Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
08 лістапада 2022, 10:52

Старшыня таварыства дружбы "Германія-Беларусь": санкцыі супраць Беларусі наносяць шмат шкоды

8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня таварыства дружбы "Германія - Беларусь" прафесар Эдгар Вайлер у час паездкі ў Беларусь змог пераканацца ў тым, як забарона ЕС на авіяпералёты ўскладняе паездкі і стварае праблемы ў сферах гуманітарнай дапамогі і культурнага абмену. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускай загранустанове ў Берліне.

Паводле слоў Эдгара Вайлера, гуманітарныя праекты, напрыклад, па лініі чарнобыльскіх ініцыятыў, падтрымка былых вязняў на прымусовых работах, а таксама культурны абмен перажылі розныя палітычныя ўмовы. Цяпер яны амаль поўнасцю спынены з-за пандэміі і абмежаванняў на паездкі.

Эдгар Вайлер упэўнены, што незалежна ад ацэнкі палітычных сістэм, трансгранічныя сямейныя сувязі і дружалюбныя адносіны не павінны без неабходнасці ўскладняцца. З гэтага пункту гледжання забарона на пералёты паміж Германіяй або ЕС і Беларуссю з'яўляецца для яго катастрофай. Да таго ж выключэнне беларускіх банкаў з Міжбанкаўскага супольніцтва фінансавых тэлекамунікацый (SWIFT) ускладняе плацежныя аперацыі, звязаныя з паездкамі і гуманітарнай работай.

У час знаходжання Эдгара Вайлера ў Беларусі беларускія партнёры інфармавалі яго аб тым, што з-за санкцый ЕС дапамога і супрацоўніцтва з Федэратыўнай Рэспублікай Германія, асабліва ў гуманітарнай сферы, сталі практычна немагчымымі.

Паводле слоў Эдгара Вайлера, "актуальныя міжнародныя падзеі сведчаць аб тым, што прымяненне санкцый па-ранейшаму разглядаецца Захадам як, відавочна, асноўны інструмент яго знешняй палітыкі, але часта вяртаецца ў выглядзе бумеранга".

Напрыклад, сельская гаспадарка Германіі церпіць ад таго, што ўгнаенні з Беларусі пастаўляюцца толькі абходнымі шляхамі праз трэція краіны, якія спаганяюць за гэта высокія пошліны. Аналагічнага пункту гледжання Эдгар Вайлер прытрымліваецца ў дачыненні да забароны на экспарт у Германію і ЕС драўніны і вырабаў з яе, у тым ліку недарагіх пелет.

Германскі прадстаўнік з глыбокай трывогай канстатаваў, што нават людзі ў трэціх краінах вымушаны цярпець ад разнастайнага спадарожнага ўрону. Так, забарона на экспарт угнаенняў з Беларусі прывяла ўжо да значнага росту цэн на міжнародных рынках і стала адной з прычын харчовага крызісу і распаўсюджвання голаду ў многіх афрыканскіх краінах.

Эдгар Вайлер упэўнены ў неабходнасці перагляду ў інтарэсах нашай краіны санкцый ЕС, уведзеных у адносінах да Беларусі, і іх адмене ў тых сферах, дзе пераважаюць непажаданыя негатыўныя наступствы. Нідэрланды, напрыклад, зрабілі гэта нядаўна ў асобных сферах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі