковіч

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшынства Беларусі ў ЕАЭС павінна надаць імпульс далейшаму развіццю аб'яднання, заявіў сёння спікер Міхаіл Мясніковіч на заключным пасяджэнні сёмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"1 студзеня 2020 года споўніцца 5 гадоў Дагавору аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Старшынства Беларусі ў органах ЕАЭС у 2020 годзе павінна надаць імпульс развіццю гэтага рэгіянальнага аб'яднання. Такая задача пастаўлена Прэзідэнтам Беларусі. ЕАЭС павінен стаць паўнацэнным эканамічным саюзам з аднолькавымі ўмовамі для ўсіх удзельнікаў. Наперадзе вялікая работа па фарміраванні агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў. Трэба павышаць прэстыж ЕАЭС, узмацняць яго ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржаў-членаў", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, міжнародны парадак дня шостага склікання быў насычаным. Упершыню Мінск стаў пляцоўкай для правядзення маштабных міжнародных парламенцкіх мерапрыемстваў - Парламенцкай асамблеі Цэнтральна- Еўрапейскай ініцыятывы, пасяджэння Бюро Канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады "Усходняга партнёрства", Міжнароднага форуму нацыянальных каардынатараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

"Традыцыйна пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі праводзіліся форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у рамках якіх падпісаны дзясяткі вялікіх камерцыйных кантрактаў і пагадненняў аб супрацоўніцтве. У Мінску прайшоў I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Пры садзейнічанні Савета Рэспублікі адбыўся беларуска-польскі дзелавы форум "Добрасуседства-2019". Усе гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі ўмацаванню міжнародных сувязей з нашымі партнёрамі, павышэнню ролі міжпарламенцкага супрацоўніцтва", - адзначыў спікер.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што гэта сесія праходзіць напярэдадні 20-годдзя Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. "Савет Рэспублікі рабіў усё ад яго залежнае, каб развіццё інтэграцыі ажыццяўлялася з улікам нацыянальных інтарэсаў і строга на аснове прынцыпаў, закладзеных у дагаворы", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі