Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 мая 2021, 14:17

Сергяенка: новы закон аб дзяржслужбе прадугледжвае ўзмацненне адказнасці чыноўнікаў

6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы закон аб дзяржаўнай службе, які цяпер дапрацоўваецца для разгляду ў другім чытанні, прадугледжвае не ўвядзенне дадатковых ільгот і прэферэнцый, а ўзмацненне адказнасці дзяржслужачых. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка па выніках нарады па пытаннях удасканалення заканадаўства аб дзяржаўнай службе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не трэба думаць, што сутнасць (законапраекта. - Заўвага БЕЛТА) зводзіцца датаго, што ён будзе даваць нейкія прэферэнцыі або льготы. У большай ступені павышаецца патрабавальнасць да дзяржаўных служачых", - звярнуў увагу Ігар Сергяенка. Сярод асноўных задач, якія павінна вырашыць прыняцце новага закона, ён назваў павышэнне эфектыўнасці работы дзяржаўных органаў, якасці падбору на работу ў дзяржорганы і прэстыжу дзяржслужбы.

Чакаецца, што ўсё заканадаўства аб дзяржслужбе будзе сістэматызавана. Плануецца ўвесці тры віды дзяржслужбы: дзяржаўная грамадзянская, ваенная і служба ў ваенізаваных арганізацыях (напрыклад у МУС, МНС, СК і гэтак далей). "Закладваюцца агульныя прынцыпы і патрабаванні да дзяржаўных служачых. Уніфікуюцца падыходы, звязаныя з вызначэннем класнасці, званняў, чыноў. Уводзяцца і новыя патрабаванні, накіраваныя на павышэнне патрабаванняў да людзей, якія будуць працаваць на дзяржаўнай службе, па прыкладзе ваеннай службы, - адзначыў Ігар Сергяенка. - Уводзіцца ацэнка эфектыўнасці дзяржаўнага служачага".

Плануецца таксама ўвесці правілы службовай этыкі. "У разрозненым выглядзе гэтыя патрабаванні сёння існуюць, бо закон ствараўся не на роўным месцы - у ім развіваюцца тыя традыцыі, нормы, якія закладзены ў дзеючым законе. Тым не менш правілы службовай этыкі будуць выразна рэгламентаваны, як і паводзіны не толькі на службе, але і ў нерабочы час - як сябе паводзіць, у тым ліку і як узаемадзейнічаць са сродкамі масавай інфармацыі ў рамках сваёй службовай дзейнасці. Дзяржаўны служачы павінен быць прыкладам для ўсіх грамадзян нашай краіны", - растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Што датычыцца сацыяльна-прававых гарантый, то, паводле слоў Ігара Сергяенкі, фундаментальных змяненняў у гэтай частцы не плануецца. Аднак некаторыя навацыі будуць датычыцца вылічэння стажу дзяржаўнай службы. Напрыклад, для тых, хто прыйдзе на дзяржслужбу, прапрацаваўшы шэраг гадоў у кіраўніцтве сельгаспрадпрыемстваў, іншых арганізацый, стаж работы на ранейшай пасадзе будзе часткова залічвацца ў стаж работы на дзяржслужбе. "Не сакрэт, што да нас прыходзяць на работу патрыятычныя, адданыя людзі ва ўзросце 40 гадоў і больш, прапрацаваўшы кіраўнікамі арганізацый, і да выхаду ў адстаўку ў іх не набіраецца стаж дзяржслужбы. Вось такія тэхнічныя тонкасці ў новым законе будуць улічаны", - растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ён звярнуў увагу на тое, што работа над законапраектам аб дзяржслужбе будзе прадоўжана і сярод парламентарыяў, і на ўзроўні экспертнай супольнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі