ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 7 лютага 2023
Мінск -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
14 кастрычніка 2022, 18:52

"Шчырая была размова". Падрабязнасці і асноўныя вынікі саміту СНД у Астане

14 кастрычніка, Астана /Кар. БЕЛТА/. У Астане завяршыўся саміт Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Лідары краін, уключаючы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, правялі змястоўную дыскусію, абмеркаваўшы шырокае кола пытанняў як унутры СНД, так і ў разрэзе міжнароднага парадку дня. Па выніках саміту быў прыняты шэраг рашэнняў і падпісаны пагадненні аб развіцці супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў розных сферах, паведамляе БЕЛТА.

"Шчырая была размова. Усе вострыя праблемы, якія, на жаль, прысутнічаюць на прасторы Садружнасці, таксама былі закрануты. Але адчувалася агульнае жаданне, я хацеў бы асабліва адзначыць, гэтыя вострыя праблемы вырашыць. Заклікі з боку ўсіх кіраўнікоў дэлегацый былі накіраваны на тое, каб максімальна актывізаваць шматбаковы, двухбаковы дыялог з мэтай урэгулявання існуючых канфліктаў на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў і дасягнуць міру і згоды", - падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі мерапрыемства старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.

Акрамя таго, ні адзін з кіраўнікоў дзяржаў не паставіў пад сумненне неабходнасць захавання і далейшага развіцця СНД. "Наадварот, усе падкрэслівалі значнасць тых прапаноў, якія былі выказаны", - заявіў кіраўнік выканкама.

На парадку дня саміту было больш за паўтара дзясятка пытанняў. Традыцыйна ў пачатку работы савета ў вузкім фармаце ўдзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі па актуальных праблемах Садружнасі Незалежных Дзяржаў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў з перасцярогай аб тым, што націск і правакацыі па ўсім перыметры СНД будуць толькі ўзмацняцца.

"На жаль, тое, аб чым мы так доўга гаварылі на працягу многіх гадоў, здзейснілася, стала рэальнасцю. Супраць усіх нас развязана сапраўдная гібрыдная вайна. І Украіна тут толькі прычына. Задумы асобных краін па рэваншы за прайграныя кампаніі мінулага стагоддзя выношваліся даўно, пачынаючы, як вядома, з першых дзён пасля перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а можа, і раней", - сказаў беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што ў шэрагу выпадкаў партнёры па СНД не праяўляюць неабходнай узаемнай падтрымкі, а прынцыповыя нацыянальныя пазіцыі па-ранейшаму стрымліваюць эфектыўнае сумеснае процідзеянне санкцыйнаму націску Захаду.

Разам з тым, Прэзідэнт лічыць, што ў Садружнасці ёсць усё, каб максімальна знізіць залежнасць краін ад агульнасусветных узрушэнняў і недружалюбных крокаў агрэсіўна настроеных дзяржаў. "Трэба толькі гэтымі магчымасцямі ўмела скарыстацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прадаўжэнне паўнамоцтваў Сяргея Лебедзева і павышэнне да генеральнага сакратара

Яшчэ адным пытаннем для абмеркавання ў вузкім складзе стала прадаўжэнне паўнамоцтваў Сяргея Лебедзева на пасадзе старшыні Выканкама СНД на чарговы трохгадовы тэрмін.

Адпаведнае рашэнне было прынята, але плюс да таго лідары краін згадзіліся з прапановай Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева аб тым, каб з 2023 года перайменаваць пасаду, якую займае Сяргей Лебедзеў, са старшыні Выканкама СНД - выканаўчага сакратара на генеральнага сакратара СНД.

На пасяджэнні савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім складзе Прэзідэнт Казахстана растлумачыў сваю прапанову тым, што такім чынам павысіцца агульны статус Садружнасці. Тым больш што нядаўна было прынята рашэнне аб перайменаванні адпаведнай пасады генеральнага сакратара НУМДА, а раней – генеральнага сакратара ШАС.

Зразумела, спатрэбіцца юрыдычна аформіць прынятае рашэнне, унесці папраўкі ў шэраг дакументаў, на што спатрэбіцца некаторы час.

Касым-Жамарт Такаеў ад імя ўсіх кіраўнікоў дзяржаў падзякаваў выканаўчаму сакратару за яго паспяховую работу, прасякнутую адданасцю даручанай справе. "А тут яшчэ адкрылася перспектыва стаць генеральным сакратаром", - з гумарам адказаў Сяргей Лебедзеў.

Пазней на пасяджэнні савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у пашыраным фармаце Касым-Жамарт Такаеў, гаворачы аб выніках сустрэчы ў вузкім фармаце, не згадаў пра перайменаванне пасады выканаўчага сакратара. Аб неабходнасці гэта зрабіць яму нагадаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: "Мы ж амаль генеральнага сакратара выбралі, а вы не аб'явілі". На гэту заўвагу Прэзідэнт Казахстана праінфармаваў усіх удзельнікаў аб рашэнні, прынятым кіраўнікамі дзяржаў.

Старшынства ў СНД

У вузкім складзе быў разгледжаны і шэраг арганізацыйных пытанняў. Так, было прынята рашэнне ў адпаведнасці з ратацыяй у 2023 годзе перадаць старшынства ў СНД Кыргызстану. Як растлумачыў на саміце выканаўчы сакратар Сяргей Лебедзеў, сустаршынстваваць у наступным годзе павінны былі Казахстан і Малдова. "Аднак у сувязі з тым, што Рэспубліка Малдова ўстрымліваецца ад сустаршынства ў СНД у наступным годзе (мы атрымалі адпаведную ноту), прапануецца сустаршынства сумесна з Рэспублікай Казахстан у Садружнасці ў 2023 годзе даручыць Расійскай Федэрацыі", - агучыў прапанову старшыня Выканкама СНД. Кіраўнікі дзяржаў не пярэчылі.

Кіраўнікі дзяржаў таксама прынялі рашэнне, што чарговае пасяджэнне савета кіраўнікоў дзяржаў СНД плануецца правесці 13 кастрычніка 2023 года ў Бішкеку.

Антыкрызісная сіла парламентарыяў Садружнасці і "Поезд Памяці" ў маштабах СНД

У шырокім складзе лідары краін на саміце абмеркавалі пытанне аб ролі Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД у развіцці Садружнасці.

"Парламентарыі Садружнасці - гэта магутная з'яднаная каманда, а з улікам сённяшніх рэалій - антыкрызісная сіла", - падкрэсліла ў сваім выступленні старшыня Савета МПА СНД, старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянціна Мацвіенка. Паводле яе слоў, асаблівая ўвага ўдзяляецца збліжэнню, гарманізацыі і ўдасканаленню прававых норм. Ужо за час работы МПА прынята больш за 600 мадэльных дакументаў - кодэксаў, законаў. Амаль 80 працэнтаў гэтых норм так ці інакш імплементаваны ў нацыянальныя заканадаўствы дзяржаў СНД. "Гэта змястоўныя дакументы, накіраваныя на паляпшэнне жыцця грамадзян і развіццё шматпланавага супрацоўніцтва", - сказала старшыня Савета МПА СНД.

Асамблея таксама аказвае падтрымку рэалізацыі зацверджаных на вышэйшым узроўні рашэнняў Садружнасці, удзельнічае ў назіранні за электаральнымі працэсамі і аказвае метадычную падтрымку.

МПА актыўна ўключана і ў пытанні з моладдзю. Адным з пазітыўных прыкладаў такога супрацоўніцтва стала правядзенне ў 2022 годзе патрыятычнай акцыі "Поезд Памяці", у якой прынялі ўдзел маладыя людзі з Беларусі і Расіі. Валянціна Мацвіенка прапанавала падключыцца да ініцыятывы і іншых краін Садружнасці, а ў 2025 годзе ў час 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне рэалізаваць акцыю з удзелам усіх краін СНД.

Актывізацыя работы над праектам аб свабодным гандлі паслугамі

У мэтах паглыблення гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на прасторы СНД прынята рашэнне аб актывізацыі работы над праектам пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, заснаванні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый.

Пачатак перагавораў па праекце гэтага пагаднення пакладзены ў лістападзе 2012 года. За гэты час праведзена 40 пасяджэнняў спецыяльна створанай рабочай групы і 5 рабочых сустрэч экспертаў. У верасні бягучага года рашэннем Эканамічнага савета СНД праект пагаднення ў цэлым адобраны. На завяршальнай стадыі знаходзіцца работа па ўзгадненні дадаткаў, якія змяшчаюць індывідуальныя пералікі абавязацельстваў дзяржаў-удзельніц і вызначаюць умовы доступу на рынак паслуг усіх бакоў пагаднення. Дакумент вельмі важны для Садружнасці. Асноўная яго мэта - забеспячэнне ўстойлівага развіцця зоны свабоднага гандлю паслугамі і таварамі, улічваючы іх непарыўную сувязь, а таксама стварэнне больш спрыяльных умоў для далейшага росту эканомікі дзяржаў - удзельніц СНД.

Культурна-гуманітарная сфера і тэматычныя гады ў СНД

На саміце прынята рашэнне аб'явіць у СНД 2024 год Годам валанцёрскага руху; 2025-ы - Годам 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне - Годам Міру і Адзінства ў барацьбе з нацызмам"; 2026-ы год - Годам аховы здароўя.

Па традыцыі вызначаны і чарговы горад, якому нададзены статус культурнай сталіцы СНД. Кіраўнікі дзяржаў падтрымалі ініцыятыву Расіі аб аб'яўленні ў 2023 годзе Санкт-Пецярбурга культурнай сталіцай Садружнасці.

Савет падтрымаў ініцыятыву Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева аб стварэнні пад эгідай СНД міжнароднай арганізацыі па падтрымцы і пашырэнні рускай мовы. "Гэта асабліва актуальна ва ўмовах татальнай русафобіі, якая штучна насаджваецца цяпер у шэрагу краін", - адзначаў раней Сяргей Лебедзеў.

Члены Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД па ініцыятыве Казахстана прынялі заяву аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы культуры. Яшчэ адна заява - аб супрацоўніцтве ў кліматычнай сферы.

На пасяджэнні таксама прынята рашэнне аб рэалізацыі ў 2024 годзе міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці" ў Расійскай Федэрацыі. Кіраўнікі дзяржаў падтрымалі ініцыятыву надзяліць у названым годзе такім статусам горад Санкт-Пецярбург.

У мэтах умацавання супрацоўніцтва ў сферы правоў і свабод чалавека прынята новае палажэнне аб Камісіі па правах чалавека СНД.

Падпісана таксама пагадненне аб утварэнні Кансультатыўнага савета кіраўнікоў выбарчых органаў дзяржаў - удзельніц СНД.

Гульні дружбы і чэмпіянат па шахматах

Кіраўнікі дзяржаў падтрымалі ініцыятыву аб арганізацыі ў Садружнасці спартыўных Гульняў дружбы і даручылі выканкаму прапрацаваць гэта пытанне. Прапанова правесці Гульні дружбы прагучала ад Прэзідэнта Туркменістана Сердара Бердымухамедава. На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім складзе Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ініцыятыву падтрымаў: "Добрая ідэя. Гуманітарная такая рэч".

Зайшла размова аб тым, як суаднесці новыя Гульні з Гульнямі краін СНД, якія нядаўна былі заснаваны і ўпершыню прайшлі ў 2021 годзе ў Казані, а ў 2023 годзе пройдуць другі раз у Беларусі. "Трэба выканкаму (СНД. - Заўвага БЕЛТА) заняцца гэтым пытаннем з улікам прапановы Сердара, у яго добрая прапанова", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

На ўсеагульную думку, спартыўныя спаборніцтвы варта арганізаваць на ратацыйнай аснове, па аналогіі з Алімпійскімі гульнямі і чэмпіянатамі свету, каб яны не праходзілі паралельна. "Трэба праводзіць і тое, і другое. Вы праводзілі зімовыя Азіяцкія гульні, у вас база шыкоўная ў гэтым плане. Алімпійскія гульні ў Сочы прайшлі. Чаго не праводзіць (Гульні дружбы. - Заўвага БЕЛТА)? - сказаў беларускі лідар. - Можна пашырыць, зрабіць адкрытымі. Хто хоча - прыязджайце, выступайце".

"У прынцыпе, добрая ідэя, думаю, мы ўсе згодзімся", - адрэагаваў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Ён таксама нагадаў, што раней былі і іншыя ініцыятывы для падтрымкі спартыўных і гуманітарных сфер. У прыватнасці, выказвалася прапанова аб правядзенні ў СНД кінафестывалю з уручэннем галоўнага прыза - нейкага свайго "Оскара", аб прысуджэнні прэміі СНД у галіне навукі з грашовым прызам.

Лідар Узбекістана агучваў ініцыятыву аб арганізацыі чэмпіянату СНД па шахматах, на што ўсе кіраўнікі дзяржаў заўважылі: "Гэта добрая справа, можна прапрацаваць".

"Арганізатарам у гэтым выпадку Беларусь аказалася (Гульняў СНД. - Заўвага БЕЛТА). Мы з выканкамам прапрацуем і ў якой-небудзь форме прадставім вам прапановы. А як далей будзем дзейнічаць - вырашым у Кыргызстане (на наступным саміце СНД у кастрычніку 2023 года. - Заўвага БЕЛТА)", - запэўніў калег кіраўнік беларускай дзяржавы.

Узаемадзеянне ў сферы бяспекі і процідзеяння карупцыі

Асобная ўвага на саміце была ўдзелена пытанням узаемадзеяння ў галіне бяспекі.

Кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі праграму супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам на 2023-2025 гады.

Асобна таксама варта вылучыць падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве ў процідзеянні карупцыі. "Дакумент па процідзеянні карупцыі ўжо, напэўна, гадоў 10 распрацоўваўся. Нарэшце ён гатовы і будзе вынесены на разгляд кіраўнікоў дзяржаў", - расказаў у Астане журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Дакумент будзе адкрыты не толькі для далучэння краін Садружнасці, але і любой іншай дзяржавы, якая падзяляе мэты і прынцыпы пагаднення. Супрацоўніцтва плануецца ажыццяўляць праз кампетэнтныя органы. Неабходнае садзейнічанне ім акажа Міждзяржаўны савет па процідзеянні карупцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі