Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 красавіка 2021, 11:18

Савіных: візіт Прэзідэнта ў Баку стане адным з самых прадукцыйных за апошнія гады

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт кіраўніка дзяржавы ў Азербайджан стане адным з самых прадукцыйных за апошнія гады. Упэўненасць у гэтым газеце "СБ. Беларусь сегодня" выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, паведамляе БЕЛТА.

"Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Баку, на мой погляд, стане адным з самых прадукцыйных візітаў на вышэйшым узроўні за апошнія гады. Упэўнены, што ў бліжэйшы час мы ўбачым актыўнае развіццё ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках, у тым ліку ў сферы прамысловай кааперацыі, навукі і адукацыі. Да ўжо сфарміраваных напрамкаў нашага партнёрства дабавіцца сумесная дзейнасць у галіне развіцця электратранспарту, - адзначыў парламентарый і звярнуў увагу на тры новыя аспекты перагавораў. - Па-першае, Азербайджан запрашае беларускі бок да ўдзелу ў праграмах аднаўлення Нагорнага Карабаха. Прычым рабіцца гэта будзе на аснове ўнікальнага беларускага вопыту па стварэнні аграпрамысловых комплексаў, якія добра зарэкамендавалі сябе ў нашай краіне і за мяжой. Другі элемент - намаганні Беларусі па прыцягненні Азербайджана да больш цеснага ўзаемадзеяння з Еўразійскім эканамічным саюзам. Безумоўна, у бліжэйшыя месяцы мы ўбачым больш цесную работу Азербайджана на пляцоўках ЕАЭС і Мытнага саюза".

Таксама Андрэй Савіных адзначыў прапанову Прэзідэнта Ільхама Аліева аб магчымым удзеле Беларусі ва ўрэгуляванні рознагалоссяў і ўмацаванні ўзаемадзеяння паміж Азербайджанам і Арменіяй. "Гэта важны новы элемент. Беларусь як краіна з міралюбівай знешняй палітыкай, якая будуе свае адносіны з партнёрамі на прынцыпах добрасуседства і ўзаемаразумення, сапраўды можа ўнесці істотны ўклад у развіццё кантактаў паміж Азербайджанам і Арменіяй, што ў канчатковым выніку стане асновай трывалага міру ў Закаўказзі", - рэзюмаваў дэпутат.

З гэтым сцвярджэннем згодны і аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. "Беларускі лідар дакладна разумее сваю гістарычную ролю, у першую чаргу звязаную з неабходнасцю забеспячэння міру і згоды на постсавецкай прасторы. Таму пытанні, якія датычацца ўрэгулявання сітуацыі, што ўзнікла паміж Азербайджанам і Арменіяй, і пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, павышэння дабрабыту народаў сталі ў ходзе перагавораў ключавымі", - лічыць эксперт.

Паводле яго слоў, гэтым візітам Аляксандр Лукашэнка кардынальным чынам памяняў інфармацыйны парадак дня апошніх месяцаў і нават цэлага года. "Таму што пандэмія прывяла да таго, што ў большасці выпадкаў ніхто з кіраўнікоў дзяржаў адзін да аднаго не ездзіў, былі толькі кароткія візіты прадстаўнікоў тых ці іншых ведамстваў. А цяперашні візіт, з аднаго боку, адкрыў важны этап у актыўнай міратворчай дзейнасці, з другога - у эканамічнай. Беларусь з ідэямі развіцця эканамічных базісаў, кааперацыі дэманструе новы фармат дыпламатыі будучага. Постпандэмійнага будучага. У нас няма часу для палітыкі двайных стандартаў, замоўчвання і гульні на пэўных сімвалах, - падкрэсліў Аляксей Аўдонін. - Цяпер трэба актыўна працаваць, гаварыць аб тых ці іншых праблемах і аб'ектыўна фарміраваць мэты і задачы ў эканоміцы, знешнепалітычнай, сацыяльнай, культурнай сферах, якія далі б нам магчымасць выкарыстаць існуючы час па максімуме і дабіцца найвышэйшага выніку. Ад лідараў дзяржаў, асабліва ў постпандэмійны перыяд, насельніцтва чакае яркіх крокаў і вынікаў, у першую чаргу эканамічных, якія павышалі б узровень жыцця. Гэта актуальна і для Беларусі, і для нашых братоў і сясцёр па Савецкім Саюзе".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі