ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 18 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +6°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 верасня 2021, 09:02

Снапкоў: саюзная праграма па стварэнні адзінага рынку газу гатова

Фота з архіва
Фота з архіва

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Саюзная праграма па стварэнні адзінага рынку газу Беларусі і Расіі гатова, заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"На гэты момант кансэнсус знойдзены па ўсіх 28 саюзных праграмах, мы выйшлі на фінішную прамую. Я вельмі спадзяюся, што прэзідэнты дзвюх краін у ходзе сустрэчы 9 верасня ацэняць нашу работу: ці гатовы праграмы да падпісання ў тым выглядзе і ў тых канструкцыях, у якіх яны на гэты момант прадстаўлены ўрадамі", - сказаў Мікалай Снапкоў.

Паводле яго слоў, пры рабоце над саюзнымі праграмамі асноўны акцэнт быў зроблены на ўстойлівасці эканамічнага развіцця дзяржаў. "Мы назіраем, наколькі агрэсіўнае знешняе асяроддзе, наколькі актыўна развіваецца ўнутрыкраінавы або ўнутрыблокавы пратэкцыянізм. Таму лагічна дзвюм краінам, якія ўжо даўно ў такім эканамічным саюзе, яшчэ больш аб'яднаць намаганні, матэрыяльныя і інтэлектуальныя рэсурсы для ўстойлівага развіцця як сумеснага, так і адпаведна кожнай асобна ўзятай краіны", - адзначыў намеснік прэм'ер-міністра.

"Калі гаварыць аб саюзных праграмах у цэлым як аб канструкцыі, па вялікім рахунку яны фарміруюцца на аснове трох базавых элементаў: мэта, напрамак і вынік. Мэта ва ўсіх аднолькавая - стварэнне роўных стартавых умоў для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін. Механізмы - уніфікацыя заканадаўства дзвюх краін не на аснове расійскай (як у нас прынята гэта абмяркоўваць), а на аснове лепшых практык, у тым ліку і тых, якія на гэты момант яшчэ не прымяняюцца ні ў Расійскай Федэрацыі, ні ў Рэспубліцы Беларусь", - упэўнены Мікалай Снапкоў.

Гаворачы аб прамысловай і аграрнай палітыцы, першы віцэ-прэм'ер лічыць важным уніфікаваць дзяржавам лакалізацыю вытворчасцей расійскай і беларускай прадукцыі. "Гэта пасадзейнічае выкананню даўняга даручэння Прэзідэнта па імпартазамяшчэнні. Трэба таксама разумець, што тут будзе мець месца ўнутраная канкурэнцыя, адпаведна яна будзе пабуджаць нашых вытворцаў развівацца, - падкрэсліў ён. - Аграрная палітыка - найважнейшы элемент, паколькі Расія з'яўляецца асноўным рынкам збыту нашай малочнай і мясной прадукцыі. Адзін з элементаў - стварэнне правіл абмежавання перамяшчэння тавараў паміж нашымі краінамі на дваіх. Мы бачым, што існуючыя правілы Еўразійскага эканамічнага саюза не вельмі спрацоўваюць. Мы ўпэўнены, што ў рамках двойкі мы зможам знайсці такія падыходы, якія будуць справядлівыя з пункту гледжання ацэнкі ветэрынарна-санітарных якасцей прадукцыі, што будзе перамяшчацца ў Расію і Беларусь".

"Што датычыцца суверэнітэту, для мяне здаецца дзіўнай палеміка па гэтай тэме. Незалежнасць была, ёсць і будзе. Дзве краіны ўжо даўно працуюць у рамках Саюзнай дзяржавы і вызначылі прыярытэтам перш за ўсё будаўніцтва эканамічнага падмурка. Да дзвюх дзяржаў вельмі зайздросна ставяцца з боку трэціх краін, сёння мы назіраем агрэсіўны санкцыйны націск на нас і Расію. Лагічна, калі дзве дзяржавы аб'ядноўваюцца ў намаганнях эканамічнага супраціўлення нездаровым трэцім сілам. Размова ідзе выключна аб выбудоўванні эканамічнай моцы дзвюх краін, таму інтэлектуальны патэнцыял, матэрыяльныя рэсурсы, прыродныя магчымасці - важныя элементы, якія трэба аб'ядноўваць, каб супраціўляцца і расці", - звярнуў увагу першы віцэ-прэм'ер.

Мікалай Снапкоў таксама дадаў, што праграма па стварэнні адзінага рынку газу гатова. "У аснове карты - вызначэнне ў наступным годзе адназначных, зразумелых абодвум бакам прынцыпаў і падыходаў функцыянавання аб'яднанага рынку газу. Сёння мы канстатуем, што наша цана на газ лепшая ў параўнанні з усімі краінамі СНД і Еўрапейскім саюзам. Рынак валацільны, таму гэтыя прынцыпы павінны сфарміраваць правільнае рэагаванне цаны ва ўмовах Саюзнай дзяржавы з тым, каб у нас захоўвалася найбольш камфортная цана", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі