Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
03 лістапада 2021, 17:03

Савіных: важна данесці да еўрапейскіх парламентарыяў праўду аб міграцыйным крызісе

3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 3-4 лістапада прымуць удзел у асеннім пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі. Сёння старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных прымае ўдзел у пасяджэнні Пастаяннага камітэта, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння пачала работу асенняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Для нас асаблівы інтарэс уяўляюць дыскусіі ў рамках Пастаяннага камітэта і Парламенцкай канферэнцыі. Перш за ўсё мы ўзнімаем пытанні ўзаемаадносін Беларусі з АБСЕ і Еўрапейскім саюзам. Без усялякага сумнення вельмі важна данесці да еўрапейскіх парламентарыяў праўду аб міграцыйным крызісе. Перш за ўсё мы гаворым аб тым, што мігранты, трапляючы на тэрыторыі Польшчы і Літвы, аказваюцца ў вельмі складаным становішчы, іх правы парушаюцца. Мы хочам данесці гэту інфармацыю да ўсіх парламентарыяў рэгіёна АБСЕ. Гэта важна яшчэ і таму, што наша пазіцыя цалкам супадае з пазіцыяй Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і нават Еўрапейскага суда па правах чалавека", - сказаў Андрэй Савіных.

Паводле яго слоў, размова таксама пойдзе аб росце ваеннай напружанасці. "Мы адзначаем канцэнтраванне значнай колькасці ваенных падраздзяленняў краін НАТА каля нашай граніцы. Лічым гэта неапраўданым і залішнім. Рэспубліка Беларусь заўсёды была донарам ваеннай бяспекі і празрыстасці. Спадзяёмся, што нашы партнёры пачуюць нас і мы разам будзем працаваць перш за ўсё на ўмацаванне даверу ў еўрапейскім рэгіёне, - адзначыў дэпутат. - Асаблівую ўвагу важна ўдзяліць інфармацыі аб ходзе канстытуцыйнай і палітычнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь. Справа ў тым, што мы бачым, як парламентарыі атрымліваюць інфармацыю не проста з недакладных, а на самай справе лжывых крыніц, якія абсалютна ў скажоным святле паказваюць сітуацыю ў Беларусі. Цяпер асаблівая сітуацыя, на мой погляд. Сумленная, адкрытая размова значна важнейшая за любыя падыходы паліткарэктнасці. Гэта наш прынцып работы на сённяшняй асенняй сесіі".

Андрэй Савіных дадаў, што ПА АБСЕ - гэта пляцоўка перш за ўсё для шырокага абмену думкамі. "І яна дае магчымасць данесці нашу пазіцыю да шырокага кола палітыкаў у Еўропе. Іншае пытанне - ці захочуць яны пачуць нас. Гэта пытанне, якое застаецца адкрытым. Але тым не менш мы сваю пазыцыю агучым ясна, дакладна і зразумела. Я хачу сказаць, што, вядома, вялікая колькасць людзей дэманструе вельмі тэндэнцыйныя і палітычна матываваныя паводзіны. Тым не менш таксама значная колькасць парламентарыяў відавочна спачуваюць сітуацыі, у якой апынулася Рэспубліка Беларусь. Менавіта праз іх мы хочам дастукацца да простых грамадзян ЕС, чыё меркаванне таксама важна і адыгрывае ролю", - канстатаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі