Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 ліпеня 2019, 09:50

Сямашка назваў першачарговыя задачы ў адносінах з Расіяй

17 ліпеня, Санкт-Пецярбург /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Праблемы з кампенсацыяй падатковага манеўру, цэнаўтварэннем газу і пастаўкамі беларускай прадукцыі - асноўныя пытанні ў беларуска-расійскіх адносінах, якія падлягаюць вырашэнню. Аб гэтым заявіў 16 ліпеня журналістам пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я назваў бы чатыры праблемы, якія мы павінны вырашыць: кампенсацыя падатковага манеўру, цэнаўтварэнне на газ, прасоўванне нашай мяса-малочнай прадукцыі і прасоўванне прамысловай прадукцыі. Гэта першачарговыя задачы, якія ў рамках ужо дзеючых пагадненняў і Саюзнай дзяржавы, і Еўразійскага эканамічнага саюза мы павінны вырашыць", - сказаў Уладзімір Сямашка.

На думку пасла, Беларусь і Расія здольны значна павялічыць узаемны тавараабарот. Пакуль жа гэты паказчык, нягледзячы на рост, не задавальняе беларускі бок. Па выніках 2018 года краіны нагандлявалі на 9,4 працэнта больш, чым у 2017-м, аднак тавараабарот вырас пераважна на кошт імпарту з Расіі.

"З аднаго боку, выраслі цэны на нафту, на газ, мы цяпер абмяркоўваем гэту тэму. Калі ў нас Саюзная дзяржава, то цэны павінны быць блізкімі, а не так, што для нас цана ў два разы вышэйшая, чым для Смаленскай вобласці. З другога боку, мы павінны больш актыўна прасоўваць сваю прадукцыю, тут віна і нашых вытворцаў, ёсць і пэўныя перашкоды, якія не дазваляюць канкурыраваць як роўныя. Мы гэту тэму ў рамках падрыхтоўкі праграмы рэалізацыі саюзнага дагавора вырашаем, яна адна з ключавых", - дадаў дыпламат.

Уладзімір Сямашка падкрэсліў, Расія была, ёсць і будзе для Беларусі асноўным рынкам. "Гэта ўжо, праўда, не 53-55 працэнтаў у структуры нашага экспарту, як гэта было 10-15 гадоў таму. Гэта 38,8 працэнта па факту мінулага года, але гэта таксама шмат", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі