ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 23 студзеня 2020
Мінск Пераменная воблачнасць -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 снежня 2019, 15:10

Сенатары выбралі Наталлю Качанаву старшынёй Савета Рэспублікі

Наталля Качанава
Наталля Качанава

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання выбрана Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кандыдатуру Наталлі Качанавай падтрымалі 59 з 60 сенатараў, якія прымалі ўдзел у галасаванні.

Наталля Качанава падзякавала членам Савета Рэспублікі за аказаны давер. Са свайго боку яна запэўніла, што зробіць усё неабходнае, каб дзейнасць верхняй палаты парламента была эфектыўнай.

Адказваючы на пытанні журналістаў, новы спікер адзначыла, што адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Савета Рэспублікі застанецца работа з выбаршчыкамі. "Праблемы, якія хвалююць людзей, будуць актуальныя і для нас. Мы будзем імі займацца", - падкрэсліла яна.

Акрамя таго, новы склад верхняй палаты парламента прадоўжыць развіваць супрацоўніцтва на міжнародных парламенцкіх пляцоўках.

Раней член Савета Рэспублікі Дзмітрый Дзямідаў, прапануючы кандыдатуру Наталлі Качанавай, адзначыў яе прафесіяналізм, паспяховасць як кіраўніка. Ён падкрэсліў, што старшыня Савета Рэспублікі павінен валодаць высокім аўтарытэтам, вопытам, сістэмным дзяржаўным мысленнем.

Наталля Качанава нарадзілася ў 1960 годзе ў Полацку Віцебскай вобласці. У 1982 годзе скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут, а ў 2006-м - Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

У 1982-2007 гадах працавала на полацкім прадпрыемстве "Водаканал", у КУП "Жыллёва-камунальная гаспадарка Полацка", курыравала сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі на розных пасадах у Полацкім гарвыканкаме.

У 2007-2014 гадах Наталля Качанава кіравала Наваполацкім гарвыканкамам. У 2014-2016 гадах займала пасаду намесніка прэм'ер-міністра.

Са снежня 2016 года была кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі