Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 ліпеня 2021, 15:39

Сямашка: канчатковая мэта інтэграцыйных праграм - забяспечыць стабільны рост дабрабыту грамадзян

12 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Адна з канчатковых мэт пакета праграм па паглыбленні беларуска-расійскай інтэграцыі, які абмяркоўваецца цяпер, - забяспечыць стабільны рост дабрабыту грамадзян. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка ў інтэрв'ю агенцтву "РІА Навіны", паведамляе БЕЛТА.

"Сёння саюзнае будаўніцтва перажывае новы этап свайго развіцця, уздым, - сказаў Уладзімір Сямашка. - Па даручэнні кіраўнікоў дзяржаў урады Беларусі і Расіі падрыхтавалі праект плана дзеянняў па далейшай рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Дакумент ахоплівае практычна ўсе сферы нашага ўзаемадзеяння. Рэалізаваўшы яго, мы будзем мець прынцыпова новы, больш глыбокі фармат інтэграцыі, сканцэнтраваны на развіцці эканамічнага складніка. Адна з яго асаблівасцей - апераджальная пабудова на еўразійскай прасторы адзіных і аб'яднаных рынкаў. А ўвасабляцца ў жыццё план будзе праз рэалізацыю канкрэтных галіновых саюзных праграм па напрамках сумеснай работы".

Паводле слоў дыпламата, пакет інтэграцыйных дакументаў сёння знаходзіцца ў завяршальнай стадыі ўзгаднення. "Наступным этапам стане разгляд яго на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, - паведаміў ён. - Ну а пасля гэтага інтэграцыйны пакет будзе вынесены ўжо на разгляд кіраўнікоў дзяржаў, а менавіта - Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Паводле маіх чаканняў, усе этапы мы павінны прайсці ў гэтым годзе, магчыма, да сярэдзіны восені, каб ужо ў 2022 годзе працаваць у фармаце адзінай эканамічнай платформы Саюзнай дзяржавы".

"Той пакет інтэграцыйных дакументаў, які мы сёння абмяркоўваем, мае дакладныя канчатковыя мэты: умацаванне двухбаковых саюзніцкіх адносін, стварэнне дадатковых умоў для росту эканомік і забеспячэнне стабільнага росту дабрабыту грамадзян, - падкрэсліў Уладзімір Сямашка. - У працэсе далейшага паглыблення інтэграцыі мы асноўную ўвагу ўдзелім пытанням эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін, вырашаючы тым самым і такія важныя для нашых народаў пытанні, як занятасць, узровень даходаў, дабрабыт. А якім менавіта тут будзе рост - у лічбавым, грашовым вымярэнні - зможам падлічыць толькі пасля таго, як праграмы пачнуць працаваць".

Пасол адзначыў, што асаблівае значэнне мае праграма па фарміраванні адзінай прамысловай палітыкі, у рамках якой неабходна правесці своеасаблівую перагрупоўку ўсяго існуючага ў дзвюх краінах прамысловага патэнцыялу, суаднесці яго з рэсурснай і навуковай базай і выпрацаваць дзеянні па далейшым апераджальным развіцці прадпрыемстваў і сумесным выхадзе на рынкі трэціх краін. "А фундаментам адзінай прамысловай палітыкі стане рэалізацыя праграм па фарміраванні аб'яднаных энергетычных рынкаў, - заявіў ён. - Тут мы спадзяёмся на выраўноўванне ўмоў дзейнасці для беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, стварэнне роўных, справядлівых умоў канкурэнцыі".

Дыпламат звярнуў увагу і на праграмы па фарміраванні сумеснай аграрнай палітыкі. "Тут вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням харчовай бяспекі, - адзначыў ён. - Кожны з нас, як спажывец, адчувае на сабе тыя цэнавыя ваганні, якія адбываюцца то ў адной катэгорыі тавараў, то ў другой. Каб пазбегнуць гэтага, мы павінны быць максімальна самадастатковымі ў забеспячэнні сябе прадуктамі харчавання. І што важна - па прымальных цэнах".

"Мы таксама нацэлены выйсці на рэалізацыю ўзгодненай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сферы, забяспечыць далейшыя гарманізацыю і збліжэнне заканадаўства ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва, аховы працы, пенсійнага забеспячэння, яшчэ раз паглядзець на пытанне захавання роўных правоў грамадзян. Наогул, які з напрамкаў паглыблення інтэграцыі ні вазьмі, кожны з іх так ці інакш датычыцца жыцця нашых людзей, зарплат, пенсій, сацыяльных выплат і мер падтрымкі", - рэзюмаваў Уладзімір Сямашка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі