Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
14 кастрычніка 2019, 09:00

"Сядзець і нічога не рабіць няма сэнсу" - Макей аб актуальнасці беларускай ініцыятывы па РСМД

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ініцыятыва аб неабходнасці прыняцця дэкларацыі адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе з'яўляецца своечасовай і знаходзіць падтрымку сярод замежных калег. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, гэта ініцыятыва, агучаная Прэзідэнтам Беларусі, з'яўляецца вельмі своечасовай і канструктыўнай на цяперашнім турбулентным этапе. "Пасля таго, як яна была агучана, назіраецца пэўны інтарэс. Цікавіліся і падыходзілі шэраг калег і ў ААН, гаварылі, што гэта своечасовая ініцыятыва і вельмі важная. Паглядзім, як далей будзе развівацца сітуацыя. Таму што, на наш погляд, сядзець у гэты час, нічога не рабіць і чакаць, пакуль закончыцца гэты этап канфрантацыі, няма сэнсу. І рэзультату не будзе ніякага", - заявіў Уладзімір Макей.

Ён лічыць, што патрэбны прапановы, якія дапамаглі б зняць напружанасць, нават калі яны на першы погляд будуць здавацца незвычайнымі, як гэта было ў свой час з шэрагам ініцыятыў, накіраваных на раззбраенне, забеспячэнне большага міру і бяспекі. "Да іх таксама спачатку ставіліся з недаверам. Таму трэба нешта рабіць, прапаноўваць рэчы, што дапамогуць нам спыніць той перыяд канфрантацыі, які мы сёння назіраем", - падкрэсліў міністр.

Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на саміце СНД 11 кастрычніка ў Ашхабадзе адзначыў, што прыняцце названай дэкларацыі стала б важным крокам у зніжэнні напружанасці, аднаўленні даверу і ўмацаванні міжнароднай бяспекі. "Пасля спынення дзеяння адпаведнага дагавора становіцца вельмі верагодным з'яўленне такіх узбраенняў у еўрапейскай частцы кантынента. А гэта непазбежна прыводзіць да пагрозы новага вітка ваеннай канфрантацыі", - лічыць беларускі лідар.

Беларусь як паўнапраўная ўдзельніца ДРСМД не выходзіла з яго і ў далейшым не мае намеру гэтага рабіць, калі не будзе пагроз бяспецы краіны, запэўніў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вітаў агучаную беларускім бокам прапанову.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі